Паводле пацярпелых, каб затрымаць нецьвярозага кіроўцу, міліцыянты стварылі з прыватных аўтамабіляў “жывы шчыт”. Пры гэтым шафёры і пасажыры, сярод якіх была трохгадовая дзяўчынка, заставаліся ў аўтамабілях.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 2 сакавіка на 8-м кілямэтры шашы Менск — Слуцак, каля пасёлку Сеньніца. Жыхарку Менску Алену Калпакову, якая ехала на “Таёце”, спыніў супрацоўнік ДАІ. Але на ўзбочыну зьехаць не дазволіў, а зрабіў знак заставацца на шашы, побач зь іншымі спыненымі аўтамабілямі. Выйсьці таксама не дазволіў:
“Я зразумела, што зараз нешта адбудзецца, калі ўбачыла, як ён пачаў размахваць жазлом і хутка адбег у бок. Я ўчапілася рукамі за руль — і ўсё, моцны ўдар. А калі расплюшчыла вочы, то нос майго аўтамабіля быў каля дзьвярэй “Фольксвагена”.
Гэты “Фольксваген” і быў прычынай інцыдэнту. Пасьля ўдару ён загарэўся і ледзь ня выбухнуў. Калі Алена Калпакова выбралася са сваёй “Таёты”, то ўбачыла на дарозе адну з пасажырак “Фольксвагена”:
“Памятаю, што дзяўчына ў крыві ляжыць на дарозе. У гэтым “Фольксвагене” іх чацьвёра ехала, потым нам сказалі, што яны ўсе былі моцна нападпітку. Казалі, што іх здалёк спынялі, яшчэ пад Слуцкам, але яны ўсё не спыняліся, а ў аўтамабілі зноў выпівалі”.
Так гэта ці не — высьветліць праверка. Паводле пацярпелых, “Фольксвагенам”, які ехаў з хуткасьцю за 150 кілямэтраў, кіраваў нехта Раман Мянцюк. Меру ягонай адказнасьці, магчыма, вызначыць суд. Але Алена Калпакова, а таксама Юры Пашкевіч і Аляксей Берасьнеў, якіх таксама спынілі на дарозе, ня менш абураюцца дзеяньнямі супрацоўнікаў ДАІ. Юры Пашкевіч кажа:
“Яны ня мелі права рабіць з нас шчыт. За 28 хвілін, за якія гэты аўтамабіль даляцеў са Слуцку да Менску, яны маглі паставіць упоперак дарогі вялікі грузавік, або раскінуць стужку з шыпамі, або маглі паставіць свае аўтамабілі, іх было там два! Дзеля гэтага яны і прызначаныя! Але не жывымі ж людзьмі перакрываць дарогу!”
Юры Пашкевіч ехаў з жонкай і трохгадовай дачкой. Кажа, што яны ацалелі цудам. Цяпер ходзяць да дактароў, у тым ліку да псыхіятраў. Пра свой аўтамабіль БМВ, які разьбіты цалкам, Юры проста ня згадвае.
Праваабаронца Вера Страмкоўская, да якой першай зьвярнуліся пацярпелыя, абураецца:
“Аказваецца, жыцьцё чалавека — нішто. Хоць Канстытуцыя наша заяўляе, што жыцьцё чалавека — гэта галоўнае і дзяржава нібыта гарантуе яго ахову”.
Як інцыдэнт камэнтуюць у міліцыі? Начальнік Менскага абласнога ДАІ Мікалай Караткевіч паведаміў журналістам, што ніхто з супрацоўнікаў, якія бралі ўдзел у затрыманьні парушальніка, ад працы не адхілены.
Супрацоўнік прэсавай службы ДАІ Фёдар Гуліцкі сказаў:
“Міністэрства ўнутраных справаў вядзе праверку. Пра вынікі паведамім. А ўвогуле, як у сапраўднасьці ўсё было, а ня так, як піша газэта “Автобизнес-weekly”, сёньня распавядзе нехта з кіраўніцтва ДАІ”.
***
Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі паабяцаў пакараць супрацоўнікаў ДАІ, якія спынілі парушальніка пры дапамозе «жывога шчыта» з машын з людзьмі, калі віна гэтых супрацоўнікаў будзе даказаная. «Усё залежыць ад рашэньня пракуратуры» - сказаў ён.
Паводле міністра, бліжэйшым часам матэрыялы разбору ў межах МЗС будуць перададзеныя ў пракуратуру. Адначасна пракуратура вядзе разбор у сувязі са зваротам грамадзянаў, якія пацярпелі падчас інцыдэнту.
Разам з тым міністар выказаў пэўныя сумневы ў той вэрсіі інцыдэнту, якая распаўсюджаная ў шэрагу СМІ. «Я дапускаю магчымасьць стварэньня менавіта такой сытуацыі, як яна апісаная ў шэрагу СМІ. Але з улікам таго, што адзін з ініцыятараў «зьліву» ў СМІ інфармацыі аб здарэньні з адпаведнай інтэрпрэтацыяй быў былы супрацоўнік МУС, звольнены ў сувязі з дасьледаваньнем адной з карупцыйных спраў, ёсьць падставы не давяраць некаторым сьцьвярджэньням», - заявіў міністар Навумаў.