У мінулым годзе нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» споўнілася 100 гадоў. І хоць у апошнія гады, а то і дзесяцігодзьдзі, прадукцыя «Беларусьфільму» не выклікае ажыятажу ў гледачоў, так было не заўсёды. Да 90-годзьдзя кінастудыі ў Беларусі нават выпусьцілі юбілейную сэрыю з 12 DVD-дыскаў, куды ўвайшлі 12 вядомых беларускіх фільмаў. Такіх як «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Знак бяды» і «Белыя росы».
Але не было ў гэтай падборцы фільму, які, верагодна, дагэтуль застаецца самым касавым у беларускай гісторыі. А калі браць колькасьць гледачоў, то, можа, ягоную плянку і ніколі ня ўдасца перасягнуць.
Гісторыя пра разборкі нефармалаў
Здымкі стужкі «Мяне завуць Арлекіна» скончыліся летам 1987-га, але паўтара года фільм праляжаў на паліцы. Фільм здымалі ў Беларусі — на яго кадрах можна пазнаць Менск канца 80-х, Горадню і станцыю Парэчча. Да масавага паказу ў кінатэатрах яго дэманстравалі ў папулярных тады відэасалёнах, на закрытых паказах. Прычынай затрымкі была савецкая цэнзура, якая палічыла сюжэт беларускай стужкі занадта сьмелым нават для позьнеперабудовачнага часу.
«Арлекіна» здымаў беларускі рэжысэр Валер Рыбараў па матывах п’есы вядомага расейскага журналіста і пісьменьніка Юрыя Шчакачыхіна «Пастка 46, рост другі».
Рэжысэр Рыбараў пасьля прызнаваўся, што перарабіў твор Шчакачыхіна да непазнавальнасьці. У п’есе сюжэт будуецца на высьвятленьні адносінаў футбольных фанатаў, там няма сацыяльных сутыкненьняў. У фільме ж мясцовыя «нефармалы», якія жывуць на маленькай чыгуначнай станцыі, на чале з Андрэем Савічавым па мянушцы Арлекіна езьдзяць у горад і па-свойму разьбіраюцца з «хлопчыкамі-мажорамі». Яны супрацьстаяць іншым моладзевым групоўкам — «мэталістам», «гіпі», «нацыкам», «стылягам». Дзяўчына Арлекіна Алена трапляе ў залежнасьць ад маладога «мажора» па мянушцы Інтэр, але разумее, што мае пачуцьці да Андрэя. Канфлікт паміж Андрэем і Інтэрам прыводзіць да трагічных падзей у фінале фільму.
«Чарнуха і беспрасьвет»
Беларус Андрэй (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у другой палове 1980-х вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце, што цяпер Акадэмія мастацтваў. Меў знаёмых на «Беларусьфільме», цікавіўся, што там здымаецца. Узгадвае: ягоны аднакурсьнік падпрацоўваў на кінастудыі і расказваў, што Рыбараў зьняў крутое кіно пра беларускую банду з расейскімі акторамі, але яно нібыта не прайшло цэнзуру, са стужкі пастаянна штосьці выразалі. Але хтосьці з супрацоўнікаў «Беларусьфільму» перагнаў кіно на відэакасэту. Зь яе зрабілі некалькі копій, і яны хадзілі па Менску. У Андрэя быў савецкі відэамагнітафон «ВМ-12». Даволі дарагая ў той час рэч, ён каштаваў 1200 рублёў, тата «па блату» набыў у краме «Электроніка».
«Мы зь сябрамі „даставалі“ добрыя замежныя стужкі, кшталту „Эманюэль“, „Дзевяць з паловай тыдняў“, „Чалавек дажджу“. Паглядзелі і „Мяне завуць Арлекіна“, бо вакол быў ажыятаж, выкліканы тым, што гэты беларускі фільм не прайшоў цэнзуру.
Мы найперш абурыліся назваю, бо „Арлекіна“ — папулярны тады гіт Алы Пугачовай, а тут такая ж мянушка ў недалёкага, жорсткага бандыта зь беларускай глыбінкі. Шчыра кажучы, я ад такога кіно не ў захапленьні — пра чарнуху і беспрасьвет, у які ўстаўлялі эратычныя сцэны. Так было і ў „Арлекіна“, і ў „Маленькай Веры“ — мабыць, для прыцягненьня ўвагі. Хаця ў той час такіх перабудовачных карцін шмат зьявілася, і народ у кінатэатры на іх валіў», — расказвае суразмоўца.
Ён дадае, што асаблівай глыбіні і цікавых спэцэфэктаў у «Арлекіна» не заўважыў ні тады, ні цяпер.
«Пры ўсёй маёй павазе да Рыбарава, які зрабіў добры фільм „Чужая бацькаўшчына“ (па творы Вячаслава Адамчыка) і якому не дазволілі зьняць працяг „Голас крыві брата твайго“», — кажа суразмоўца.
«Канцэптуальная несумяшчальнасьць»
За час здымак «Арлекіна» зьмяніў дзьве назвы: «Пастка-87» і «Ня бойся, я не крану цябе». Стваральнікі спыніліся на трэцім варыянце — «Мяне завуць Арлекіна». Кінакрытык, культуроляг Максім Жбанкоў кажа, што канчатковую назву фільму выбралі няўдала.
«Гэта канцэптуальная несумяшчальнасьць — як сказаў бы філёзаф Валянцін Акудовіч. Стваральнікі не задумаліся над назваю — ні Рыбараў, ні Шчакачыхін. Яны прыдумалі моладзь, потым прыдумалі пра яе кіно. Быў бы які Рэмба, Шварц — штосьці такое было б зразумела. А тут маркер ні пра што», — мяркуе Максім Жбанкоў.
Сам фільм кінакрытык назваў «каньюнктурным». Тады і ў літаратуры, і ў тэатры, і ў кіно зьявілася безьліч твораў пра апошнюю савецкую генэрацыю — пакаленьне часоў скону імпэрыі. Зь фільмаў ён узгадаў «Ассу» Сяргея Салаўёва, «Маленькую Веру» Васіля Пічула, «Узломшчыка» Валера Агароднікава, «Аварыю — дачку мянта» Міхаіла Туманішвілі.
«Чырвоная камуністычная дзяржава была ўжо ў коме, і ёй не было чаго прапанаваць моладзі, якая прыходзіла фактычна на пустое месца, у краіну састарэлых генсекаў і такога ж каматознага, нежывога бюракратычнага кіраўніцтва на месцах. І фактычна быў канфлікт паміж такой мёртвай сыстэмай і маладой энэргетыкай. Карацей, пайшла тэма.
Аўдыторыя была гатовая размаўляць пра гэта менавіта таму, што перабудовачная прэса актыўна распрацоўвала тэму нефармалаў, альтэрнатыўнай моладзевай культуры. Дзякуючы гэтаму і зьявіўся пэўны попыт, трэнд, ажыятажная глядацкая зацікаўленасьць», — кажа Максім Жбанкоў.
Фільм «Мяне завуць Арлекіна» стаў, на думку кінакрытыка, правінцыйным беларускім адказам на праблему нефармалаў. Валер Рыбараў, як і рэжысэр «Ассы» Сяргей Салаўёў, зрабілі адну і тую ж памылку: яны вельмі дзіўна, наіўна, павярхоўна паставіліся да гэтай моладзі.
«Таму стужка „Арлекіна“ атрымалася абсалютна канфармісцкай з пункту гледжаньня эстэтыкі, стылю. З другога боку, „маднявай“, як сказаў бы Віктар Марціновіч, бо яна была пра тое, пра што хацелі глядзець. Шэра-зялёная гама, манатонныя апэратарскія прыёмчыкі, наіўная і прастадушная вера ў тое, што моладзь згубіла арыенціры, а калі ім прапанаваць новыя — яны іх абавязкова засвояць і будуць сьветлыя і прыгожыя. Не было разуменьня безнадзейнасьці наяўнага кантэксту. Атрымаўся ажыятажны попыт, бо гэта была зручная карцінка пра модную тэму», — мяркуе мастацтвазнаўца.
«Несацыялістычны спосаб існаваньня ў кадры»
Беларуска Яна ў 1980-я была студэнткай, уваходзіла ў моладзевае аб’яднаньне «Талака», а ў «Арлекіна» здымалася ў масоўцы. На яе думку, рэжысэр, які хацеў паказаць шырокую палітру тагачасных нефармальных аб’яднаньняў, падышоў да гэтага крыху просталінейна.
«Ён сабраў на паляне каля Траецкага прадмесьця рокераў, гіпі, моладзевыя групы, якія займаліся адраджэньнем нацыянальных традыцыяў. Хочучы, напэўна, паказаць такі сабе Гайд-парк, дзе нібыта выказацца і праявіць сябе мог кожны. У той масоўцы, на якую запрасілі сябраў „Талакі“, нам прапанавалі сьпяваць народныя песьні і вадзіць у вышыванках карагоды. За пару мэтраў званілі ў званочкі і славілі Крышну гіпі, яшчэ за некалькі мэтраў зьвінелі ланцугамі рокеры ў скуры.
Мы здорава пасьмяяліся, бо такі кактэйль на адной пляцоўцы ў жыцьці, а не ў кіно, немагчыма было ўявіць ні тады, ні цяпер. Але вырашылі, што калі такім чынам хоць краем пакажуць, што ў Беларусі існуе нацыянальнае адраджэньне, яно таго вартае. Да таго ж яшчэ і зарабілі па некалькі рублёў», — узгадвае Яна.
Фільм спачатку быў забаронены цэнзурай, амаль паўтара года ляжаў на паліцы. Некаторыя эпізоды выразалі, пікантныя сцэны заблюрылі. Да прыкладу, аголеныя грудзі галоўнай гераіні Лены ў фінальнай сцэне, дзе яна эмацыйна прамаўляе: «Не хачу жыць. Усё атручана...».
Выканаўца галоўнай ролі Арлекіна расейскі актор Алег Фамін у 2019 годзе ў інтэрвію беларускаму журналісту Сяргею Маліноўскаму расказваў, што фільм быў адцэнзураваны, а ў Маскве ладзіліся таемныя прагляды па начах для выбраных у рэдакцыі «Літаратурнай газэты», дзе працаваў тады аўтар сцэнару Юры Шчакачыхін.
«І нават пасьля таго, як карціна зь вялізным посьпехам усё ж выйшла на экраны, пяць гадоў са мной не было ніводнага інтэрвію. Чаму? Была такая фармулёўка: „Несацыялістычны спосаб існаваньня ў кадры“... А карціну тым часам купіў „XX стагодзьдзе Фокс“ (20th Century Fox — амэрыканскі транснацыянальны мэдыяхолдынг. — РС). Рэжысэр Валера Рыбараў аб’езьдзіў зь ёю ўвесь сьвет — Юры Шчакачыхін тэлефанаваў з Бэрліна і казаў, што ўвесь горад абклеены афішамі з маёй выявай», — расказваў Алег Фамін.
Дык чаму стужка «Мяне завуць Арлекіна» была папулярная ня толькі сярод савецкіх гледачоў? На думку кінакрытыка Максіма Жбанкова, у той час савецкая перабудова, трансфармацыя, у тым ліку і палітычная, і культурніцкая, стала цікавая сьвету.
«Калі Савецкі Саюз пачаў уздымацца з калень, ён стаў цікавы сьвету. Вось гэта сытуацыя сацыяльнай ломкі, у тым ліку ломкі культурніцкіх стэрэатыпаў, выклікала інтарэс і за межамі краіны. Гэта выглядала прышпільна. Бо „імпэрыя зла“, Савецкі Саюз аказаўся часам нязручны, канфармісцкі, калючы. Аказалася, што і ў савецкай імпэрыі людзі пачынаюць выхоўваць у сабе ўнутраную свабоду. І такія фільмы абсалютна лягічна маглі быць цікавыя і замежнай аўдыторыі. Гэта для яе быў такі ідэалягічны перабудовачны цырк», — выказаў меркаваньне культуроляг.
Форум