Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова ўкраінцаў нэгатыўна ставяцца да беларусаў, больш за траціну — станоўча


Беларуска-ўкраінская мяжа ў Новай Гуце, архіўнае фота
Беларуска-ўкраінская мяжа ў Новай Гуце, архіўнае фота

Такія зьвесткі прывёў дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч 11 лістапада на 4-м Форуме імя Астроскіх у Львове.

Гэты інстытут у кастрычніку правёў тэлефонныя апытаньні тысячы жыхароў Украіны, перадае «Позірк».

Як ставяцца ўкраінцы да беларусаў

  • «Вельмі дрэнна» — 14,4% (−2,9% у параўнаньні з 2023-м).
  • «Хутчэй дрэнна» — 35,4% рэспандэнтаў (+1,7%).
  • «Хутчэй добра» — 31,9% (+2,2%).
  • «Вельмі добра» — 3,7% (−0,5%).

36,8% украінцаў лічаць, што Беларусь зьяўляецца залежнай ад Расеі дзяржавай і цалкам знаходзіцца пад кантролем Масквы.

24,4% — што Беларусь фактычна акупаваная РФ.

За поўны разрыў адносін зь Менскам выступаюць 26,4% (−22,8%).

За захаваньне адносінаў пры наяўнасьці выгадаў для Ўкраіны — 12,3% (+7,5%).

За адносіны зь беларускай дэмакратычнай апазыцыяй — 35,4% (−3.9%).

З 2022 да 2025 году больш чым на 10% зьнізілася пазнавальнасьць Сьвятланы Ціханоўскай ва Ўкраіне (да 65,9%). Прыкладна на столькі ж у вачах украінцаў павысілася легітымнасьць Лукашэнкі.

Паводле Казакевіча, ва Ўкраіне ў цэлым не валодаюць інфармацыяй пра Беларусь, якая тычыцца беларускіх рэалій або палітыкаў за выключэньнем Лукашэнкі.

«Гэта праблема Беларусі, і без намаганьняў саміх беларусаў тут наўрад ці нешта зьменіцца», — падкрэсьліў ён, адзначыўшы, што беларусы пра ўкраінцаў дасьведчаныя значна лепш за сваіх суседзяў.

Толькі каля 7% украінцаў маюць знаёмых беларусаў, зь якімі падтрымліваюць сувязь.

Яе беларусаў перасьледуюць за падтрымку Ўкраіны

Праваабарончы цэнтар «Вясна» атрымаў пацьверджаньне аб 115 узятых пад варту фігурантах палітычна матываванай справы «Беларускага Гаюна» (маніторынг вайсковай актыўнасьці ў Беларусі, у тым ліку расейскай арміі). Праект «Беларускі Гаюн» быў створаны пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Спыніў працу 7 лютага 2025 году, неўзабаве пасьля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе «зьбіралася інфармацыя ад людзей».

Па стане на травень у Беларусі было ня менш за 220 чалавек, у тым ліку 40 жанчын, асудзілі за салідарнасьць з Украінай, зь іх ня менш за 106 знаходзіліся пад вартай. Паводле зьвестак «Вясны», у лютым і сакавіку 2022 году за антываенныя пратэсты было затрымана больш за 1500 чалавек.

Па стане на люты ў Беларусі мінімум 41 чалавек быў асуджаны за ахвяраваньні на карысьць беларускіх валянтэраў, 30 — за намер ваяваць на баку Ўкраіны, ня менш за 93 — за публікацыю фатаграфій і відэазапісаў расейскай ваеннай тэхнікі.

Форум імя Астроскіх — беларуска-ўкраінская экспэртная плятформа, якую грамадзкія арганізацыі дзьвюх краін праводзяць чацьвёрты раз.

Экспэртная частка праходзіць у Львове 11–12 лістапада, палітычная частка — у Кіеве 14–15 лістапада.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG