Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даручыў Рыжанкову правесьці перамовы зь Літвой наконт мяжы. У Літве гавораць, што на іхную прапанову пакуль не адказалі


На літоўска-беларускай мяжы, архіўны здымак
На літоўска-беларускай мяжы, архіўны здымак

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, распараджэньне аб гэтым ён аддаў 11 лістапада пасьля дакладаў міністра замежных справаў Максіма Рыжанкова, старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Канстанціна Моластава і кіраўніка Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Івана Тэртэля.

Перамовы беларускі бок мае намер правесьці зь «літоўскімі ўпаўнаважанымі асобамі, адказнымі за гэты кірунак». Каардынацыю перамоў даручылі дзяржаўнаму сакратару Савету бясьпекі Аляксандру Вальфовічу.

Пасьля таго, як Літва ўвечары 10 лістапада зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць праезд грузавікоў сваіх кампаній у Літву, міністар унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што адказу пакуль няма.

«Ад саміх беларусаў пакуль няма адказаў. Я размаўляў з камандзірам Дзяржаўнай памежнай службы (ДПС), напісаны запыт з просьбай адкрыць эвакуацыйныя праходы, як мы і прасілі, у двух пунктах. У нас сёньня пакуль няма адказу на гэта», — сказаў міністар журналістам 11 лістапада.

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі Літвы Вільмантас Віткаўскас заявіў у панядзелак, што дзяржава плянуе прыняць дыпляматычныя захады — і паразмаўляць з рэжымам Лукашэнкі.

Што тычыцца Кандратовіча, дык 11 лістапада ён ня здолеў растлумачыць, ці могуць перавозьнікі быць аштрафаваныя з-за таго, што яны павінны плаціць санкцыянаванаму Эўразьвязам беларускаму прадпрыемству «Белмытсэрвіс» за паслугі паркоўкі на пляцоўцы, піша BNS.

«Я задаў гэтае пытаньне нашым службам, яны яго аналізуюць, яны скажуць нам, як гэта можна ацаніць. На маю думку, гэта фактычна вымушаная паркоўка, і ў нашай кампаніі няма іншага выбару, бо такая сытуацыя, калі гаворка ідзе пра аплату канкрэтнай кампаніі», — сказаў міністар журналістам.

Кандратовіч паабяцаў даць канкрэтны адказ наконт згаданага пытаньня ўвечары 11 лістапада.

BNS піша, што Літва 10 лістапада вечарам зноў зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць грузавікам сваіх кампаній уезд у краіну праз часова закрытыя ўрадам памежныя пераходы Меднікі і Салечнікі.

У канцы кастрычніка Літва сутыкнулася зь неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту зь Беларусі паветраных шароў і мэтэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакіданьня цыгарэт. З гэтай прычыны даводзілася шмат разоў прыпыняць працу лётнішча ў Вільні, затрымліваліся і скасоўваліся рэйсы, некаторыя накіроўваліся ў іншыя аэрапорты.

Рэагуючы на гэта, улады Літвы некалькі разоў часова закрывалі пункты пропуску, а 29 кастрычніка ўрад гэтай краіны вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 сьнежня паводле менскага часу) з магчымасьцю падаўжэньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG