Незалежны кнігавыдавец Ігар Логвінаў. Паводле нараджэньня ён — гарадзенец, паводле адукацыі — філёзаф, паводле прызваньня — эстэт, паводле прафэсіі — кнігавыдавец.
Сябра Саюзу беларускіх патрыётаў мастачка Алеся Ўмпіровіч (Фурс). Дзеля прысягі на вернасьць Беларусі намалявала «Пагоню», за што атрымала 25 гадоў канцлягераў. Вярнуцца на радзіму змагла толькі ў 1982.
Выдавец, этнограф, мастак Дзяніс Раманюк. Аўтар больш 50 міжнародных выставаў фота і графікі. Выдаў фотаальбомы «Беларусь», «Чарнобыль», «Мой шлях да Беларусі», «Беларусь сінявокая».
Актор Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Я. Купалы Раман Падаляка. Вучыўся ў Коласаўскім гуманітарным ліцэі і Акадэміі мастацтваў. Ролі ў спэктаклі «Дзяды» паводле А.Міцкевіча і фільме «Жыве Беларусь» зрабілі яго зоркай, якая сьвеціць і па-за мастацтвам.
Ён нарадзіўся ў 1983 годзе ў сям'і беларускі і ўраджэнца Чаду. Працуе мастаком і грае ў гурце фолькмадэрновай музыкі «Рэха», а таксама ў ска-джаз-рэгі-панк гурце «Гаротніца». Складае вершы і песьні і робіць анімацыйныя фільмы.
Яна нарадзілася ў 1927 на Слонімшчыне. Пад нямецкай акупацыяй вучылася ў беларускай прагімназіі. Была сяброўка СБМ. Была асуджаная на 25 гадоў лягераў.
Зладжаныя ім у студзені 2014 курсы "Мова нанова" сталі самым масавым па наведвальнасьці і самым пасьпяховым па выніках грамадзкім праектам па адраджэньні беларушчыны.
Арганізатар «лясных» адраджэнцкіх фэстаў Ян Грыб. Ён нарадзіўся ў 1936 на Палесьсі. Быў лётчыкам вайсковай авіяцыі на Далёкім Усходзе. Жыве ў лесе пад Крутагор’ем, дзе ладзіць фэсты беларускай культуры.
Ён нарадзіўся ў 1965 у мястэчку Бобр Крупскага раёну Меншчыны. Адукацыю атрымаў у Беларускай акадэміі мастацтва. Штогод у Дзень Волі ладзіць мастацкія акцыі, за якія неаднаразова быў арыштаваны і асуджаны.
Дзевятнаццацігадовым студэнтам Менскага мэдыцынскага інстытуту яго прысудзілі да расстрэлу за “актыўную агітацыю з ужываньнем нацыянальных і рэлігійных забабонаў”. Вырак быў заменены на 25 гадоў канцлягераў.
Уладзімер Матусевіч нарадзіўся ў 1953 у вёсцы Мацкі на Меншчыне. Скончыў Талінскую мараходную вучэльню і хадзіў у мора на Далёкім Усходзе. Апаленага сонцам гаспадара роднай зямлі можна сустрэць у шэрагах удзельнікаў усіх дэмакратычных акцый.
Яна нарадзілася ў Чашніках. Найбольш яе цікавіць жывёльны сьвет. Асаблівую сымпатыю выяўляе да ваўкоў, якіх гадуе, з якімі сябруе, якіх песьціць.
Алесь Белакоз дваццацігадовым настаўнікам Гудзевіцкай школы ён вырабіў улёткі з заклікам «Змагайцеся за незалежную Беларусь!» і раскідаў іх зь цягніка па шляху ў Менск. Цудам пазьбег арышту.
Лідэр рок-гурту «Мутнае вока» Яўген Змушка. Нарадзіўся ў Менску 27 гадоў таму. Хацеў стаць мастаком, але гітара перашкодзіла. Дзесяць гадоў таму арганізаваў свой рок-гурт «Мутнае вока», у якім грае, сьпявае, безь якога не ўяўляе сваю будучыню.