Аляксандар Лукашэнка ўпершыню з пачатку перамоваў паміж Расеяй і ЗША пракамэнтаваў іх уплыў на Беларусь.
«Вы бачыце, як зьмяняецца абстаноўка палітычная, якая вызначала эканоміку ў сувязі з палітыкай ЗША і гэтак далей. Але цешыць сябе ня трэба. Мы ня ведаем, чаго хочуць ЗША», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Паводле яго, ён «абсалютна палыблены ў гэтыя пытаньні».
«Мы ня ведаем, чаго яны будуць патрабаваць ад расейцаў за спыненьне вайны і гэтак далей. Мне здаецца, што яны паспрабуюць цяпер расейцаў сутыкнуць з кітайцамі. Вось гэтага расейцам дапусьціць нельга», — дадаў Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка таксама паразважаў, ці будуць карыснымі для Беларусі расейска-амэрыканскія перамовы.
«Недзе, напэўна, нам на карысьць, недзе наўрад ці, калі туды вернуцца ўсе гэтыя замежныя кампаніі — спачатку амэрыканскія, потым эўрапейскія. Будзе няпроста канкураваць на нашым рыку. Але харчаваньне будзе патрэбна ўсім. Таму краіну страсяніце як належыць», — даў даручэньне Лукашэнка.
Гэтую заяву Аляксандар Лукашэнка зрабіў 21 лютага ў часе наведваньня Менскай вобласьці, дзе праходзіў выязны сэмінар у сельскагаспадарчых пытаньнях.
- 18 лютага ў Эр-Рыядзе прайшлі першыя афіцыйныя перамовы на высокім узроўні паміж Вашынгтонам і Масквой пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Прадстаўнікоў Кіева на перамовы, адной з асноўных тэмаў якіх было спыненьне вайны ва Ўкраіне, не запрасілі.
- Расея і Злучаныя Штаты па выніках перамоваў дамовіліся стварыць групы для перамоваў аб шляху да спыненьня вайны «як мага хутчэй», сказаў дзяржсаратар ЗША Марка Рубіё. Юрый Ушакоў, памочнік Уладзіміра Пуціна ў замежнай палітыцы, пацьвердзіў дамоўленасьць аб перамоўных групах, але сказаў, што «цяжка» абмяркоўваць дату патэнцыйнай сустрэчы Трампа і Пуціна.
- Апроч таго, Расея і ЗША дамовіліся аб аднаўленьні ранейшых маштабаў дзейнасьці дыпляматычных прадстаўніцтваў.
Форум