Цяперашні ўрад ФРГ ідзе ў адстаўку на паўгоду раней, чым плянавалася: без урадавага крызысу чарговыя выбары адбыліся б у верасьні 2025 году.
На прадстаўніцтва ў парлямэнце прэтэндуюць сем асноўных нямецкіх партыяў і 22 малыя. Партыя, якая набярэ большасьць, зможа вылучыць кандыдатуру на пасаду фэдэральнага канцлера (як правіла, такім кандыдатам становіцца старшыня партыі). Яе мае зацьвердзіць прэзыдэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер. Затым партыі, якія прайшлі ў Бундэстаг, мусяць сфармаваць кіроўную кааліцыю. Звычайна яна складаецца зь дзьвюх ці трох партыяў. Тыя, хто ў яе ня ўвойдуць, складуць парлямэнцкую апазыцыю.
- Паводле апытання, праведзенага за некалькі дзён да галасаваньня на замову грамадзкага тэлеканалу ZDF, лідэрам на выбарах можа стаць кансэрватыўны блёк ХДЗ/ХСЗ. За яго гатовыя прагаласаваць 28% нямецкіх грамадзян. У такім разе кандыдатам у канцлеры стане кіраўнік ХДЗ, 69-гадовы Фрыдрых Мэрц. У праграме ХДЗ/ХСЗ — узмацненьне эканамічнага росту Нямеччыны і падатковыя паслабленьні.
- На другім месцы, паводле апытаньняў, знаходзіцца правапапулісцкая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD). Ёй зьбіраюцца аддаць свае галасы 21% немцаў. AfD у праграме робіць акцэнт на ўзмацненьне міграцыйных законаў і на пытаньнях бясьпекі. Яна таксама патрабуе наладзіць партнэрскія адносіны з Расеяй. Спэцслужбы ФРГ ня раз правяралі дэпутатаў ад AfD паводле падазрэньняў у фінансаваньні ад Крамля.
- На трэцім месцы з 16% падтрымкі — Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны, да якой належыць цяперашні канцлер Оляф Шольц. Яна выступае за рост дзяржаўнага фінансаваньня інфраструктурных праектаў і сацыяльных праграмаў.
- 14% выбарцаў гатовыя прагаласаваць за партыю «Зялёных». Гэтая партыя прасоўвае экалягічны парадак дня і павелічэньне сацыяльнай падтрымкі.
- 8% апытаных заявілі, што прагаласуюць за «Левых». Яны выступаюць супраць росту выдаткаў на абарону і лічаць, што сродкі падаткаплатнікаў павінны ісьці найперш на сацыяльныя праграмы і інфраструктуру.
- Свабодная дэмакратычная партыя, у праграме якой пазначаны прыярытэт жорсткага кантролю за фінансамі і дзяржаўным доўгам, можа набраць каля 4,5% галасоў. Такія ж лічбы падтрымкі дэманструе новая левая партыя «Зьвяз Сары Вагенкнэхт», якая выступае супраць росту выдаткаў на абарону, за спыненьне ваеннай дапамогі Ўкраіне і за збліжэньне з Расеяй. Вялікая імавернасьць, што абедзьве яны не пераадолеюць пяціпрацэнтнага бар’еру, неабходнага для ўваходу ў парлямэнт.
- Яшчэ 4% апытаных сказалі, што маюць намер галасаваць за малыя партыі.
Выбарчыя ўчасткі ўва ўсёй Нямеччыне будуць адкрытыя з васьмі гадзін раніцы да шасьці вечара. Акрамя таго, грамадзяне ФРГ могуць паслаць выбарчы бюлетэнь поштай у сам дзень выбараў ці загадзя.
Форум