Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвярамі “малочнай вайны” сталі 5 дырэктараў


“Малочная вайна” з Расеяй прывяла ня толькі да фінансавых стратаў вытворцаў малочнай прадукцыі, але й да страты пасадаў шэрагам кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Савет Міністраў абавязаў аблвыканкамы звольніць ад 15 ліпеня з пасадаў дырэктараў акцыянэрных таварыстваў “Акцябрскі завод сухога абястлушчанага малака”, “Аршанскі малочны камбінат”, “Быхаўмалако”, “Слуцкі сыраробчы камбінат”, “Слонімскі мясакамбінат”.

І ў Слуцку, і ў Акцябрскім, і ў Быхаве кіраўнікі малочных прадпрыемстваў былі сёньня на сваіх працоўных месцах.

Дырэктар акцыянэрнага таварыства “Акцябрскі завод сухога абястлушчанага малака” Міхаіл Шайко досыць спакойна паставіўся да ўрадавай інфармацыі наконт уласнага звальненьня:

“Прыйдзе афіцыйная папера — значыць, забяру працоўную кніжку й пайду. Заўсёды лічыў: калі кагосьці прызначаюць на пасаду, то перад гэтым кагосьці звальняюць.
Ня ведаю, што думаюць астатнія, але для мяне прынцып адбору кіраўнікоў для пакараньня незразумелы. Чамусьці ўсе — акцыянэрныя таварыствы.
Ня ведаю, што думаюць астатнія, але для мяне прынцып адбору кіраўнікоў для пакараньня незразумелы. Чамусьці ўсе — акцыянэрныя таварыствы. Чамусьці ўсё прадстаўлена так, што мы самыя злосныя парушальнікі”.

Дырэктар апавёў, што на складзе на пачатку месяца знаходзілася 237 тон сухога малака. Гэта сапраўды перавышае яго месячную вытворчасьць. Але трэба ўлічыць, што ў гэтых складзкіх запасах — 60 тон сухога малака, якое вернута з расейскай мяжы пасьля пачатку “малочнай вайны”:

“Машыны нашыя стаялі на мяжы — іх вярнулі. Дазвол на аднаўленьне паставак у Расею мы атрымалі толькі 1 ліпеня. Натуральна, прадукцыя засталася”.

Прадаць больш прадукцыі на ўнутраным рынку было немагчыма, бо ўведзены квоты.

Летась, калі рэалізацыяй актыўна займалася міністэрства, запасы сухога малака на складзе ў Акцябрскім сягалі да 500 тон — у два разы больш. І нічога.

Прадпрыемства ня мела мажлівасьці прадаваць сваю прадукцыю й ва Ўкраіну — тамтэйшыя пакупнікі прапаноўвалі меншыя цэны, чымсьці расейскія. Кіраўніцтва цалкам маглі абвінаваціць у нанясеньні фінансавай шкоды прадпрыемству.

Што да якасьці малочнай прадукцыі, і найперш наяўнасьці ў ёй антыбіётыкаў, то вытворцы ў Акцябрскім укладаліся ў расейскія нормы.

Але знайсьці мінімальнае ўтрыманьне антыбіётыкаў у сухім малацэ ці ў масьле і цяпер не ўяўляецца магчымым — бракуе сучаснай апаратуры:

“З антыбіётыкамі мы актыўна ваюем, пачынаючы зь лютага. Працуем з прэпаратамі-тэстамі, уведзенымі яшчэ ў 2007 годзе. Тое, што не выяўляе тэст, можна выявіць дакладна сучаснай апаратурай, ужо на іншым узроўні. Беларусь яе набыла, але яна пакуль, падаецца, яшчэ не ўсталявана. Расея купіла гэтае абсталяваньне раней і наяўнасьць антыбіётыкаў правярае на гэтым абсталяваньні”.

Дырэктар ААТ “Быхаўмалако” Мікалай Казюлька наогул адрынуў усялякія абвінавачваньні на адрас свайго прадпрыемства — і наконт росту рэшты гатовай прадукцыі, і наконт высокай стратнасьці яе рэалізацыі:

“Што напісана — не пацьвярджаецца. У нас нічога такога няма. Можаце нават у наш „Мясамалпрам“ патэлефанаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG