Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВНУ — студэнтам, казармы — салдатам!


Як падало напярэдадні агенцтва “Інтэрфакс”, міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў, прадстаўляючы ў Палаце прадстаўнікоў новы законапраект “Аб статусе вайскоўцаў”, выступіў зь ініцыятывай часова спыняць навучаньне студэнтаў у цывільных ВНУ на час вайсковай службы. У абаронным ведамстве сьцьвярджаюць, што пытаньне адтэрміноўкі ваеннаабавязаных кіруецца зусім іншым законам, які ў парлямэнце не абмяркоўваўся.

Выступаючы перад дэпутатамі, міністр Леанід Мальцаў, апроч намеру выкараніць у войску сяброўства ў палітычных партыях (чамусьці толькі апазыцыйных, што выклікала ў грамадзтве шмат шуму), паводле некаторых СМІ, прапанаваў пазбавіць студэнтаў права на адтэрміноўку ад прызыву. Такая практыка была звычайнай за савецкім часам — бальшыня маладых людзей вымушана кідалі вучобу і пасьля першага ці другога курсу, у залежнасьці ад узросту, на два-тры гады выпраўляліся ў Савецкую армію.

Між тым, прадстаўнік абароннага ведамства Вячаслаў Раменьчык кажа, што рэакцыя на выступ генэрала Мальцава перабольшаная. А трактаваньне некаторымі СМІ заяваў наконт скасаваньня адтэрміновак называе некарэктным:
ня ведаю, адкуль “Інтэрфакс” ...

“Я ўвогуле ня ведаю, адкуль “Інтэрфакс” узяў такую інфармацыю. Міністар абароны ўчора выступаў у парлямэнце адносна новага закону “Аб статусе ваеннаслужачых”. І ўсё. А пытаньні адтэрміноўкі ад прызыву, як і пытаньні аб прызыве на вайсковую службу, вызначаныя законам “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе”. А гэты закон учора ў парлямэнце не разглядаўся ўвогуле”.

Сам жа спадар Мальцаў, выступаючы з парлямэнцкай трыбуны, сказаў літаральна наступнае:

“Забарона ваеннаслужачым тэрміновай вайсковай службы на навучаньне ў цывільных установах, якія забясьпечваюць атрыманьне сярэдняй, спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі. І іншыя абмежаваньні для ваеннаслужачых, вызначаных артыкулам 17-ым закону Рэспублікі Беларусь аб барацьбе з карупцыяй”.

Як тлумачаць спэцыялісты, маецца на ўвазе перадусім забарона на завочную ці дыстанцыйную форму навучаньня салдатаў тэрміновай службы, так бы мовіць, “без адрыву ад вытворчасьці”.

Аднак калі кіраўніцтва Мінабароны ўсё ж захоча ўзяць на ўзбраеньне савецкі досьвед і скасуе адтэрміноўкі студэнтам на час стацыянарнага навучаньня? Экс-прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Паўлаў лічыць, што такія захады абсалютна нямэтазгодныя:

“Чарговае глупства, калі чалавека прымусяць перапыніць навучаньне. Што ж у гэтым добрага? Калі чалавек на 1,5 года перапыняе навучаньне, то ўсё за гэты час з галавы выветрыцца — і зноў з нуля пачынаць? Курс закончыць, возьме акадэмічны адпачынак, пойдзе з другога курсу. І ў выніку — за гэты час забудзецца, што было на першым курсе... Я ўвогуле не разумею, каму патрэбная ў Беларусі такая армія? Напасьці на кагосьці з такім войскам мы ня можам. І абараніцца самастойна ні ад каго ня здолеем. Нам патрэбна армія ў 20 тысяч чалавек, а такіх добраахвотнікаў мы заўсёды можам знайсьці — для парадаў ці для нейкіх надзвычайных сытуацый”.



Законапраект “Аб статусе ваеннаслужачых”, агучаны напярэдадні ў Палаце прадстаўнікоў, фармальна мае статус прапановы. У першым чытаньні дакумэнт прыняты без абмеркаваньня. Але законапраект яшчэ мусіць быць зацьверджаны дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у другім чытаньні, потым яго будуць разглядаць дэпутаты верхняй палаты — Савету Рэспублікі. Толькі пасьля гэтага свой вэрдыкт мусіць абвесьціць Аляксандар Лукашэнка. На думку экспэртаў, у выніку — закон калі і набудзе сілу, то не раней наступнага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG