У “круглым стале” узялі ўдзел дасьледчыкі Леанід Маракоў, Ігар Кузьняцоў, Якаў Басін, краязнаўца Антон Астаповіч, палітык Вячаслаў Сіўчык, навукоўцы і прадстаўнікі грамадзкасьці.
Старшыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч акрэсьліў мэты пасяджэньня:
“Даць навуковую ацэнку колькасьці ахвяраў камуністычнай ідэалёгіі. Наш круглы стол прымеркаваны да пачатку Нюрнбэргскага суду над фашызмам, які ў гэтыя дні распачаўся ў 45-м годзе. Мы ведаем, што фашызм быў асуджаны за тое, што зьнішчыў каля 19 мільёнаў чалавек у сьвеце. Камунізм, колькасьць ахвяраў якога розныя гісторыкі ацэньваюць ад 80 да 100 мільёнаў, дагэтуль не асуджаны. Камуністычная ідэалёгія пануе ў многіх краінах сьвету. У прыватнасьці ў Беларусі падымаюцца нават такія імёны, якія былі самімі камуністамі праклятыя — Сталіна і Дзяржынскага”.
Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, колькасьць ахвяраў сталінізму ацэньваецца дзесяткамі мільёнаў. У Беларусі было рэпрэсавана ня менш за 60% дарослага насельніцтва. Паводле спадара Кузьняцова, сёньня прыйшоў час даць ацэнку злачыннай дзейнасьці ВКПБ, НКУС і пэрсанальна катам. Ён нагадаў, што 28 кастрычніка на пасяджэньні грамадзкага трыбуналу было агучана абвінаваўчае заключэньне злачынствам сталінізму ў Беларусі. І яно неўзабаве будзе перададзена ў Генэральную пракуратуру. Учора кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што галоўнай сваёй задачай бачыць забесьпячэньне правоў чалавека, заклікае да лібэралізацыі. Дык ці будзе спрыяльным час для асуджэньня сталінізму? Ігар Кузьняцоў адзначыў:
“Мы ўсё гэта рабілі гэтыя 14 гадоў. Калі ўлада сказала пра тое, што яна прызнае каштоўнасьці — правы чалавека, свабоду думкі, то хацелася б, калі сказалі „а“, то каб сказалі і „б“. Дык вось „б“ — гэта прызнаць факт таго, што даказана юрыдычна, злачынствы, учыненыя ў 30—50-ыя гады. Даць магчымасьць грамадзкасьці бесьперашкодна ўшаноўваць памяць, выдаваць кнігі памяці для таго, каб гэта праблема разглядалася ў падручніках гісторыі гэтак жа, як праблема Вялікай Айчыннай вайны. Тым больш, што крывавыя рэпрэсіі, якія былі ў 30—40-ыя гады сувымерныя па многіх населеных пунктах з тым, што рабілі нацысты ў гады акупацыі”.
Удзельнік круглага стала палітык Вячаслаў Сіўчык заклікаў грамадзкасьць ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 29 лістапада ў Курапацкім лесе. Нагадаем, гэтыя акцыі адбываюцца штомесяц са студзеня 2007 года.
Лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч заявіў, што круглы стол праходзіў у рамках моладзевай кампаніі “Камунізм пад трыбунал”. Яе плянавалася завяршыць 8 сьнежня. Аднак з-за таго, што ў гэты дзень прызначаны суд над Аляксандрам Баразенкам, яна будзе перанесена. Зьміцер таксама заклікаў дамагацца дэмантажу помніка Леніну ў Менску.
“Мы будзем рабіць шмат дзеяньняў, акцый для ўзьняцьця гэтай праблемы, каб ужо канечне пры дэмакратычнай уладзе гэтая праблема была вырашана. Бо мы рэалісты, мы разумеем, што цяперашняя ўлада не дэмантуе гэты помнік. Але дыскусія вельмі неабходная, каб потым ужо мы меней гаварылі, а хутчэй дзейнічалі”.