Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцаў спыталі, як яны ставяцца да Лукашэнкі і розных эўрапейскіх лідэраў. Што яны адказалі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сярод эўрапейскіх лідэраў найбольш пазытыўна ўкраінцы ставяцца да прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона. Горшае, чым да Аляксандра Лукашэнкі, стаўленьне ў іх толькі да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, вынікае з апошняга апытаньня сацыялягічнай групы «Рэйтынг».

Горш за ўсё ва Ўкраіне ставяцца да Ўладзіміра Пуціна (пра пазытыўнае стаўленьне да яго заявілі толькі 1% апытаных), да Аляксандра Лукашэнкі (8%) і прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана (11%).

Раней Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам сярод украінцаў: у 2019 годзе да яго станоўча ставіліся 66% удзельнікаў аналягічнага апытаньня.

Сярод эўрапейскіх лідараў найбольш ытыўнае стаўленьне ва ўкраінцаў да прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона (77%), прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды (72%) і старшыні Эўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен (67%). Больш за палову апытаных станоўча ставяцца да канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца, прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана (па 57%) і прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Кейра Стармэра (56%). Адносіны да большасьці з гэтых кіраўнікоў у параўнаньні зь мінулагоднімі паказчыкамі палепшыліся. Для Макрона і Стармэра гэта самыя высокія паказчыкі пазытыўнага стаўленьня за ўвесь пэрыяд вымярэньняў.

Дзьве траціны ўкраінцаў давяраюць свайму прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму, траціна — не давярае. Пры гэтым са студзеня ўзровень даверу да Зяленскага палепшыўся з 57 да 65%, сьведчаць вынікі апытаньня.

Пра стаўленьне ўкраінцаў да перамоваў аб спыненьні вайны

Таксама вынікі апытаньня паказалі, што ўкраінцы катэгарычна не прымаюць (91% — супраць) перамовы паміж ЗША і Расеяй аб спыненьні вайны без удзелу Украіны і лічаць, што нармалізацыя адносінаў паміж гэтымі краінамі пазытыўная перш за ўсё для Расеі, але шкодная як для Украіны, так і для Эўразьвязу.

Значная частка ўкраінцаў (64%) выступае за прамыя перамовы паміж Украінай і Расеяй, і гэты паказчык дынамічна расьце, а абсалютная большасьць апытаных (81%) лічаць рэальным спосабам спыненьня вайны пошук кампраміснага рашэньня ў перамовах з удзелам іншых краін.

Большасьць апытаных (83%) лічаць, што Ўкраіна павінна пагаджацца на спыненьне агню толькі пры ўмове забесьпячэньня гарантыяў бясьпекі.

  • Апытаньне праводзілі па тэлефоне 20-21 лютага 2025 году сярод насельніцтва Ўкраіны ва ўзросьце ад 18 гадоў ва ўсіх рэгіёнах, акрамя часова акупаваных тэрыторыяў Крыму і Данбасу, а таксама тэрыторыяў, дзе на момант апытаньня адсутнічае ўкраінская мабільная сувязь. Агулам апыталі 1200 чалавек. Адзначаецца, што памылка рэпрэзэнтатыўнасьці дасьледаваньня — ня больш за 2,8%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG