У 1999 годзе Дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі № 5 наконт удзелу грамадзянаў у масавых мерапрыемствах ужо быў пераведзены ў Адміністрацыйны кодэкс. Гэта быў артыкул 167’. Яшчэ адзін дадатковы артыкул прадугледжваў адказнасьць за бел-чырвона-белы сьцяг на мітынгу. У міліцэйскіх пратаколах гэта гучала як “выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі”.
Менавіта на Дзень Волі на рагу праспэкта Францішка Скарыны і вуліцы Казлова на даху дома залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. У 1999 годзе адбыўся раскол Беларускага Народнага фронту. Сябры новай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ спрабавалі ўтварыць асобную калёну на праспэкце, але міліцыянты, большасьць якіх была ў цывільным, не далі адбыцца шэсьцю.
Юрась Беленькі прыгадаў, што рашэньне пайсьці на вулічную акцыю ў той год было прынцыповым для сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ.
“Фантастычныя дзеяньні ўладаў, каб спыніць любое выяўленьне духа незалежнасьці, любое з’яўленьне нацыянальнай сымболікі”.
Вясной 1999 году памірае Генадзь Карпенка. Ягоная жонка заяўляе, што яе мужа забілі. 7 траўня зьнік Юры Захаранка. 30 траўня ў падземным пераходзе на станцыі “Няміга” загінулі 53 чалавекі. Апазыцыя заявіла, што скончыўся тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Сабралі подпісы за вылучэньне кандыдатам Міхаіла Чыгіра. У выніку палітыка арыштавалі, а пад крымінальны перасьлед трапілі ўсе члены яго сям’і.
Арыштоўваюць Юрыя Бандажэўскага. 16 верасьня зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Увосень разгон “Маршу Свабоды” і дзьве крымінальныя справы супраць Міколы Статкевіча і Валерыя Шчукіна.
Праз чатыры месяцы людзі пачалі зьбірацца ў Дзень Волі на плошчы Якуба Коласа. Там з раніцы стаялі вадамёты, бронетранспарцёры, узброеныя салдаты з сабакамі. Салдаты ўнутраных войскаў затрымалі 35 замежных і беларускіх журналістаў. Іх адвезьлі ў ангар што на тэрыторыі вайсковай часткі. Шмат каму разьбілі камэры і дыктафоны.
На стадыён вайсковай часткі трапілі дыпляматы і дэпутаты польскага сэйму.
Мікола Халезін прыгадаў, што ў той сытуацыі людзей выратоўваў сьмех.
“Тады адбыўся вельмі сьмешны эпізод з Крыстофэрам Панікам, які працаваў у місіі АБСЭ. Калі яго ўкінулі ў машыну, ён сказаў: “У мяне недатыкальнасьць. Я дыплямат”. Адзін з міліцыянтаў яму адказаў: “Яна ў цябе была, пакуль я цябе не затрымаў”.
Калі ўкінулі ў машыну Крыстафэра Паніку з місіі АБСЭ, ён сказаў: “У мяне недатыкальнасьць. Я дыплямат”. Адзін з міліцыянтаў яму адказаў: “Яна ў цябе была, пакуль я цябе не затрымаў”
“Прыходзіць палкоўнік. “Хто тут прасіў мэдычную дапамогу”. Кажу: “Мне патрэбна”. “А чаму вы размаўляеце са мной па-беларуску. Вы што – фашыст? Што ваш Пазьняк зрабіў для Беларусі?”. Я кажу: “Дзякуючы Пазьняку вы цяпер служыце тут у Беларусі, а не ў Чачні”.
А ён: “Калі Расея загадае, то й у Чачню паедзем!”. Пачаў нешта пра Лукашэнку казаць. А я яму: “Адчапіцеся вы са сваім Лукашэнкам. Ведаеце, як яго называлі дэпутаты?”. Тады ён пабег у пакой, дзе міліцыянты складаюць пратаколы: “Сьледчыя, следчыя, арыштуйце яго, ён прэзыдэнта назваў”... Цікава, што ніводны афіцэр не зрушыўся”.
Кіраваў разгонам тагачасны міністар унутраных спраў Юры Сівакоў. У той дзень у Менску затрымалі больш за чатыры сотні чалавек.
Каля сотні чалавек трапілі ў турму на вуліцы Акрэсьціна за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якую па-сутнасьці ўлады не далі правесьці.
Прапануем Вашай ўвазе з архіваў "Свабоды" фрагмэнт рэпартажу Юрася Карманава пра сьвяткаваньне Дня Волі ў 1999 годзе.
А вось фрагмэнт рэпартажу Любові Лунёвай пра акцыю з нагоды Дня Волі ў 2000 годзе.
Заўтра ў ранішнеім эфіры Свабоды -- пра Дні Волі 2001-2005 гадоў.