Шчыракова расказвае, што дапамагло выжыць і захаваць сябе за кратамі і дзеліцца ўражаньнямі пра турэмнікаў.
Глядзець размову на відэа цалкам
0:35 — Уражаньні ад Джона Коўла, які спрычыніўся да яе вызваленьня, а цяпер прызначаны спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусь
4:37 — Зварот да Коўла і сытуацыя пасьля вызваленьня
10:32 — Пасьля затрыманьня сына-падлетка на некалькі тыдняў забіралі ў прытулак. Як гэта было
21:26 — Стаўленьне да палітвязьняў у жаночай калёніі № 4 у Гомлі
24:34 — Сустрэча з былым азэрбайджанскім палітвязьнем: параўнаньне ўмоваў у турмах
35:06 — За якую палітзьняволеную найбольш баліць
36:42 — Які патэнцыял у былых палітвязьняў
39:33 — Што Ларыса Шчыракова думае пра цяперашніх турэмнікаў
Тут фрагмэнты гутаркі
— Мы запісваем гэтае інтэрвію неўзабаве пасьля таго, як Дональд Трамп прызначыў Джона Коўла спэцыяльным пасланьнікам па Беларусі і анансаваў вызваленьне яшчэ 50 палітзьняволеных. Твая першая рэакцыя.
— Неймаверная радасьць. Я вельмі перажываю за ўсіх тых, хто там застаўся, таму што вельмі балюча асэнсоўваць, што абсалютна невінаватыя людзі мусяць сядзець у турме, быць разлучаны са сваімі дзецьмі, са сваімі мужамі, са сваімі сем’ямі. Проста сэрца краваточыць і баліць за тых, хто застаўся.
— Ты бачыла Джона Коўла, калі ён зайшоў у аўтобус, дзе сядзелі палітзьняволеныя. Якое было ўражаньне ад яго?
— Мы сядзелі ў аўтобусе, зайшоў нейкі чалавек, я адразу пачула амэрыканскі варыянт ангельскай мовы. Я сядзела на самым апошнім сядзеньні. Я ўбачыла немаладога чалавека, які казаў, што мы вас вітаем ад імя амэрыканскага ўрада ці народа, і мне вельмі шкада, што вам давялося прайсьці праз усё тое, праз што вы прайшлі, але цяпер усё скончылася і вы свабодныя людзі, я вас вітаю і віншую. Дакладную цытату не памятаю. Гэта так усхвалявала, таму што ўпершыню я тры гады пачула, як да мяне нехта зьвярнуўся з павагай. З глыбокай павагай і са спачуваньнем. Гэта быў вельмі хвалюючы момант. Я бачыла ў некаторых зьняволеных сьлёзы на вачах. І мы адразу пачалі пляскаць. Удзячнасьць перапаўняла нас.
— А як ён на гэта рэагаваў?
— Гэта быў шчымлівы момант, таму што ён бачыў, што перад ім сядзяць такія людзі. Была бачна, што мы не з санаторыя вярнуліся. Калі я зайшла ў аўтобус на беларускай тэрыторыі і ўбачыла хлопцаў, якія там ужо сядзелі, мне вельмі цяжка на іх глядзець.
— У сацыяльных сетках зьявілася гэтае шчымлівае відэа, калі Джон Коўл робіць кароткую прамову, чуваць воплескі людзей. А як вы мяркуеце, хто мог зрабіць відэа? Натуральна, што ў былых палітзьняволеных на той момант ніякіх мабільных тэлефонаў не магло быць.
— Натуральна ня мы. Гэта была стрэсавая сытуацыя, і ўся ўвага, увесь фокус быў на Коўла. Я проста магла не заўважыць нейкага чалавека, які рабіў гэта відэа. Альбо гэты чалавек быў ня ў нашым аўтобусе, а ў іншым аўтобусе, дзе сядзелі іншыя палітзьняволеныя, і там вялася гэта здымка.
— Давайце ўявім, што ў вас, былой палітзьняволенай ёсьць магчымасьць зьвярнуцца да Джона Коўла. Вы выйшлі на свабоду дзякуючы ягоным намаганьням. Што б вы яму сказалі?
— Глыбока паважаны Джона Коўл, дзякуй за тое, што вы робіце, дзякуй за вашы намаганьні. Гэта неверагодна важная справа, якой вы зараз займаецеся. Мы бачылі па тэлевізару вашы перамовы з Лукашэнкам у чэрвені, у інфармацыйным матэрыяле паведамілі, што яны доўжыліся шэсьць гадзінаў. І мы былі перакананы, што частка гэтай размовы была прысьвечана нам. Мы ўсьведамлялі, што вы змагаецеся за нас, што вы дамагаецеся нашага вызваленьня. Гэта было неверагодна. Вы далі нам моцную надзею ці падсілкавалі нашу надзею на вызваленьне. Мы працягвалі сачыць за перамовамі, за ўсім, што вы робіце. Вы нас вельмі моцна падтрымалі маральна і даеце надзею, што мы ўсе выйдзем. Проста зямны паклон і дзякуй за ўсё, што вы робіце, дзякуй, што вы ёсьць.
- Ларыса Шчыракова атрымала ў Гамбургу прэмію для журналістаў «Free media awards» за 2024 год. На сайце прэміі падкрэсьліваецца, што Ларыса стала апорай для незалежных журналістаў Гомельскага рэгіёну і настойліва дамагалася легалізацыі фрыланс-журналістыкі ў Беларусі на міжнародным узроўні. Яна сама стала першай журналісткай-фрылансэрам, якую ў Беларусі аштрафавалі за нібыта «працу на замежныя СМІ». Таксама адзначаецца, што Шчыракова сьмела асьвятляла, як Беларусь спраўлялася з пандэміяй, а таксама пратэсты ў Беларусі. Асудзілі яе на 3,5 года калёніі за тое, што нібыта перадавала інфармацыю «Белсату», а таксама за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Ларысу накіравалі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Пасьля ейнага затрыманьня сына-падлетка на некалькі тыдняў забралі ў прытулак. Гэтымі днямі Ларыса Шчыракова знаходзіцца ў Празе на запрашэньне чэскай арганізацыі Post Bellum — Paměť národa.
Форум