Ці ёсьць магчымасьць, што журналіст выйдзе на волю ўжо сёньня?
У прэсавай службе Вярхоўнага суду паведамілі: разглядаць скаргу Аляксандра Зьдзьвіжкова будзе калегія ў складзе трох судзьдзяў, прозьвішчы якіх не назвалі. Паседжаньне пачнецца а палове на дзесятую, публіку і журналістаў у залю не пусьцяць. Гэта патлумачылі тым, што працэс над Аляксандрам Зьдзьвіжковым быў закрытым.
Былога намесьніка рэдактара газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова Менскі гарадзкі суд прызнаў вінаватым у распальваньні рэлігійнай варожасьці і пакараў трыма гадамі зьняволеньня. Прычына – беларускі журналіст перадрукаваў з дацкай газэты карыкатуры на прарока Мухамада. Аляксандр Зьдзьвіжкоў вінаватым сябе не прызнаў, патлумачыў прысуд перасьледам паводле рэлігійных прычын і падаў у Вярхоўны суд скаргу.
Журналіста пакаралі 18-га студзеня, а ўжо праз тры дні выйшаў на волю палітвязень Мікалай Аўтуховіч. За ім вызвалілі Юрыя Лявонава, Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, а на мінулым тыдні з калёніі вярнуўся і былы дэпутат Андрэй Клімаў. Ці ёсьць ў Аляксандра Зьдзьвіжкова шанец сёньня ж папоўніць шэраг былых палітвязьняў?
Лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч такога не выключае:
“Першая прычына ў эканоміцы. Яна патрабуе тэрміновага рэфармаваньня, якое немагчыма без дадатковых сродкаў. Краіне патрэбны сур’ёзныя інвэстыцыі, бо ў нас адсталыя тэхналёгіі, з-за якіх мы ня можам прадаць тое, што вырабляем. Эўропа на гэта кажа: добра, мы зацікаўленыя і ня супраць, але: пункт першы – палітвязьняў ня мусіць быць”.
Ці ёсьць юрыдычная магчымасьць вызваліць Аляксандра Зьдзьвіжкова, які адбыў за кратамі толькі тры месяцы з трохгадовага пакараньня? Паводле былога судзьдзі, вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы, Вярхоўны суд ня проста можа адправіць справу Аляксандра Зьдзьвіжкова на перагляд, але і вызваліць яго з-пад варты празь зьмену прысуду:
“Суд касацыйнай інстанцыі сам можа зьмяніць прысуд і даць пакараньне ніжэй ніжняга ліміту. Такім пакараньнем, прыкладам, могуць быць тры месяцы арышту, якія Зьдзьвіжкоў ужо адбыў. Чуў, што у яго абвастрылася хвароба зроку, вось гэта таксама можа быць падставай для новага прысуду”.
Аднак, ня ўсе падзяляюць аптымізм адносна сёньняшняга суду. Былы рэдактар “Згоды” Аляксей Кароль асьцярожны у прагнозах.
“Спадзяваньні ёсьць, але згадаем, што пакуль ніводная такая скарга адносна палітычна матываваных прысудаў не была задаволеная”.