Яму пагражае да 20 гадоў турмы па абвінавачаньні ў замаху на забойства з нацыянальным матывам, пішуць чэскія СМІ
Так паліцыя і пракуратура тлумачылі інцыдэнт, які адбыўся ў сакавіку 2025 года ў Празе. Паводле вэрсіі сьледзтва, Зэманэк тады п’яным ішоў па вуліцы, калі ўбачыў каля прадуктовай крамы двух мужчын — украінца і беларуса, якія размаўлялі па-расейску.
Абвінавачаны палічыў, што гэта ўкраінская мова і пачаў абражаць незнаёмцаў, плюнуўшы ў аднаго зь іх.
Прыяцелі спыталі ў яго, ці зьяўляецца ён нацыяналістам ці расістам. У адказ на гэта Зэманэк пачаў ускідваць руку ў нацысцкім прывітаньні і крычаць «Sieg Heil» і «Heil Hitler», паведамляе чэскі партал Novinky.
Пасьля ён двойчы ўдарыў беларуса і са словамі: «Так, я вас забʼю. Зараз пайду вазьму нож і пісталет», накіраваўся ў свой пакой у інтэрнаце.
Замежнікі перамясьціліся на найбліжэйшую чыгуначную станцыю Praha-Radotín і стаялі на плятформе ў чаканьні цягніка. Зэманэк знайшоў іх і працягнуў крыкіі глват. Пазьней Зэманэк стукнуў нагой аднаго мужчыну, а затым пачаў біць кулакамі другога, выцягнуў складны нож і ўторкнуў яго беларусу ў грудзі на 10 сантымэтраў. Жыцьцё пацярпеламу выратавала апэратыўная дастаўка ў шпіталь і тэрміновая апэрацыя.
Падчас першага судовага паседжаньня абвінавачаны прызнаў факт нападу, але адпрэчыў нацыянальны матыў. Паводле яго слоў, у той вечар ён вяртаўся з футбольнага матча і моцна выпіў (каля 10 кубкаў піва і бутэльку моцнага алькаголю), таму амаль нічога не памятае.
«Мне шкада, што ўсе мы аказаліся тут. Мне шкада, што гэта адбылося. Я адчуваю сябе вінаватым, але ня згодны з прававой кваліфікацыяй», — сказаў Зэманэк.
Ён абверг, што напаў на незнаёмцаў з-за таго, што яны замежнікі, а спускавым мэханізмам канфлікту сталі ўзаемныя абразы.
Адвакат падсуднага далей дапоўніў, што інцыдэнт ня быў замахам на забойства з папярэднім абдумваньнем ці нацыянальным ці этнічным матывам.
«Мой кліент ніколі не меў праблем з законам па расавых ці этнічных прычынах. У яго мноства знаёмых і калегаў сярод замежнікаў, у тым ліку ўкраінцаў», — заявіў абаронца.
Зэманэк прызнаўся, што раней уваходзіў у групоўку фанатаў пражскага футбольнага клюба «Спарта», але катэгарычна адпрэчыў, што мае дачыненьне да фашысцкага ці нацысцкага руху.
Акрамя замаху на забойства Зэманэк абвінавачваецца яшчэ па двух артыкулах — хуліганства і выказваньне сымпатыі да руху, накіраванага на прыгнечаньне правоў і свабод чалавека.
Ён раскаяўся ў зробленым і адправіў ліст з прабачэньнямі пацярпеламу. Той у якасьці кампэнсацыі за прычыненую шкоду патрабуе 340 тысяч крон.
Галоўнае паседжаньне па справе адбудзецца на наступным тыдні.
Форум