Швэцыя будзе прыкладаць вялікія намаганьні, каб дыялёг і кантакты паміж Беларусьсю і Эўразьвязам працягваліся і надалей. Пра гэта сёньня заявіў амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Ягоная прэсавая канфэрэнцыя прысьвячалася таму, што ад 1 ліпеня Швэцыя будзе старшыняваць у Эўразьвязе.
Усю прэсавую канфэрэнцыю Стэфан Эрыксан правёў на беларускай мове. На самым пачатку ён вызначыў асноўныя прыярытэты швэдзкага кіраўніцтва. Гэта — эканоміка, занятасьць насельніцтва і навакольнае асяродзьдзе. “Вельмі важнымі” назваў дыплямат і дачыненьні з краінамі-суседзямі Эўразьвязу:
“І таму мы будзем працягваць працу над разьвіцьцём эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. І тут асаблівую ўвагу будзем аддаваць праграме „Ўсходняе партнэрства“. Мы хацелі б паскараць і кансалідаваць гэты працэс праз новае шматбаковае супрацоўніцтва, якое існуе, праз асацыяцыі, празь перамовы аб свабодным гандлі і празь іншыя крокі, якія б паляпшалі рух людзей празь мяжу”.
У праграме “Ўсходняе партнэрства” амбасадар Эрыксан асобна вылучыў Беларусь:
“І, канечне, Беларусь. Мы будзем працаваць, каб працягваўся дыялёг паміж ЭЗ і Беларусьсю. Мы лічым, што важна правесьці такі дыялёг і з прадстаўнікамі ўлады, і таксама з грамадзянскай супольнасьцю”.
Амбасадар некалькі разоў падкрэсьліў, што пасьпяховасьць такога дыялёгу найперш залежыць ад крокаў беларускіх уладаў. Менавіта пра гэта будзе ісьці гаворка ў рамках працы Швэцыі. Ужо на 27 ліпеня заплянавана сустрэча ў Брусэлі так званай “тройкі” зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. А 7 сьнежня ў Брусэлі адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў краінаў “Усходняга партнэрства”.
І хаця швэдаў часам называюць прагматыкамі, “для нас такія паняцьці, як дэмакратыя і правы чалавека, — зусім не пустыя словы”, — казаў сёньня Стэфан Эрыксан.
Палітоляг Дзяніс Мельянцоў прагназуе:
“Швэды разам з палякамі прапанавалі “Ўсходняе партнэрства”. І яны адказваюць за гэтую праграму. Таму яны вымушаныя будуць аддаваць увагу разьвіцьцю “Ўсходняга партнэрства”.
Зь іншага боку, у той праграме, якую прадставіў да свайго старшынства швэдзкі ўрад, “Усходняе партнэрства” не займае першага месца. Хутчэй швэдзкае кіраваньне будзе сфакусаванае на канчатковай ратыфікацыі Лісабонскай дамовы, паглыбленьні эўрапейскай інтэграцыі і выхадзе з эканамічнага крызісу.
І яшчэ адзін нюанс — швэды заўсёды падтрымлівалі правы чалавека. І рабілі гэта больш пасьлядоўна за іншыя краіны ЭЗ. Таму варта чакаць большай абумоўленасьці палітыкі Эўразьвязу што да Беларусі і ў пэўнай ступені вяртаньня да пакрокавай стратэгіі з выстаўленьнем палітычных патрабаваньняў да беларускага ўраду“.
Журналісты запыталі, як ставіцца спадар Эрыксан да намеру закрыць беларускую службу Радыё Швэцыі. Амбасадар назваў гэта “сумнай навіною”:
“На жаль, заўжды не хапае грошай на ўсё, што хочаш рабіць. Раней мы зачынілі вяшчаньне і на эстонскай мове, і на латыскай, і на літоўскай. А цяпер — і на беларускай. Шкада, канечне. Але гэта рашэньне арганізацыі, якая кіруе радыё. І больш да гэтага мне цяжка нешта дадаць”