Шыльда свабоды
Менск, плошча імя Якуба Коласа
У Дзень Волі 25 сакавіка 2000 году на гэтай плошчы ўлады ўжылі вайсковую тэхніку, сабак, вялікія сілы спэцслужбаў і міліцыі для жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі. Былі зьбітыя і арыштаваныя каля 500 чалавек, улучна з журналістамі і замежнымі дыпляматамі. На плошчы імя Якуба Коласа рэгулярна адбываліся шматлюдныя акцыі пратэсту супраць дыктатуры і ў абарону незалежнасьці Беларусі.
У Дзень Волі 25 сакавіка 2000 году на гэтай плошчы ўлады ўжылі вайсковую тэхніку, сабак, вялікія сілы спэцслужбаў і міліцыі для жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі. Былі зьбітыя і арыштаваныя каля 500 чалавек, улучна з журналістамі і замежнымі дыпляматамі. На плошчы імя Якуба Коласа рэгулярна адбываліся шматлюдныя акцыі пратэсту супраць дыктатуры і ў абарону незалежнасьці Беларусі.
У тэатар ваенных дзеяньняў супраць уласнага народу ў дзень нацыянальнага сьвята рэжым пераўтварыў плошчу імя Якуба Коласа. Камандаваў на полі бою сам міністар унутраных спраў Юры Сівакоў.
На вачах камандзіра падначаленыя стараліся. Білі ўсіх без разбору — мужчын, жанчын, падлеткаў, замежных дыпляматаў, журналістаў. Разьбівалі відэа- і фотакамэры, дыктафоны. Людзей кідалі ў машыны і зноў білі й зьневажалі. Успамінае актывіст «Хартыі-97» Мікола Халезін:
«Тады адбыўся вельмі сьмешны эпізод з Крыстофэрам Панікам, які працаваў у місіі АБСЭ. Калі яго ўкінулі ў машыну, ён сказаў: «У мяне недатыкальнасьць. Я дыплямат». Адзін зь міліцыянтаў яму адказаў: «Яна ў цябе была, пакуль я цябе не затрымаў».
Бел-чырвона-белыя сьцягі ўзьвіваліся на вялікай плошчы то ў адным месцы, то ў іншым. Безьліч жаўнераў, міліцыянтаў, кадэбістаў не маглі зь імі справіцца. Пад пераможныя воклічы «Жыве Беларусь!» скрозь заслоны міліцыі людзі прабіваліся па вуліцы Веры Харужай у бок вуліцы Кульман. Там на аўтастанцыі каля 10 тысяч чалавек і правялі сьвяточны мітынг.
У эфіры Радыё Свабода карэспандэнтка Любоў Лунёва, якая таксама была затрыманая і якой разьбілі дыктафон, падводзіла вынікі Дня Волі-2000:
«Падчас зачысткі на плошчы Якуба Коласа вайскоўцы зьбілі і затрымалі каля пяцісот чалавек. Большасьць гэтых людзей, у тым ліку журналісты, назіральнікі і іншаземцы, трапілі на стадыён вайсковай базы. Журналістаў было затрымана больш як 30 чалавек».
Беларусы, француз, славак, расейцы разам пераможна сьпявалі беларускія песьні ў вялізным ангары на вуліцы Маякоўскага.
Тым часам карцінкі, якія перадавалі зь Менску ўсе найбуйнейшыя замежныя тэлекампаніі, прывялі сьвет у шок. Разгубленая беларуская ўлада бліжэй да вечара пачала выпускаць журналістаў, дыпляматаў. А міліцыянты ўсё яшчэ працягвалі свае зачысткі па дварах гораду.
На наступны дзень улады афіцыйна выбачыліся перад журналістамі. Суды выносілі пераважна апраўдальныя прысуды.
Дзень Волі 25 сакавіка 2000 году стаў днём ганьбы рэжыму і маральнай перамогі нацыянальна-дэмакратычнай супольнасьці.