Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі ДАІ тлумачаць свае дзеяньні


“Жывы шчыт”, якім скарысталіся супрацоўнікі менскага і абласнога ДАІ для затрыманьня парушальніка хуткаснага рэжыму на трасе Менск-Міклашэвічы, выклікаў рэзананс у грамадзтве.


Неаднойчы дзеяньні міліцыянтаў дарожна-патрульнай службы выклікалі абурэньне грамадзянаў.

Наша карэспандэнтка размаўляла з кіраўнікамі Дзяржаўтаінспэкцыі пра нядаўні інцыдэнт і пра мэтады, якімі карыстаюцца супрацоўнікі ДАІ для затрыманьня парушальнікаў.

Намесьнік кіраўніка ДАІ Беларусі Ігар Ваніцкі паведаміў, што супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі вычарпалі ўсе сродкі для затрыманьня парушальніка і абралі адзіны слушны спосаб.

Нагадаем: увечары 2 сакавіка на 8 кілямэтры трасы Менск-Мікашэвічы супрацоўнікі ДАІ спынілі на чатырох палосах трасы чатыры аўтамабілі і загадалі людзям заставацца ў салёнах. Празь некалькі сэкундаў міліцыянты разьбегліся, і кіроўцы заўважылі, што на вялікай хуткасьці да іх набліжаецца аўтамабіль Volkswagen Golf.

Удар прыпаў на аўтамабіль, у якім знаходзіліся муж з жонкай і трохгадовае дзіця. У выніку аварыі кіроўца-парушальнік з траўмамі дастаўлены ў шпіталь, а кіроўца аўтамабіля атрымаў шматлікія траўмы. Са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ людзі зьвярнуліся ў пракуратуру.

Кіраўнік ДАІ Ігар Ваніцкі паведаміў “Свабодзе”, што супрацоўнікі ДАІ намагаліся спыніць кіроўцу-парушальніка яшчэ на гомельскай трасе. Ён не рэагаваў на каманды і спрабаваў адарвацца ад міліцыянтаў.

Чаму не скарысталі прыстасаваньне “вожык”? Ігар Ваніцкі адказаў:

“А “вожык” — гэта адразу чатыры колы. А адлегласьць паміж калёнай аўтамабіляў, якая рухалася вельмі насычаная ва ўмовах выходнага дня, і аўтамабілем, за якім гналіся, — 500 м. Хуткасьць аўтамабіля — ад 120 да 180 км. Колькі можна праехаць? Яшчэ ня факт, што нашы супрацоўнікі пасьпелі б гэтага “вожыка” расьцягнуць. Гэта з рызыкай для жыцьця было б зроблена. Але яны спрабавалі гэта зрабіць... Калі б я гэтага “вожыка” расьцягнуў перад усёй калёнай, 100%, што нехта б на яго наткнуўся. Утварыўся б затор, і ў людзей быў бы час выйсьці з машыны і паглядзець, што здарылася”.

Карэспандэнтка: “А ці можна было ў такой сытуацыі прастрэліць кола”?

“У дадзеным выпадку немагчыма трапіць зь пісталета, з табэльнай зброі, з “Макарава” ў кола. А калі б мы трапілі ў сустрэчную машыну? Дый ня факт, што на такой хуткасьці праб’е кола”.

Карэспандэнтка: “Чаму ж тады супрацоўнікі ДАІ не перагарадзілі дарогу сваімі службовымі аўтамабілямі”?

“Машына, за якой гналіся, рухалася прыкладна на такой жа адлегласьці да месца сутыкненьня, што й нашы машыны ў сустрэчным напрамку. Адлегласьць паміж імі была аднолькавая. Адзін з супрацоўнікаў пасьпеў выйсьці з машыны, а другі — не”.

Юры Літвін, кіраўнік патрульна-дарожнай службы ДАІ Беларусі, кажа, што інспэктары спадзяваліся на інстынкт самазахаваньня парушальніка. Назіральнікам гэта падалося дзіўным, калі ўлічыць, што самі супрацоўнікі ДАІ сьцьвярджаюць, што кіроўца быў нападпітку. А ў такім стане прытупляюцца ўсе інстынкты.

Час ад часу грамадзтва даведваецца пра тое, як пры спробах затрыманьня гінуць кіроўцы аўтамабіляў і нават іх пасажыры. Прадпрымальнікі гандлёвага цэнтру “Паркінг” яшчэ не забыліся, як супрацоўнікі ДАІ застрэлілі ў Заводзкім раёне іх калегу, які перавысіў хуткасьць і хацеў адарвацца ад інспэктараў.

Быў выпадак, калі супрацоўнік ДАІ страляў па рухавіку, а трапіў у галаву пасажырцы, нявесьце кіроўцы, які не заўважыў, калі яму зрабілі знак спыніцца на вуліцы Запароскай.

Кіраўнікі ДАІ кажуць, што цяпер зброю для затрыманьня ўжываюць ня часта —разоў 10 на год.

“Супрацоўнікі міліцыі праходзяць адпаведныя курсы і ведаюць, куды можна страляць, а куды нельга. Страляюць звычайна ў раён рухавіка. Для гэтага ў нас штомесяц ладзяць страляньні”.

У выпадках, калі ўжываньне зброі для затрыманьня парушальніка прывяло да сьмерці, супрацоўнікаў ДАІ да судовай адказнасьці не прыцягваюць.

Паводле заканадаўства, інспэктары патрульна-дарожнай службы маюць права “ўжываць зброю для спыненьня транспартнага сродку”.

Удзельнікі апошніх масавых вулічных акцый кажуць, што выкарыстаньне супрацоўнікаў ДАІ для разгону дэманстрацыяў — гэта правакацыя з боку ўладаў. Падчас “Эўрапейскага маршу” супрацоўнікі ДАІ з трох машынаў рабілі клін, намагаючыся падзяліць натоўп на дробныя групы. Падчас акцыі 10 студзеня яны патрульнымі машынамі рабілі перашкоды дэманстрантам. А 21 студзеня вялізныя аўтазакі ехалі на натоўп дэманстрантаў, каб выціснуць іх з праезнай часткі на ходнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG