Аляксандра Зьдзьвіжкова паклалі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у пятніцу, 15 лютага, але пра ягоны дыягназ сваякі ня ведалі. Маці журналіста Ганна Зьдзьвіжкова, якая жыве ў Барысаве, сёньня адмыслова прыехала ў Менск, каб даведацца пра сынаву хваробу. У сам шпіталь жанчыну не пусьцілі. Яна толькі размаўляла з доктарам, які працуе ў нэўралягічным аддзяленьні, куды патрапіў Аляксандар Зьдзьвіжкоў. Маці журналіста кажа, што пасьля гэтай размовы крыху супакоілася.
Аказалася, у яго пагоршыўся зрок.
Калі Аляксандра Зьдзьвіжкова выпішуць са шпіталя? Вось што пра гэта сказаў турэмны доктар:
“У дадзены момант ягоны стан здавальняючы. Па хваробе, у зьвязку зь якой яго да нас накіравалі — гэта прагрэсуючая блізарукасьць — ён абсьледаваны акулістам. Яму правялі курс лячэньня і будуць выпісваць. А пэўных тэрмінаў у рэжымных установах не паведамляюць”.
Сёньня маці Аляксандра Зьдзьвіжкова перадала яму перадачу: харчы, адзеньне, канцылярскія тавары і рэчы асабістай гігіены. Частку гэтай перадачы падрыхтавалі былы рэдактар “Згоды” Аляксей Кароль і ягоны барысаўскі сябар Аляксандар Абрамовіч.
22 лютага ў Вярхоўным судзе Беларусі адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на прысуд, які вынес Аляксандру Зьдзьвіжкову судзьдзя Менскага гарадзкога суду Руслан Аніскевіч. Былы рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль спадзяецца на поўнае апраўданьне або хоць бы замену пакараньня Аляксандру Зьдзьвіжкову на іншае, не зьвязанае са зьняволеньнем:
“Спадзяваньні грунтуюцца на апошніх вызваленьнях палітвязьняў. Хацелася б, каб да трох вызваленых палітвязьняў хутка далучыліся Аляксандар Зьдзьвіжкоў і Аляксандар Казулін”.
Нагадаем, у студзені Аляксандра Зьдзьвіжкова, які два гады таму перадрукаваў у “Згодзе” карыкатуры на прарока Мухамада, прызналі вінаватым у распальваньні рэлігійнай варожасьці і пакаралі 3 гадамі зьняволеньня. На судзе Аляксандар Зьдзьвіжкоў казаў пра перасьлед з рэлігійных прычын. Шмат хто ў Беларусі і сьвеце патрабуе вызваленьня Аляксандра Зьдзьвіжкова як палітычнага зьняволенага.