Жыхарка Мазыра (усяго за 40 кілямэтраў ад украінскай мяжы) Ганна Пышнік стала адной з дзясяткаў беларусаў, затрыманых за здымкі расейскай вайсковай тэхнікі ў Беларусі. Прайшоўшы праз тры гады зьняволеньня ў жаночай калоніі, яна цяпер упершыню расказвае сваю гісторыю ў размове з Радыё Свабода.
Ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году ў Беларусі зьявілася новая катэгорыя палітычных вязьняў. Сілавікі пачалі арыштоўваць тых, хто здымаў перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі і перадаваў фота і відэа незалежным СМІ і мэдыярэсурсам. Такія дзеяньні ўлады трактавалі як «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і каралі тэрмінамі да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
У сакавіку 2022 году супрацоўнікі ГУБАЗіК зрабілі аблаву ў Мазыры, мэтай якой было спыніць распаўсюд фота з выявамі расейскіх вайскоўцаў. У выніку арыштавалі 27-гадовую мазыранку Ганну Пышнік. У яе тэлефоне знайшлі фота і відэа расейскай тэхнікі. Суд пакараў Ганну 3 гадамі калёніі. Пасьля адбыцьця пакараньня беларуска выехала ў Польшчу. У размове са Свабодай яна расказала сваю гісторыю.
Сьлед ад ракеты і вайсковыя верталёты над галавой
У лютым 2022 году Ганна Пышнік жыла ў Мазыры. З гэтага палескага гораду 24 лютага пачалося наступленьне расейцаў на Кіеў, адтуль выляталі верталёты і самалёты, па горадзе езьдзіла вайсковая тэхніка, хадзілі расейскія вайскоўцы.
Ганна ўспамінае, што на другі дзень паўнавартаснай вайны, 25 лютага, яна зьняла сьлед ад ракеты, якую запусьцілі зь вёскі Сырод Калінкавіцкага раёну. Праз два дні яна зьняла на відэа вайсковыя гелікоптэры, якія кружылі над Мазыром. Гэтыя здымкі Ганна даслала ў рэдакцыю базаванага ў Польшчы незалежнага тэлеканалу «Белсат» і апазыцыйнага тэлеграм-каналу Nexta. Яна таксама расказвае, што зьняла на відэа, як расейскія верталёты падымаліся з аэрадрому каля вёскі Вялікі Бокаў Мазырскага раёну.
«Там на полі яны запраўляліся і ляцелі далей», — узгадвае Ганна.
23 сакавіка сяброў жанчыны, якія таксама жылі ў Мазыры, затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК зь Менску. Яна сама пасьпела пачысьціць тэлефон. Аднак калі сілавікі прыйшлі па яе, то выявілася, што не да канца.
«Калі яны аглядалі тэлефон і ўбачылі перапіску з Nexta, то сказалі адразу, што мяне пасадзяць. Я тады ўжо зразумела, што дахаты я не вярнуся», — расказвае Ганна.
Яе сябры ў выніку атрымалі адміністрацыйнае пакараньне. Яна і Крысьціна Чаранкова трапілі пад крымінальны перасьлед (цяпер абедзьве на свабодзе, адбылі цалкам увесь тэрмін. — РС). Крысьціну абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі, Ганну — у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Ім прысудзілі 2,5 і 3 гады пазбаўленьня волі адпаведна.
Ганна вызвалілася ў лістападзе 2024 году. Прыехаўшы да бабулі ў вёску Вялікі Бокаў, яна заўважыла, што расейскія вайскоўцы дагэтуль «служаць» там.
«Толькі цяпер аэрадром яны абнесьлі „вожыкамі“, каб ніхто ня мог падысьці бліжэй. А так паводзяць сябе нахабна, ганяюць на вялікай хуткасьці. Ні на што не зважаюць, ходзяць па вёсцы з аўтаматамі наперавес», — кажа суразмоўца.
«Маленькія рытуалы» ў калёніі
Ганна ўспамінае, што ў жаночай калёніі палітычным нельга было кантактаваць паміж сабой. Але яны мелі так званыя «маленькія рытуалы» — усьміхнуцца адна адной, падміргнуць. Усе, хто ня быў пэнсіянэркамі, мусілі працаваць на швейнай фабрыцы. Ганна расказвае, што зь ёй у атрадзе была Вольга Маёрава (палітзьняволеная, атрымала 20 гадоў пазбаўленьня волі. — РС), якую пазьней перавялі ў жаночую калёнію № 24 у Рэчыцкім раёне.
«Яна ня тое што блага бачыла — яна практычна нічога ня бачыла. Ёй давалі на фабрыцы нескладаныя заданьні, але яна проста ня бачыла, пальцам адцягвала павека, каб хоць нешта ўбачыць. Адміністрацыя фабрыкі не магла нічога зрабіць. А адміністрацыя калёніі была проста абыякавая да яе праблем», — успамінае Ганна.
Суразмоўца кажа, што акуліст, хірург і траўматоляг прыяжджаюць у калёнію вельмі рэдка, а трапіць да іх складана. Самае ж цяжкае, паводле Ганны, адсутнасьць лістоў і падтрымкі з волі. Бо іх часта не аддавалі.
«Ты сядзіш, як у саркафагу, без аніякай інфармацыі, і ў пэўны момант пачынаеш думаць: „А можа, не было таго жыцьця на волі, можа, і волі не было, а ты ўвесь час знаходзіўся ў такіх умовах, цяпер жа проста звар’яцеў і табе здаецца, што ў цябе нешта было?“. Калі прыходзілі лісты, хоць кароткія, гэта быў як глыток сьвежага паветра», — дзеліцца былая палітзьняволеная мазыранка.
Лісты, тэлефанаваньні і спатканьні яна называе інструмэнтам ціску на «палітычных» вязьняў з боку адміністрацыі калёніі. Ганна кажа, што блізкія пісалі лісты, а апэратыўнік мог іх не аддаваць.
«Пераказвае, што мне пісалі, зьдзеклівым тонам. Саміх ж лістоў не аддае. Для апэратыўніка Аляксея Зюзіна (цяпер ён начальнік апэратыўнага аддзелу. — РС) было самае ўлюбёнае — ціснуць на чалавека празь вельмі асабістыя гісторыі зь лістоў ці тэлефанаваньняў», — гаворыць Ганна.
Паводле Ганны, апэратыўнік Зюзін называў палітычных «ворагамі народу».
«Я, калі вызвалялася, хацела пакінуць у калёніі свае алоўкі. Але проста так дзяўчатам нельга аддаць, потым іх бы хто здаў і былі б праблемы. Патрэбен дазвол. Але Зюзін сказаў, што „мы нічога не бяром у экстрэмістаў, гэта ворагі народу“. Таму алоўкі я проста выкінула ў сьметніцу», — кажа суразмоўца.
Прапанова памілаваньня
Ганна расказвае, што пры ёй у калёніі ўвялі новаўвядзеньне для «экстрэмістаў» — ім забаранілі за свае грошы купляць форменную вопратку ў краме. Тое, што выдавалі, па словах Ганны, было няякасным. Пасьля двух праньняў яно пачынала разлазіцца і ператваралася ў лахманы.
У Ганны распаўзлася форменная спадніца, яна спрабавала яе падшыць гумкай і атрымала рапарт (спагнаньне. — РС) за тое, што «ў сваіх мэтах выкарыстала маёмасьць і электрычнасьць фабрыкі». Рапарт можна было атрымаць і за «неахайны вонкавы выгляд».
«Даводзілася на свой страх і рызыку неяк латаць, падшываць тое адзеньне, бо ня будзеш жа хадзіць зь дзіркамі», — зазначыла Ганна.
За кратамі яе падтрымлівалі іншыя дзяўчаты, успамінае суразмоўца. Хоць у калёніі нельга нічым дзяліцца, яны знаходзілі спосаб падтрымаць адна адну, падзяліцца «шакалядкай ці пракладкай», нягледзячы на рызыку пакараньня.
Ганна кажа, што ёй прапаноўвалі напісаць памілаваньне. Першы раз гэта было за тры месяцы да вызваленьня, другі — за тры дні да яго. Яна ня стала пісаць, бо тэрмін заставаўся невялікі.
«І другое — заўсёды застаецца страх, што ты падпішаш паперы, а яны цябе проста выкарыстаюць і не адпусьцяць, толькі тыя паперкі будуць потым паказваць. Каб у мяне заставаўся тэрмін год, то мо б я і напісала. Бо год там — вельмі вялікі тэрмін. Мы ўнутры разумеем, якая вялікая праца адбываецца, каб нам прапанавалі памілаваньне і ўвогуле яны пачалі варушыцца і хоць неяк нас адпускаць. Таму многія пісалі просьбу на памілаваньне», — падзялілася суразмоўца.
Ад’езд зь Беларусі
Ганна кажа, што не хацела выяжджаць за мяжу пасьля вызваленьня, гэта было самае цяжкае рашэньне для яе. Там засталіся блізкія людзі, бабуля і дзядуля. Але яна мела прэвэнтыўны нагляд на год. Гэта значыць, што ёй нельга было пакідаць дом пасьля 22:00 і ўвогуле тэрыторыю Мазырскага раёну. Да Ганны з праверкамі прыходзіла міліцыя.
«Таму ходзіш і азіраесься ўвесь час, бо невядома, калі цябе могуць зноў затрымаць. Будзе каманда на цябе — і ты нічога ня зможаш зрабіць. Я на вуліцы баялася надзяваць навушнікі, бо не пачуеш, як яны падыдуць ззаду. Потым так надакучыла, што надзявала і думала: «Будзе што будзе, забяруць дык забяруць», — расказвае Ганна.
Перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў студзені 2025 году яна адправіла дачку да сваякоў на некаторы час, бо баялася, што прыйдзе міліцыя і дачка гэта ўсё будзе бачыць.
«Яна і так напалохалася той міліцыі, плакала і пачала спаць са мной, бо ёй было страшна», — кажа суразмоўца.
Цяпер Ганна і яе 12-гадовая дачка ў Польшчы, спрабуюць наладзіць новае жыцьцё. Беларуска зазначыла, што ў Польшчы ў яе цяпер больш сяброў, чым засталося ў Мазыры. Пераехалі ўсе, хто зазнаў перасьлед, бо «ніхто ня хоча сядзець у турме за свае погляды ці выказваньні».
«Маці-зэчка»
Зьняволеньне Ганны цяжка адбілася на яе дачцэ, расказвае жанчына. У 2022-м Кіры было 9 гадоў. Аднаклясьнікі пачалі яе цкаваць, зьдзекаваліся, што ў яе няма маці, называлі ейную маці «зэчкай». Заяўлялі, што маці Кіры пасадзяць на 7 гадоў.
«Наўрад ці дзеці чыталі „экстрэмісцкія“ рэсурсы пра мяне, калі казалі пра магчымыя сем гадоў. Напэўна, гэта ад дарослых ішло», — думае Ганна.
Суразмоўца ўспамінае, што калі яна вызвалілася, дачка прасіла, каб маці заводзіла яе ў школу і забірала.
«Кіры важна было паказаць, што ў яе ёсьць маці, што яна не выглядае, як зэчка з расейскіх сэрыялаў, страшная такая. І сапраўды, дзеці супакоіліся. І нават тыя, хто цкаваў Кіру, пачалі сябраваць зь ёй. Вось толькі настрой клясы ў дачыненьні яе зьмяніўся, як нам давялося зьяжджаць. Вядома, яна пакрыўджаная на мяне. Бо казала: „Твае сябры ўсе ў Польшчы, але мае — у Мазыры, і я не магу цяпер убачыць іх“. Я тлумачу, што там у нас не было б будучыні, бо мяне нікуды на працу ня бралі, нават прыватнікі баяліся, бо я ж цэлая „экстрэмістка“! Максымум, я магла пайсьці санітаркай. Але якія там заробкі, каб гадаваць дзіця, плаціць за кватэру?» — кажа Ганна.
Суразмоўца дадае, што і яна, і дачка цяпер у цяжкім, эмацыйна нестабільным стане, тры апошнія гады не прайшлі для іх дарма.
«Адчуць сябе вольным чалавекам у Беларусі вельмі складана, асабліва калі ты маеш сумленьне. Разумееш, што дадуць на цябе каманду — і зноў паедзеш па этапе, і нічога ня зможаш з гэтым зрабіць», — кажа суразмоўца.
Форум