Сямён Печанко год cлужыў у радыётэхнічным палку ў Наваградку. У 2004 годзе, незадоўга да дэмабілізацыі, даслаў у “Нашу Ніву” ліст са сваімі ўражаньнямі ад войска. А напачатку 2005-га пачаў друкаваць у газэце артыкулы, прысьвечаныя моўнай праблеме ў сучасных Узброеных сілах Беларусі. Пры канцы 2007 году матэрыялы, якія друкаваліся цягам паўгода, увайшлі ў кнігу “У беларускім войску: падарунак прызыўніку”. На падставе свайго армейскага досьведу Сямён Печанко не выключае: пры жаданьні вайсковая сыстэма можа паставіць за мэту зьбіць імпэт заўзятага апазыцыянэра:
“Цяжка параўнаць зь іншымі спосабамі ўціску — кшталту хатняй хіміі, але ён дастаткова эфэктыўны. Асабліва калі ўлічыць, што ў іх няма вышэйшай адукацыі і ім давядзецца быць ізаляванымі ад грамадзтва максымальны тэрмін — 1,5 года. Да таго ж у войску любая палітычная дзейнасьць забароненая, акрамя ўступленьня ў афіцыйныя моладзевыя структуры кшталту БРСМ. Уся астатняя дзейнасьць можа прывесьці да крымінальнай адказнасьці. Таму спосаб дастаткова эфэктыўны”.
Аляксандар Лукашэнка неаднаразова рабіў заўвагі кіраўніцтву Міністэрства абароны з нагоды апазыцыянэраў, якія нібыта ўхіляюцца ад вайсковай службы ці плянавых збораў. Аднак цяперашнія актывісты вулічных акцый або яшчэ занадта маладыя для службы, або вучацца ў ВНУ, што дае адтэрміноўку ад прызыву ў войска.
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Дзьмітрыеў паўтара года адслужыў у роце аховы ў Менску. Прызыў палітычна актыўнай моладзі называе невыпадковым. Але ўсё ўрэшце залежыць не ад вайсковага парадку, а ад самога чалавека:
“Па-першае, шмат што залежыць ад самога чалавека. Калі ён жадае застацца ў палітыцы, то і праз 1,5 года ён будзе варты застацца і зноў апынуцца ў гэтым асяродзьдзі. Але ж каб уладам ня мець праблемаў на гэтыя 1,5 года, гэта сапраўды можа быць і як сродак ізаляваньня маладых людзей ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці. Таму, безумоўна, гэта магчыма разглядаць як інструмэнт своеасаблівага ізаляваньня. Але ж калі гэта людзі актыўныя, то яны будуць актыўныя і ў арміі. Канечне, там ня так шмат сродкаў для гэтага. Таму што гэта ўсё ж войска. Але ўсё ж гэта магчыма. Найбольш непрыемным мне падаецца тое, што зараз у ваенкамаце абавязваюць запоўніць фармуляр, у якім трэба напісаць — ці ёсьць ты сябрам нейкай партыі і г.д. І вось гэта мне падаецца сапраўды парушэньнем грамадзянскіх правоў, бо гэта ніякім чынам ня тычыцца майго абавязку служыць у войску”.
Як лічыць цяпер ужо журналіст газэты “Наша Ніва” Сямён Печанко, для армейскага кіраўніцтва ня стане вялікай праблемай стварыць для апазыцыйнага навабранца такія ўмовы праходжаньня службы, пры якіх ён ня будзе мець кантактаў зь іншымі аднадумцамі:
“У прынцыпе сама ўстанова даволі моцна прыціскае. Павінен быць характар моцны ў чалавека, каб працягваць сваю лінію. Там ня тое што рэпрэсіўная машына, але абсалютна свая атмасфэра, свае ўмовы, свае правілы, і можна ў прынцыпе сказаць, што ўмовы там дастатковыя дзеля таго, каб ізаляваць і троху зьбіць імпэт. Шмат што таксама залежыць ад асяродзьдзя. Калі гэтую магчымасьць будуць выкарыстоўваць да канца, то хутчэй за ўсё зробяць так, каб гэтыя маладыя людзі трапілі служыць у поўную ізаляцыю, каб там не было аднадумцаў. І нават могуць праверыць — ці ня будзе сярод іхных аднагодкаў блізкіх у поглядах людзей? Вельмі складана, калі няма нават з кім размаўляць па-беларуску. Бо адчуваньне, што трапляеш як у іншы сьвет”.