Грамадзкаму рэдактару гэтага тыдня Мікалаю Халезіну 44 гады. Служыў у войску, кінуў так званы “наргас”, калі зразумеў, што ягонае прызваньне – творчасьць. Працаваў у першых беларускіх незалежных выданьнях, займаўся палітычным кансалтынгам, напісаў некалькі п’ес. А ў 2005 годзе з жонкай Натальляй Калядой яны арганізавалі Свабодны тэатар – незалежны калектыў, які ня мае ў Беларусі фінансаваньня, уласнай сцэны і памяшканьняў для рэпэтыцый. Цяпер гэта частка міжнароднага праекту, якім апякуюцца Вацлаў Гавэл і Том Стопард. Нобэлеўскі ляўрэат Гаралд Пінтэр аддаў тэатру ўсе правы на свае п’есы. 10 сьнежня 2007 году трупа атрымала прэмію Францускай рэспублікі. А 13 красавiка 2008-га ў Салоніках ім уручылі прэмію «Эўропа – тэатру».