У залі суду Цэнтральнага раёну Менску 9 актывістаў, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца пад час акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня. Яшчэ адзін, Андрэй Кім, знаходзіцца ў клетцы. Яго абвінавачваюць і ў пагрозе міліцыянту ў часе разгону акцыі 21 студзеня.
Напачатку судовага паседжаньня абвінавачаныя заявілі хадайніцтва, каб працэс адбываўся на беларускай мове, але судзьдзя Алена Ільіна яго не задаволіла. Яна казала, каб тыя, якія жадаюць, гаварылі па-беларуску. На яе не паўплывалі аргумэнты адвакатаў, якія ўказалі на тое, што сакратарка суду будзе выконваць функцыі перакладчыка, а яна ня мае дастатковай кваліфікацыі.
Аляксандр Мілінкевіч паведаміў у судзе:
“Я называю гэта прававым маразмам, таму што вядома ж, гэта права чалавека. Яно не абмяркоўваецца і павінна быць рэалізавана, бо мы ў судзе. Тое, што гэтае пытаньне яшчэ й дыскутуецца, паказвае, да якога стану даведзена родная мова”.
У першы дзень судовага паседжаньня судзьдзя Алена Ільіна дапытала усіх сьведак з боку абвінавачаньня. Міліцыянты Сяргей Блішчоў, Зьміцер Сірач, Алег Бакаў, Ягор Караваеў, Зьміцер Коршун, Андрэй Панцялееў, Аляксандр Бурчын і Зьміцер Шасьцярукоў давалі супярэчлівыя паказаньні.
Абвінавачаныя задавалі пытаньні сьведкам-міліцыянтам. Ніхто зь іх ня даў адказу на пытаньне, чаму супрацоўнікі ДАІ ня выклікалі спэцназ, а былі ў складзе двух-трох дзясяткаў супраць некалькіх тысяч дэманстрантаў. Супрацоўнікі ДАІ не далі адказу на пытаньне, чаму не забясьпечылі праезд транспарту па іншых, прылеглых да праспэкту Незалежнасьці вуліцах.
Судзьдзя некалькі разоў рабіла заўвагі абвінавачаным за сьмех у залі. Тацяне Цішкевіч, Міхасю Пашкевічу і Алесю Стральцову зрабілі заўвагу з занясеньнем у судовы пратакол.
Судзьдзя пакуль ня вызначылася наконт хадайніцтва, каб дапыталі сьведак, якіх заявілі самі абвінавачаныя. Заўтра ў 10.30 адбудзецца працяг суду.