Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнку камісія, якая будзе адбіраць кандыдатаў ва ўрад?


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы 4 лютага са сваімі даверанымі асобамі на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы 4 лютага са сваімі даверанымі асобамі на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году

Упершыню за 30 год прэзыдэнцтва Лукашэнка абвясьціў пра стварэньне камісіі, якая павінна ўнесьці прапановы наконт фармаваньня новага складу ўраду. Дзеля чаго гэта яму спатрэбілася?

Сьцісла:

  • Лукашэнка імкнецца перакласьці на сваіх чыноўнікаў адказнасьць за магчымыя правалы і праблемы.
  • Апошняя «перамога» на выбарах атрымана коштам выштурхоўваньня за мяжу каля паўмільёна беларусаў, а таксама шляхам беспрэцэдэнтных рэпрэсій, якія можна параўнаць са сталінскімі часамі.
  • Ствараючы камісію ў справе фармаваньня ўраду, Лукашэнка запускае штучны канфлікт у намэнклятурным асяродзьдзі.
  • У працэсе публічнага абмеркаваньня кандыдатур ва ўрад могуць выявіцца небясьпечныя канкурэнты, якія неасьцярожна выкажуць прэтэнзіі на ролю пераемніка.
  • Расьце адміністратыўная, а часткова і палітычная вага генэральнага пракурора Андрэя Шведа.

Эўфарыя ад перамогі

Аляксандар Лукашэнка пачаў сьвяткаваць перамогу на выбарах яшчэ да заканчэньня галасаваньня 26 студзеня, калі сабраў прэсавую канфэрэнцыю для СМІ. І працягнуў 4 лютага, ужо пасьля афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў, падчас сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі. Ён не хаваў радасьці, мусіць, з тае прычыны, што не паўтарыліся масавыя пратэсты 2020 году:

«У Беларусі замахнуліся на правядзеньне своеасаблівых і, можна сказаць, арыгінальных выбараў... Ціха, спакойна прайшлі выбары. Яны (апанэнты. — Аўт.) рот раскрыўшы да гэтага часу ходзяць і думаюць, як гэта стала магчыма. Краіна ў цэнтры Эўропы! Магчыма, калі ёсьць нармальны дыялёг і дамоўленасьць, кампраміс нармальны з народам... Ашаламляльная падтрымка, такога не было ў гісторыі... Лічыце, за 90% насельніцтва нас адназначна падтрымлівае».

Колькі ў гэтых словах сьвядомага піяру, а колькі сапраўднай упэўненасьці ў «ашаламляльнай падтрымцы»? Ці верыць Лукашэнка, што зноў стаў «народным прэзыдэнтам», якім ён сам сябе пазыцыянаваў у 90-я гады?

Наўрад ці ў яго засталіся ілюзіі наконт народнай любові. Тое, што ён называе «нармальным кампрамісам з народам», рэалізавалася коштам выштурхоўваньня за мяжу каля паўмільёна беларусаў. Яшчэ дзясяткі тысяч прайшлі празь вязьніцы. «Адзінства» было дасягнута шляхам беспрэцэдэнтных рэпрэсій, якія можна параўнаць са сталінскімі часамі. І ніякай «арыгінальнасьці» ў гэтых выбарах няма, так адбываецца выбарчы працэс ва ўсіх дыктатарскіх рэжымах.

Дзіўная камісія

Вядома, што ўрад, як і прадугледжана Канстытуцыяй, падаў у адстаўку, і паводле працэдуры цяпер Лукашэнка павінен сфармаваць новы ўрад. І тут здарылася нечаканасьць. Упершыню ў гісторыі Лукашэнка на сустрэчы з даверанымі асобамі абвясьціў пра стварэньне камісіі, якая павінна ўнесьці прапановы наконт фармаваньня новага складу ўраду:

«Трэба стварыць камісію з вышэйшых службовых асобаў... Трэба цяпер паглядзець па сьпісе, пачынаючы ад прэм’ер-міністра да кіраўніка канцэрна і губэрнатараў. На гэтай камісіі Качанава, Сергеенка, генэральны пракурор і гэтак далей, — вось гэтая вярхушка. Хацелася б, каб вы свае прапановы ўнесьлі, вашу думку мы разгледзім пры прыняцьці рашэньняў... Мне хацелася б, каб не адзін я там росчыркам пяра гэта ўсё рабіў і не па той схеме, як гэта звычайна ў нас прынята».

Што б гэта ўсё азначала? Пачатак пераходу да калектыўнага кіраўніцтва? Старт працэсу таго самага транзыту ўлады, пра які цяпер шмат разваг і спэкуляцый?

Мяркую, што наўрад ці. Рэжым аднаасобнай улады Лукашэнкі і калектыўнае кіраўніцтва — рэчы несумяшчальныя. Тады дзеля чаго гэтая камісія? Тут адбываецца нейкая гульня, запускаецца пробны шар. Падаецца, сэнс гэтай гульні ў наступным.

Па-першае, Лукашэнка шмат разважаў пра тое, што трэба апраўдаць народны давер, які ўлады атрымалі на выбарах. Прычым гэтую задачу ён імкнецца перакласьці на вышэйшае чынавенства, у прыватнасьці на тых самых давераных асобаў. Зважаючы на тое, што гэты год, як казаў Лукашэнка, будзе цяжкі, адказнасьць за чаканыя праблемы кладзецца на ўрад, бліжэйшае атачэньне. Паводле формулы, што цар добры, а баяры дрэнныя. Вось, маўляў, гэта вы тут выбралі склад новага ўраду, я толькі збоку назіраў. Таму і віну за правалы варта разьмяркоўваць адпаведным чынам. Правадыр павінен атрымліваць толькі пераможныя ляўры, а паразы перакладаюцца на чыноўнікаў. У прынцыпе, так было заўсёды, але цяпер гэты працэс нібыта фармалізаваны.

Па-другое, ствараючы камісію ў справе фармаваньня ўраду, Лукашэнка запускае штучны канфлікт у намэнклятурным асяродзьдзі. У працэсе падрыхтоўкі новага складу ўраду непазьбежна выявяцца розныя кланы, якія будуць штурхаць на адказныя пасады «сваіх людзей», канкураваць, сварыцца. І зразумела, што адзіным арбітрам у гэтай сутычцы будзе Лукашэнка: да яго будуць апэляваць канкуруючыя групы. І такім чынам рэалізуецца вялікі прынцып усіх дыктатараў: «падзяляй і ўладар».

Па-трэцяе, у гэтай штурханіне могуць выявіцца небясьпечныя канкурэнты, якія неасьцярожна выкажуць прэтэнзіі на ролю пераемніка. Падумаюць, што «бацька» ўжо стары, хворы, палітычна слабее, а таму можна дэманстраваць амбіцыі, каб пасьпяшацца заняць месца, якое хутка вызваліцца. І гэта зручны момант, каб іх зьнішчыць. Бо насамрэч Лукашэнка пакуль нікуды сыходзіць не зьбіраецца. І да таго ж, калі сапраўды настане час шукаць пераемніка, то гэта выключная манаполія самога правадыра: ён такую функцыю нікому не перадаверыць. Тут любая ініцыятыва будзе жорстка карацца. Ніхто ня можа бегчы навыперадкі зь ім. Таму, магчыма, мы назіраем штучна арганізаваны фальстарт дзеля выяўленьня «парушальнікаў канвэнцыі».

Узвышэньне генэральнага пракурора

Яшчэ адзін штрых. Расьце адміністратыўная, а часткова і палітычная вага генэральнага пракурора Андрэя Шведа. Ужо відавочна, што пракуратура ў сваёй дзейнасьці далёка выходзіць за межы звычайных функцый. Яна ня толькі кіруе хадой палітычных рэпрэсій, але шмат у чым уплывае на ідэалёгію рэжыму (напрыклад, рыхтуе школьныя падручнікі на тэму «генацыду беларускага народу»).

Швед узначальвае сумнавядомую камісію па вяртаньні беларусаў з эміграцыі. Цяпер функцыі яе пашырыліся. Напрыклад, яна вызначае, каго са спартоўцаў, якія пратэставалі супраць гвалту, можна дапусьціць да спаборніцтваў. Камісія на чале з генпракурорам дае рэкамэндацыі Лукашэнку наконт кандыдатур палітвязьняў, якіх можна вызваліць. Гэта пры тым, што здаўна існуе камісія па памілаваньні пры Лукашэнку на чале з намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Вольгай Чупрыс, і гэтую камісію пакуль ніхто не распускаў.

На апошняй сустрэчы з даверанымі асобамі Лукашэнка пахваліў Шведа: «І трэба аддаць належнае, Андрэй Іванавіч — ён такі чалавек аб’ектыўны. Нават калі разумее, што нехта там у пагонах на яго можа пакрыўдзіцца, ён на гэта не глядзіць, ён прэзыдэнту дакладвае аб’ектыўную карціну». А называючы склад камісіі ў справе фармаваньня ўраду, Лукашэнка ўзгадаў толькі трох асобаў: двух сьпікераў парлямэнту (Натальлю Качанаву, Ігара Сергеенку) і генэральнага пракурора Шведа. Больш — нікога зь сілавікоў. Яўны сыгнал, што варта прыгледзецца да гэтай фігуры больш пільна. Магчыма, мы маем справу з новым фаварытам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG