Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства прамысловасьці зьняпраўдзіла інфармацыю пра зьяўленьне ў Беларусі аўтамабільнай маркі Zubr


Аўтамабіль Zorka, разьмешчаны на сайце. Міністэрства прамысловасьці заяўляе, што ніякай вытворчасьці такіх машынаў у Беларусі не адкрывалі
Аўтамабіль Zorka, разьмешчаны на сайце. Міністэрства прамысловасьці заяўляе, што ніякай вытворчасьці такіх машынаў у Беларусі не адкрывалі

Пакуль няясна, ці гэта махлярская інфармацыя, ці наступствы ўзлому, ці нешта яшчэ. Але ў ведамстве настойваюць: запушчаная ў грамадзтва інфармацыя пра новыя аўтамабілі не адпавядае рэчаіснасьці.

На сайце zorka.zubr-auto.by, які створаны на беларускім дамэне, сьцьвярджаецца, што зборка аўтамабіляў нібыта наладжана на прадпрыемстве «Юнісон» пад Менскам, а лінейка ўключае адразу пяць мадэляў, у тым ліку электрычны красовэр Zorka. Аўтамабілі разьлічаныя на «сучасных, прагрэсіўных мужчынаў і жанчынаў, якія выбіраюць экалягічнасьць, тэхналягічнасьць і камфорт новага пакаленьня». Цана аўтамабіляў ад 59 900 да 84 900 рублёў.

Таксама ўверсе старонкі прапануецца атрымаць крэдыт пад 1,9% на 10 гадоў.

Далей на старонцы прапаноўваецца запісацца на тэставую язду. Сьцьвярджалася, што папярэдні заказ на ўсе мадэлі ўжо адкрыты, а першыя машыны паступяць да прадаўцоў бліжэйшымі месяцамі. Цяпер, як напісана на старонцы, фармуецца буйны склад запасных частак, а сэрвісныя цэнтры рыхтуюць пашыраныя праграмы абслугоўваньня.

У Міністэрстве прамысловасьці паведамілі, што апублікаваная на названым сайце інфармацыя не адпавядае праўдзе і можа ўводзіць у зман.

«Апошнім часам шэраг сродкаў масавай інфармацыі Беларусі распаўсюдзіў непацьверджаную інфармацыю адносна запуску вытворчасьці аўтамабіляў пад кітайскай маркай Zubr на тэрыторыі нашай рэспублікі на пляцоўцы СП ЗАТ „Юнісон“».

Міністэрства прамысловасьці афіцыйна заявіла, што «такая інфармацыя зьяўляецца недакладнай і не адпавядае рэчаіснасьці».

Па стане на сёньня ніводнае прадпрыемства галіны не атрымала ад Мінпраму афіцыйнага дазволу або іншай дазвольнай дакумэнтацыі на вытворчасьць аўтамабіляў маркі Zubr, зазначыла ведамства.

«Мы падкрэсьліваем, што якія-кольвечы публікацыі, якія сьцьвярджаюць адваротнае, зьяўляюцца неабгрунтаванымі і ўводзяць грамадзкасьць у зман. Прыносім прабачэньні нашым грамадзянам і замежным партнэрам за магчымыя нязручнасьці, выкліканыя распаўсюдам няслушнай інфармацыі», — заявілі ў міністэрстве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG