Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У крызіс скарачаецца колькасьць фундатараў






Сіроты Молчадзкай школы-інтэрнату Баранавіцкага раёну шчыра радуюцца падарункам ад прадпрымальнікаў.
У Беларусі ў час крызісу скарачаецца дабрачынная дапамога тым, хто ў патрэбе. Паводле дадзеных міністэрства юстыцыі, сёлета не працуе практычна кожны другі з раней зарэгістраваных грамадзкіх фондаў. Характэрны прыклад — спыненьне ў гарадах і раёнах Беларусі дзейнасьці больш як 50-ці філіяў дабрачыннага Фонду дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы.

Сёньня карэспандэнты “Свабоды” ў рэгіёнах высьвятлялі прычыны скарачэньня колькасьці фундатараў.

МАГІЛЁЎ
“Якая дапамога, калі заробак няма чым плаціць?!”

Прыватныя арганізацыі Магілёва ўсё менш ахвотна фундуюць мерапрыемствы дабрачынных аб’яднаньняў. Прычынаў дзьве: крызіс і адсутнасьць заканадаўчай базы, якая дазваляла б бізнэсоўцам без засьцярогі займацца мэцэнацтвам.

Кіраўнік магілёўскага дабрачыннага аб’яднаньня інвалідаў-вазочнікаў Алег Юркоў арганізаваў мноства мерапрыемстваў. Суразмоўца кажа, што шукаць сродкі для іх было заўжды няпроста, а цяперашні фінансавы крызіс яшчэ болей ускладніў гэтую працу.

“Цяжэй стала знайсьці падтрымку ў нейкіх прыватных структурах. Тыя, хто год таму быў на ўздыме, цяпер мне кажуць: пра якую дапамогу гаворка — заробак няма чым плаціць. Дапамога ж аказваецца з прыбытку. Паспрабуй зьвярнуцца да нас восеньню — можа, мы вам тады дапаможам”.

З дапамогі цяпер трэба плаціць падаткі.
Суразмоўца адзначае: у Беларусі няма закону “Аб дабрачыннасьці”, які б стымуляваў мэцэнацтва:

“Так, як гэта робіцца ў іншых краінах. Калі аказваецца спонсарская дапамога, то за яе ня трэба плаціць падаткаў і за гэта ня будуць перасьледаваць. Спонсары самі кажуць: вось мы вам дапамаглі, а да нас тады прыехалі й кажуць — „А што вы такія заможныя, грошы шмат, што дапамагаеце інвалідам?“ І пачынаюць капаць пад іх”.

У спадара Юркова пытаюся: “Ці дапамагае дзяржава ў такім разе?”

“Дапамога ёсьць, аднак яна абмежаваная. Калі частку сродкаў дае дзяржава — пяцьдзясят ці семдзесят працэнтаў — то неабходна знайсьці грошы, якіх нестае: на прызы, альбо пражываньне, і гэтак далей”.

Самі бізнэсоўцы пра сваю дабрачыннасьць кажуць няшмат. “Дапамогу аказваем, але нерэгулярна, бо няма грошы”.

Магілёўскі экспэрт у пытаньнях разьвіцьця няўрадавых арганізацыяў Ігар Шары зазначае: успрыняцьце людзьмі дабрачыннасьці папсаванае ўладай.

“Крызіс адбіваецца на аб’ёмах дабрачынных унёскаў, але тое, што няма традыцыяў у народзе дабрачыннасьці — гэта яшчэ большая праблема. Калі нібыта дабрачынныя грошы зьбіралі на пабудову бібліятэкі нацыянальнай, то дабрачыннасьць такая выглядала нацягнутай, штучна зробленай”.

ГОРАДНЯ

Дзіцячы хосьпіс існуе толькі на дабрачынныя сродкі

На Гарадзеншчыне ў крызіс таксама зьменшылася колькасьць фундатараў. Тым ня менш ёсьць тут і павучальныя прыклады.

У Зэльвенскім раённым Цэнтры карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі зараз папраўляюць сваё здароўе 4 дзіцяці зь цяжкімі парушэньнямі разьвіцьця (хвароба Даўна, ДЦП). 30 дзеткам аказваецца комплексная карэкцыйная дапамога.

Няма адказаў на лісты аб дапамозе да Дня абароны дзяцей.
Акрамя гэтага, у раёне налічваецца 278 дзетак з асаблівасьцямі псыхічнага разьвіцьця, 72 дзіцяці-інваліды, якія знаходзяцца пад наглядам спэцыялістаў Цэнтру.

Зэльвенскі цэнтар утрымліваецца на бюджэтныя сродкі, але заўсёды добра дапамагалі й фундатары, якіх з пачаткам крызісу паменела — распавядае мне намесьніца дырэктара, спадарыня Сьвятлана.

Спадарыня: “Стала складаней. Мы вось ужо лісты фундатарам напісалі, бо 1 чэрвеня Дзень абароны дзяцей, дык яны сказалі чакаць, і пакуль няма адказу”.

Спадарыня Сьвятлана распавядае, што, нягледзячы на крызіс, іхнай установе дапамог прыватны прадпрымальнік спадар Макей: даў сродкі на добры рамонт.

А вось Слонімскі дзіцячы хосьпіс існуе толькі на ахвяраваньні дабрачынных арганізацый і прыватных асобаў. Нядаўна наша радыё распавядала пра тое, што арганізацыі нават няма чым заплаціць за камунальныя паслугі.

Каб дапамагчы дзецям, кіраўнікі мусяць прасіць дазволу ў вышэйшага начальства.
Зараз справа трошкі зьмянілася, бо тэму падхапіла тэлебачаньне і пасьля паказу тэлесюжэтаў людзі і асобныя арганізацыі адгукнуліся на закранутыя там праблемы. Кажа кіраўнічка хосьпісу Людміла Назарава:

“Вядома, у прадпрыемстваў з гэтым ёсьць пэўныя праблемы, бо яны павінны яшчэ зьвяртацца ў вышэйстаячыя арганізацыі па дазвол, каб нам дапамагчы. Але ня ўсе гэта хочуць рабіць”.

Спадарыня Назарава кажа, што яны і надалей працягваюць актыўна шукаць фундатараў, бо тых сродкаў, якія ёсьць цяпер на рахунку, хопіць толькі на некалькі месяцаў.

Яшчэ адзін дзіцячы хосьпіс у Горадні таксама дзейнічае непасрэдна на ахвяраваньні фундатараў. Кіраўнічка Вольга Шульга кажа, што працаваць яны пачалі якраз з пачаткам крызісу, і таму ўвесь час даводзіцца сутыкацца з грашовымі праблемамі.

Шульга: “Вядома, калі я зьвяртаюся да буйных прадпрыемстваў — яны дапамагаюць. Сярэдні бізнэс наракае на крызіс — маўляў, вельмі складана. Дый буйныя шматлікія прадпрыемствы адмаўляюць у дапамозе, спасылаючыся на крызіс”.

Карэспандэнт: “А прыватныя асобы дапамагаюць?”

Шульга: “Вельмі мала…”

Камэнтар “Свабоды”

Патлумачыць цяперашнюю сытуацыю ў справе дабрачыннасьці “Свабода” папрасіла баранавіцкага прадпрымальніка і актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Чарнавуса. Сёлета разам зь іншымі прадпрымальнікамі ён двойчы арганізаваў збор адзеньня і ласункаў для дзяцей-сірот, якія выхоўваюцца ў баранавіцкіх школах-інтэрнатах. Але мясцовыя чыноўнікі ўспрынялі гэтую ініцыятыву без энтузіязму.

“Мы бачым, што дзеці вельмі рады нашым падарункам. Яны маюць патрэбу ў гэтым. Але чыноўнікі ўсяляк перашкаджаюць нашай дабрачыннасьці. Яны заяўляюць, што мы перасьледуем палітычныя мэты. І гэтыя ж чыноўнікі прапануюць нам пералічваць грошы. Але мы ўпэўнены, што такую дапамогу чыноўнікі могуць лёгка прысвоіць. Мы лічым, што дапамога павінна трапіць менавіта ў рукі саміх дзяцей”.

Андрэй Белагубаў, Міхал Карневіч, Анатоль Кругавец

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG