Бальшыня прадпрыемстваў Беларусі так і не аднавілі працу ў поўным аб’ёме пасьля працяглых калядна-навагодніх сьвятаў.
Першыя дні году азмрочыліся 20-працэнтнай дэвальвацыяй беларускага рубля, што прымусіла банкі на неакрэсьлены час спыніць выдачу новых крэдытаў.
Сусьветны фінансавы крызіс пазбаўляе беларускую прамысловасьць абаротных сродкаў. Большая частка вырабленай прадукцыі з канвэера ідзе наўпрост на склад. У выніку прадпрыемствы ня маюць дастаткова сродкаў на набыцьцё сыравіны, а для кіраўнікоў заводаў дзень выплаты зарплаты ператвараецца ў галаўны боль — пад заробкі даводзіцца браць банкаўскія крэдыты. Агляд эканамічных падзеяў мінулага тыдня.
Практычна штодня павялічваецца колькасьць беларускіх прадпрыемстваў, якія вымушаныя падпарадкоўваць вытворчы працэс хадзе сусьветнага фінансавага крызісу.
Фінансавы крызіс ахоплівае ўсё большую колькасьць прамысловых аб’ектаў, перадусім дзяржаўнай формы ўласнасьці. Найбольш яго наступствы адчуваюцца ў рэгіёнах.