Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьменлівы вецер з Вашынгтона: беларуская апазыцыя перад новымі выклікамі


Каляж Свабоды. Дональд Трамп (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка
Каляж Свабоды. Дональд Трамп (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка

Перамены ў палітыцы ЗША сталі выклікам ня толькі для Эўропы, Украіны, але і для Беларусі. Прычым як для афіцыйнага Менску, так і для апазыцыі. Апошняй застаецца спрабаваць неяк упісацца ў новую стратэгію Вашынгтона, выкарыстаць тое акно магчымасьцяў, якое адчыняецца.

Сьцісла:

  • Палітыка канфрантацыі з Захадам, NATO, заходнімі суседзямі, якую праводзіў рэжым Лукашэнкі апошнія пяць гадоў, цяпер, на тле пачатку працэсу дыялёгу паміж ЗША і Расеяй, патрабуе карэкцыі.
  • Доўгі час стратэгія апазыцыі грунтавалася на тым, каб заклікаць Захад да жорсткага ціску, праводзіць палітыку ізаляцыі і санкцый супраць існага беларускага рэжыму.
  • Цяпер палітыка ЗША мяняецца. Паводле артыкулу ў The New York Times, Вашынгтон вядзе кулюарныя перамовы аб угодзе з рэжымам Лукашэнкі. Наколькі можна зразумець, лідэры беларускай апазыцыі на гэты працэс не ўплываюць.
  • Такая сытуацыя мае і станоўчы бок. Рознагалосьсі паміж дзьвюма плынямі апазыцыі калі не зьнікаюць цалкам, то згладжваюцца.

Беларускія ўлады апынуліся перад выклікам: тая палітыка канфрантацыі з Захадам, NATO, заходнімі суседзямі, якую яны праводзілі апошнія пяць гадоў, цяпер, на тле пачатку працэсу дыялёгу паміж ЗША і Расеяй, патрабуе карэкцыі. Таму афіцыйны Менск знаходзіцца ў пэўнай разгубленасьці. Дзяржаўныя мэдыя цяпер, з аднаго боку, пазытыўна ацэньваюць палітыку Вашынгтону, а з другога — працягваюць цьвердзіць, што ва ўсім праблемах сьвету нібыта вінаватыя ЗША.

Пэўныя выклікі паўстаюць і для апазыцыі. Працяглы час стратэгія Офіса Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінэту грунтавалася на тым, каб заклікаць Захад, у тым ліку Злучаныя Штаты, не прызнаваць прэзыдэнцкага статусу Аляксандра Лукашэнкі, ладзіць палітыку ізаляцыі і санкцый супраць існага беларускага рэжыму, патрабаваць спыненьня рэпрэсій і правядзеньня свабодных выбараў, падтрымліваць дэмакратычныя сілы, грамадзянскую супольнасьць, незалежныя мэдыя Беларусі. Быў наладжаны Стратэгічны дыялёг паміж амэрыканскімі ўладамі і беларускімі апазыцыйнымі цэнтрамі.

Цяпер палітыка ЗША мяняецца. Паводле артыкулу ў The New York Times, Вашынгтон вядзе кулюарныя перамовы аб угодзе з рэжымам Лукашэнкі. Паводле яе ўмоваў, беларускія ўлады павінны вызваліць значную частку палітвязьняў і нават спыніць палітыку рэпрэсій, а ЗША — адмяніць ці аслабіць санкцыі супраць калійнай галіны і банкаў Беларусі. Зьдзелка, як мяркуюць у Вашынгтоне, дазволіць Лукашэнку дыстанцыявацца ад Расеі.

Наколькі можна зразумець, лідэры беларускай апазыцыі на гэты працэс не ўплываюць. Хоць кантакты з прадстаўнікамі новай адміністрацыі адбываюцца. Сьвятлана Ціханоўская на мінулым тыдні сустрэлася ў Вільні з Крыстафэрам Сьмітам, намесьнікам памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Усходняй Эўропы.

У кулюарах Мюнхэнскай канфэрэнцыі яна сустрэлася з прадстаўніком адміністрацыі Трампа генэралам Кітам Келагам, які прызначылі спэцпасланьнікам ЗША ў пытаньнях Украіны і Расеі. Там жа беларуская дэмакратычная лідэрка сустрэлася з кіраўнікамі камітэтаў замежных справаў Палаты прадстаўнікоў і Сэнату ЗША — Браянам Мастам і Джымам Рышам, якія прадстаўляюць Рэспубліканскую партыю, а таксама зь іншымі сэнатарамі і кангрэсмэнамі ад абедзьвюх партый. Раней у Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з Чарльзам Кушнерам, кіраўніком амэрыканскай дэлегацыі, бацькам зяця Дональда Трампа.

Аднак цяпер нават лідэры Украіны, краін Эўропы ня моцна ўплываюць на рашэньні Вашынгтону. Такая новая сытуацыя.

Апошнім часам у асяродзьдзі беларускай апазыцыі разгарнулася спрэчка паміж дзьвюма плынямі. Дамінуе пазыцыя, якую падзяляе Офіс Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінэт — што на рэжым Лукашэнкі трэба працягваць ціснуць з дапамогай санкцый, нават узмацняць іх. Другая апазыцыйная група лічыць, што дзеля вызваленьня палітвязьняў варта прызнаць рэжым Лукашэнкі, пачаць дыялёг зь ім, зьмякчыць санкцыі.

Дасюль гэтая спрэчка была трохі схалястычнай. Бо ні адна, ні другая плыні ня мелі рычагоў уплыву, каб рэалізаваць тую ці іншую тактыку. А Захад праводзіў палітыку адносна афіцыйнага Менску, зыходзячы са сваіх інтарэсаў і ўяўленьняў, якія не заўсёды супадалі з курсам беларускай апазыцыі. Калі інфармацыя The New York Times праўдзівая, то гэта толькі пацьвярджае такую выснову. ЗША лічаць для сябе патрэбным рэалізаваць дамоўленасьць з рэжымам Лукашэнкі. І апазыцыі застаецца толькі спрабаваць неяк упісацца ў гэту новую стратэгію Вашынгтона, выкарыстаць тое акно магчымасьцяў, якое адчыняецца. Тут выбар невялікі.

Такая сытуацыя мае і станоўчы бок. Рознагалосьсі паміж дзьвюма плынямі апазыцыі калі не зьнікаюць цалкам, то згладжваюцца. Бо няма пра што спрачацца. Працэсы пачынаюць разьвівацца самі па сабе, паводле палітычнай лёгікі, якую задае адміністрацыя Трампа.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG