Пагаварылі зь Сяргеем Прылуцкім пра вайну і каханьне, творчасьць і сьмерць, паэзію і жанчын на вайне.
Пра «свае справы» ў часе вайны
— Тры гады на вайне, у вайне. Гледзячы відэакадры з Украіны, робіцца да вусьцішы страшна і незразумела: як там людзі ўвесь гэты час жывуць. Як?
— Зранку прачытаў пост адной адэсіткі, якая напісала пра чарговы расейскі ўдар па горадзе.У гэтую ноч яе дому дасталася больш, чым за ўсе тры гады з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня. Яна напісала: «Харкаву ўсе гэтыя гады нашмат горш, і там усе з раніцы працягваюць займацца сваімі справамі. Я заўсёды гэтаму зьдзіўлялася. Я таксама пайшла рабіць свае справы». Па-мойму, гэта вельмі дакладна адлюстроўвае жыцьцё ва Ўкраіне. Людзі страчваюць блізкіх, жытло, але намагаюцца «трымаць дах» і працягваць жыць насуперак усяму. Я ўпэўнены, што тая жанчына, зрабіўшы свае справы, увечары нешта заданаціла на армію. Гэта, па сутнасьці, ілюстрацыя вядомай фразы, якая прыблізна гучыць так: «Ня думай пра тое, на што ня можаш паўплываць. Рабі тое, што можа зьмяніць сытуацыю да лепшага».
Пра ілюзіі і заканчэньне вайны
— Тры гады — гэта столькі ж, колькі Беларусь была пад нямецкай акупацыяй у часе Другой усясьветнай. Выглядае на тое, што вам ва Ўкраіне пад расейскай навалай давядзецца быць даўжэй. Ці думалі вы ў лютым 2022-га, што ўсё так зацягнецца?
— Цяпер ужо цяжка сказаць, што канкрэтна я думаў у канцы лютага, седзячы ў акупацыі. Мабыць, галоўнай думкай было, ці зможам наагул выбрацца адтуль на волю. Але потым, вядома, ні ў мяне, ні ў жонкі не было ніякіх ілюзій пра заканчэньне вайны ні за пару тыдняў, ні за пару месяцаў, ні за год, два ці тры. Не выключаю, што яна будзе цягнуцца яшчэ гадоў дзесяць. Але я не аналітык і наагул не люблю прагнозаў. Проста ведаю, што гэта надоўга.
— Псыхолягі кажуць, што сілаў выжыць у нечалавечых умовах стае тым, хто выразна для сябе акрэсьлівае, дзеля чаго выжыць і як гэта зрабіць. Ці можаце сфармуляваць ваш адказ, дзеля чаго і як вы выжываеце?
— Не скажу, што канкрэтна наша сям’я жыве ў нечалавечых умовах, бо побач шмат прыкладаў суцэльнага жаху. Пастаянныя страты сярод вайскоўцаў, гісторыі пра ўзятых расейцамі ў палон. Забойствы ўкраінцаў цэлымі сем’ямі, вуліцамі і ледзь ня вёскамі. Таму я дзякую арміі, што мы яшчэ жывыя, і, чым магу, дапамагаю войску. Дзеля чаго? Каб сюды зноў не прыйшла цемра і ня вычысьціла ўсё і ўсіх дашчэнту. А Расея гэта здольная зрабіць, і ні ў кога ня мае быць у гэтым сумневаў: дастаткова паглядзець, што адбываецца на акупаваных тэрыторыях. Дастаткова пачытаць гісторыю Расеі і краін, якія зь ёй мяжуюць або былі захопленыя і цяпер уваходзяць у склад яе «фэдэрацыі».
Пра вершы і вайну
— На трэцім годзе вайны ў вас выйшла кніга «Гіброіды». Яна мае падзагаловак «Вершы мірных, ваенных і постапакаліптычных часоў». Растлумачце, калі ласка, назву кнігі і яе ўдакладненьне.
— Амаль усе тэксты ў ёй пісаліся ў 2017–2021 гадах. Вайна ўжо йшла поўным ходам, але Ўкраіну намагаліся пераканаць — ня толькі РФ, але і Захад — што гэта «канфлікт», «грамадзянская вайна». Падзагаловак адлюстроўвае тры часткі, на які разьбіты зборнік: «Вялікія праблемы маленькага чалавека» (кажучы па-простаму, «вершы пра мір»), «Будні эвалюцыі» («пра вайну») і «Слава тэрмінатарам» («пра апакаліпсіс»). Там шмат чаго намяшана — і рэалізму, і фантастыкі, і «чарнухі» з рамантыкай, і нейкіх касьмічна-незямных фантасмагорый. Часам там цяжка сказаць, што сур’ёзна, а што — не. Такі сабе «гібрыдны» зборнік. Уласна, і назва выбраная, зыходзячы з таго, што тэксты пісаліся ў «гібрыдныя» часы, і героі ў ёй адпаведныя.
— А як увогуле ствараюцца вершы ў часе вайны? Ці сумяшчальна гэта — вайна і творчасьць?
— Творчасьць сумяшчальная з чым заўгодна. Напэўна, тут у кожнага свая асобная ўнутраная гісторыя. Нехта ставіць усё на паўзу або замаўкае. Нехта, наадварот, знаходзіць у вайне дадатковы чыньнік для творчасьці і фіксацыі часу. Бо ўсё вельмі хутка забываецца, абмываецца пенай дзён. Я заўважыў гэта на сабе. І памяць ня тая. І часам ставіш сябе на гэтую самую паўзу, бо так, як раней, пісаць ня бачыш сэнсу і таму шукаеш, як нехта сказаў, голасу, адэкватнага гэтаму канкрэтнаму часу.
Пра каханьне і жанчын на вайне
— Між трупаў, крыві, пажараў, бруду ў вашых вершах не-не ды прагляне шчымлівае пачуцьцё, якое зазвычай завецца каханьнем. Як удаецца захаваць чысьціню і шчырасьць у стасунках з роднымі людзьмі?
— Бо гэта галоўнае, дзеля чаго жывеш. І, па вялікім рахунку, дзеля чаго вядзецца гэтая абарончая вайна. Бо бяз гэтых пачуцьцяў усё даўно страціла б сэнс. Як удаецца? Напэўна, мой рэцэпт не ўнівэрсальны і ня новы, але найважнейшае для мяне — не ўпадаць у эмацыйныя гойдалкі і старацца трымаць галаву «халоднай». Не заўжды, але збольшага гэта ўдаецца. У тым ліку, магчыма, праз тое, што я заўжды намагаўся трымацца такой лініі паводзін.
— Нядаўна Ўкраіна разьвіталася з Марыяй Зайцавай, беларускай, якая загінула са зброяй у руках, абараняючы суседнюю краіну. Гэта трагічная падзея амаль супала па часе з вызваленьнем з лукашэнкаўскай турмы вашай зямлячкі Паліны Шарэнды-Панасюк, якая стала сымбалем пакутаў беларускіх змагарак у барацьбе з антычалавечай уладай у Беларусі. Жанчына і вайна, жанчына і тэрор — ненатуральныя, антыбоскія спалучэньні. Чаму, на вашу думку, такое магчыма ў ХХІ стагодзьдзі?
— Вайна даўно ўжо не «мужчынская» справа. Асабліва калі набывае такі маштаб, як сёньня. Цяперашняя вайна стала магчымай, таму што пасьля распаду СССР заходнія краіны расслабіліся і паверылі ў канец гісторыі: што сусьветныя войны ў мінулым, што Расея стала на бок дабра і больш не паўторыць сваіх памылак. Захад даў ёй веры, падставіў плячо. А потым пачаў заплюшчваць вочы на яе злачынствы — дзьве чачэнскія вайны, акупацыя Прыднястроўя, уварваньне ў Грузію. Нават 2014 год паказаў, што Расеі гатовыя дараваць многае дзеля ўласнага камфорту. Думаю, цяпер пра вайну мусяць задумацца ня толькі мужчыны ў эўрапейскіх краінах, але і жанчыны. Я не выключаю, што яна можа завітаць туды ня толькі ў выглядзе ўцекачоў, але і наўпрост — расейскімі вайсковымі калёнамі.
Пра даросласьць малога сына
— Як вы тлумачыце свайму сямігадоваму сыну ўвесь навакольны жах, у якім яму выпала расьці і спасьцігаць сьвет? Ці неяк імкняцеся абыходзіць ягоныя непасрэдныя пытаньні пра бомбы, сырэны, магілы забітых у суседніх дварах, сьмерці знаёмых?
— У свае сем ён надзіва «па-даросламу» ўспрымае ўсё, што адбываецца навокал. І добра арыентуецца ў тым, «ху із ху». Што такое Расея, хто яе хаўрусьнікі. Чаму цяперашняя Беларусь дрэнная і што ёсьць добрыя беларусы. І што наш сапраўдны сьцяг — бел-чырвона-белы. Мы ніколі не заўмоўчвалі і ня ўтойвалі таго, што адбываецца. Калі ў канцы лютага 2022-га мы трапілі ў акупацыю, то так яму і казалі: горад захапілі расейцы, але нашы вайскоўцы хутка іх выганяць. Карацей, казалі і кажам яму праўду, якой бы сумнай яна ні была.
І сам ён шчыра прызнаецца, што яму страшна, калі Расея чарговы раз б’е па Кіеве і ў нас недзе ў раёне Бучы зьбіваюць ракеты і дроны, якія ляцяць на сталіцу. Шмат чаго тлумачыць не было патрэбы, бо сам чуў і гукі артылерыі, і палёты расейскіх дронаў. Ён ведае пра нашых знаёмых і сяброў, якія загінулі. Разам зь ім хадзілі на разьвітаньне з загінулай літаратаркай Вікай Амелінай. Гэта важна, каб у яго не было ілюзій наконт рэчаіснасьці. Хаця, з другога боку, казкі дзіцяці патрэбны — таму не разбураем ягонай веры ў Санту, зубную фэю ды іншыя дзівосы.
Пра адчайны пераклад зь невыноснага на чалавечае
— Вашы вершы апошніх гадоў крытыкі ўжо пасьпелі назваць «пранізьлівай лірыкай» і «адчайным перакладам зь невыноснага на чалавечае». Вось такіх вершаў і просім для нашых чытачоў.
***
Бабуля, якая ў сакавіку 2022-га
хадзіла між будынкамі,
паўтараючы «я памерла», -
ці ўваскрэсла яна?
Ці выжыла яе суседка,
якая сёрбала суп, пакуль снарады
лёталі па-над дахамі,
па-над галавой яе сівой?
Ужо цяжка сказаць праз гады:
сьмерць глядзела ім у вочы
ці гэта яны гулялі зь ёй у глядзелкі.
Часам здаецца, што вось ён,
Альцгеймэр —
вырвала з памяці цэлыя пласты.
Але раптам — сполахі ўваччу:
як сябра разьведзены
ніяк не дазвоніцца
да дзяцей на іншым канцы мястэчка;
як суседзі зь немаўлём
ля разбомбленага пад’езда
вараць кашу на тратуары.
Надзіва, ніхто ня плакаў тады.
Надзіва, яшчэ й жартавалі.
Цяжка сказаць:
ці праўда гэта, ці ўжо Альцгеймэр.
Здаецца, зьзяла сонца.
Здаецца, палаў за трасаю будынак...
І нехта йшоў замроена
з плячом забінтаваным —
з ражком марозіва ў руцэ
й ражком АК ў кішэні.
***
Тут цяпер ляжыць туман.
А раней ляжалі людзі.
Гэты сьвет перад табой -
нібы х@й на блюдзе.
Весяляцца алкашы.
І працуюць крамы.
Што паршыва на душы,
хай ня знае мама.
Гэты сьпіўся. Той — памёр.
Трэці на пазыцыі.
Кліча ўсіх нас Мальдарор.
І таму ня сьпіцца.
Побач — Мордар і арда.
Ноч. Ілюмінацыя.
Нас сустрэне Пан Дада
на апошняй станцыі.
***
Чым далей ад сёньня, тым
важлівей усё і дарэчней.
Лягаюць попел і дым
на сэрцаў нашых сланечнік.
Лепей ці горш было
раней — ня мае значэньня.
Колісь было тут сьвятло.
Цяпер трывае зацьменьне.
Іду і шалею ад
тваёй залатой усьмешкі.
Нехта цемру расклаў
на невідочныя сьцежкі.
Нешта ізноў з галавой.
Нешта б’ецца пад швэдрам.
Буду зямлёй тваёй.
Будзеш маім паветрам.
***
Маўчыць усё. Зіма. Шаша.
І гул над галавой.
Вось тут — мяжа. І тут — мяжа.
Між імі — мы з табой.
А памятаеш той красы...
І я таксама не.
Палаюць нашыя масты
і цені на сьцяне.
Зь пячоры гэтай — паглядзі -
пякельны краявід.
Харон — казалі мы — ідзі
адсюль, ты дрэнны гід.
Там — поле зь мёртвых васількоў.
Там — макі ды палын.
Краса і сіла. Боль і кроў.
Ты, я й маленькі сын.
Куды мы йдзем? І ці ідзем?
Цалуемся, маўчым.
Пачнецца заўтра новы дзень.
І мы, магчыма, ў ім.
***
(Аленцы)
Ляціць... птушка (ня тое, што звычайна)
пад-над дзіцячым садком і школай.
Гарыць... камфорка. Кіпіць... чайнік.
Падае... на шчасьце, ціск, а ня столя.
Я... кахаю цябе, не губляю.
Выходжу... з дому (ня з гэтага сьвету).
Які доўгі (кароткі) прамежак у гэтым раздраі.
Ляціць... цыгарэта (яшчэ не ракета).
***
— Тата, дзе сканчаецца наш сусьвет?
Дзе там жывуць гуманоіды?
Ці на Альдэбаране і Марсе
мы не памрэм ад холаду?
— Капітане Адаме, прыём!
Пра гэтую супярэчлівую інфармацыю
ўжо стопяццоты год
маўчыць наша зямная станцыя.
— Тата, тата, where we go!?
Там — як і тут — маскалі таксама?
— На жаль, любы мой, так. Яны паўсюль.
Пакуль жывы, дай буську маме.
— Бачыш, там, далёка, агонь?
— Так!
— Гэта, сыне, наш дом, спалены расіянцамі.
— Яны какашкі, тата! Какашкі і пісюны!
— На жаль, іх не перамагчы вершамі й танцамі.
— І што нам рабіць, тата?
— А мы ўжо робім, мая радасьце.
У нашай ракеце — тры кілятоны любові.
І столькі ж нянавісьці.
Форум