Кіт Келаг адзначыў, што зь нецярплівасьцю чакае выступу на канфэрэнцыі і абмеркаваньня «мэты Трампа ў спыненьні крывавай і дарагой вайны ва Ўкраіне» і што ён плянуе «сустрэцца з саюзьнікамі Амэрыкі, якія гатовыя працаваць з намі».
Калі Келаг абвясьціў, што выступіць на Мюнхэнскай канфэрэнцыі 14–16 лютага, зьявіліся здагадкі, што ён прадставіць плян Трампа ў спыненьні вайны ва Ўкраіне. 5 лютага агенцтва Bloomberg са спасылкай на неназваныя крыніцы паведаміла, што Келаг прадставіць плян падчас канфэрэнцыі.
Келаг катэгарычна зьняпраўдзіў гэта ў інтэрвію інфармацыйнаму выданьню Newsmax, сказаўшы: «Не, мы не гатовыя».
«Мірны плян прадставіць прэзыдэнт ЗША, а ня Кіт Келаг. На наступным тыдні гэтага (прэзэнтацыі мірнага пляна) увогуле ня будзе», — заявіў ён.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 6 лютага заявіў, што ён упэўнены, што афіцыйнага пляну ЗША пакуль няма, мяркуючы, што любы афіцыйны плян павінен быць узгоднены з Кіевам.
«Магчыма, я памыляюся... але я ўпэўнены, што тое, што ёсьць у розных публікацыях... не зьяўляецца афіцыйным плянам прэзыдэнта Трампа, таму што я ўпэўнены, што нашы каманды будуць працаваць разам, — сказаў Зяленскі. — Ня можа быць асобнага пляну ні ад кога, нават ад ЗША».
Зяленскі дадаў, што яшчэ да інаўгурацыі Трампа 20 студзеня ў яго з новым прэзыдэнтам ЗША «была магчымасьць паслухаць адзін аднаго, пачуць пра бачаньне [міру ва Ўкраіне] і пра тое, што зьяўляецца прыярытэтным, і пра тое, у чым ня можа быць ніякіх саступак з боку ўкраінскага народу». «Гэта значыць, ён ведае [нашу] пазыцыю», — дадаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны выказаў упэўненасьць, што Трамп будзе ціснуць на Пуціна, каб той спыніў вайну, якая доўжыцца амаль тры гады з моманту поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
«Пуцін баіцца гаварыць са мной аб спыненьні вайны. Я ня ведаю, чаму. Ён дарослы, але баіцца заставацца са мной сам-насам. Я ня ведаю. Але тым ня менш я думаю, што Трамп зможа прымусіць яго спыніць вайну», — сказаў Зяленскі.
У інтэрвію, апублікаваным на YouTube 4 лютага, Зяленскі заявіў, што пагодзіцца на прамыя перамовы з Пуціным, але ў іх павінны ўдзельнічаць ЗША і Эўразьвяз.
На мінулым тыдні Келаг заявіў, што ў Трампа ёсьць «надзейная» стратэгія спыненьня вайны ва Ўкраіне на працягу некалькіх месяцаў. Камэнтар прагучаў на фоне закулісных перамоваў і перамоваў па неафіцыйных каналах, каб знайсьці спосаб спыніць амаль трохгадовае расейскае ўварваньне.
Келаг і іншыя чыноўнікі намякнулі на плян дасягненьня таго, што саюзьнікі Трампа называюць «мір празь сілу». Плян прадугледжвае магчымае замарожваньне канфлікту і пакіданьне акупаваных Расеяй тэрыторыяў «у падвешаным стане». Ён таксама прадугледжвае наданьне гарантыяў бясьпекі Ўкраіне, але не ўдакладняе, якімі яны будуць.
5 лютага Крэмль абвясьціў аб пашырэньні кантактаў з ЗША ў справе вырашэньня вайны. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Масква гатовая весьці перамовы зь Зяленскім, нягледзячы на ранейшую адмову прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ад перамоваў зь ім, «паколькі тэрмін ягоных паўнамоцтваў скончыўся ў мінулым годзе».
Паводле Келага, ЗША разглядаюць магчымасьць ціску ня толькі на Маскву, але і на Кіеў, каб той сеў за стол перамоваў. 2 лютага ён папярэдзіў, што абодва бакі павінны пайсьці на саступкі, калі яны спадзяюцца дасягнуць пагадненьня аб урэгуляваньні вайны. Зяленскі «ўжо даў зразумець, што ён зьмякчыць сваю пазыцыю па сушы, — заявіў Келаг 1 лютага. — І Пуціну таксама давядзецца зьмякчыць свае пазыцыі».
Трамп настойвае на тым, што хоча як мага хутчэй скончыць вайну, і заявіў, што хоча як мага хутчэй сустрэцца з Пуціным.
У начным відэазвароце 5 лютага Зяленскі заявіў, што Ўкраіна «значна актывізавала» свае кантакты з адміністрацыяй Трампа, дадаўшы, што ў яе таксама былі «вельмі значныя кантакты зь іншымі партнэрамі».
Форум