Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск, вуліца Леніна, 28. “Cіні дом”


“Сіні дом” у 2009 годзе перафарбавалі ў белы колер
“Сіні дом” у 2009 годзе перафарбавалі ў белы колер
Шыльда свабоды
Віцебск, вуліца Леніна, 28
Насупраць гэтага дома з 1992 году рэгулярна ладзяцца пікеты ў абарону дэмакратыі і свабоды.
Усё пачалося зімой 1992 году, калі Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня арганізавала збор подпісаў за яго роспуск. Тады група віцебскіх дэмакратычных актывістаў, сярод якіх былі Ўладзімер Плешчанка і Барыс Хамайда, пачала зьбіраць подпісы насупраць гэтак званага “Сіняга дома” па вуліцы Леніна, 28. Скрыжаваньне тут вельмі люднае, гэта месца перасадак грамадзкага транспарту ў цэнтры гораду.

Пасьля ж антыканстытуцыйных рэфэрэндумаў Аляксандра Лукашэнкі пікеты Плешчанкі і Хамайды ля “Сіняга дома” сталі рэгулярнымі, ладзіліся амаль штодня. Тут жа яны, а да эміграцыі зь імі быў яшчэ адзін віцебскі актывіст — Юры Мароз, распаўсюджвалі незалежную прэсу, апазыцыйныя ўлёткі. Натуральна, іх затрымлівалі і штрафавалі паводле сумнавядомага прэзыдэнцкага ўказу № 5, — кажа Барыс Хамайда:

“Калі ў мяне пытаюцца, колькі разоў цябе забіралі, я адказваю — за дзьвесьце, можа. Былі гады, што забіралі амаль кожны дзень. Пад’едуць, у машыну, калі не было машыны — праз мост пешшу вадзілі наўпрост у пастарунак, тут мэтраў шэсьцьсот-семсот, і складалі пратакол. “Сіні дом” — гэта, скажам так, віцебскі Майдан Уладзімера Плешчанкі і Барыса Хамайды. Вось ужо тры гады, як Плешчанкі няма (памёр у 2006 годзе — В.Р.), і я тут адзін стаю… Такая ўпартасьць у мяне, магчыма, ад Бога, ці ад маці. Мяне забіралі, а я зноў прыходзіў, стаяў, мяне зноў забіралі, і я зноў вяртаўся, стаяў. І так на працягу шмат гадоў”.

Аднойчы ў 1997 годзе Барыс Хамайда выйшаў у пікет з зусім бяскрыўдным плякатам: “Беларусь. Незалежнасьць. Вясна”. Прыехалі міліцыянты, забралі, судзілі, далі штраф — тры мільёны рублёў. У 2008 годзе ён тут далучыўся да акцыі напісаньня агульнанацыянальнай дыктоўкі:

“Паставіў стол, да яго прымацаваў плякат “Першая беларуская нацыянальная дыктоўка” і пачаў пісаць пад магнітафонны запіс тэксту. Прыехалі міліцыянты. Падпалкоўнік пытаецца: “Што вы тут робіце?” Я кажу: “Дыктоўку пішу”. Ён тады мне кажа: “Калі вам будуць перашкаджаць, вы нам патэлефануйце”. Ну, думаю, гэта ўжо крок наперад”.

Калі міліцыянты, судзьдзі ў яго пыталіся, чаму не зьвяртаецца па дазвол на правядзеньне пікету ў гарвыканкам, Барыс Хамайда ўпарта адказваў, што пасьля антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году ў краіне няма легітымнай улады.

Увогуле Хамайда мае дваццацігадовы стаж змаганьня — з 18 студзеня 1990 году, калі стаў сустаршынёй створанага ў Віцебску гарадзкога клюбу “За дэмакратычныя выбары”.

Барыс Хамайда ўзгадвае, што на пачатку 1990-х гадоў у Віцебску на дэманстрацыі і мітынгі супраць камунізму і за незалежнасьць Беларусі выходзілі тысячы людзей. Цяпер хіба толькі ягоныя пікеты ды дзёрзкія акцыі легендарнага Мірона нагадваюць людзям пра свабоду. А “Сіні дом”, які ў 2009 годзе перафарбавалі ў белы колер, стаў сымбалем змаганьня за яе.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG