Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: “Вернікі – галоўны рухавік адраджэньня”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на радыё “Свабода” – палітык і публіцыст, былы палітычны вязень Павал Севярынец. Штодня на нашым сайце развагі Севярынца пра значэньне веры ў беларускім грамадзтве.

– На мой погляд, нацыянальна-дэмакратычны этап беларускага адраджэньня ўжо скончыўся. На гэта паказвае крызіс сучаснага нацыянальнага руху, які калісьці пачынаўся зь Беларускім народным фронтам.

Нават у сёньняшняй апазыцыі верхаводзяць камуністы й лібэралы. Незалежнікі за імі. Які ж этап надыходзіць сьледам за гэтым?

Прыгледзімся больш уважліва да моладзі, якая ўдзельнічае ў дэмакратычным руху.

Моладзь “Маладога фронту”, пілігрымы, якіх бачыш на каталіцкіх фэстах, брацтвы, пратэстанцкія набажэнствы – відавочна, што новае пакаленьне мае вельмі моцную веру. Паглядзім на яго лідэраў – Зьміцер Дашкевіч, Андрэй Кім, Зьміцер Хведарук ці Наста Палажанка... Усе яны вытрымлівалі сутыкненьні з рэжымам найперш таму, што былі моцнымі вернікамі.

І мне падаецца, што менавіта ў гэтым ёсьць адказ на пытаньні “Якая будучыня ў нацыянальнага руху? Які праект пасьля нацыянальна-дэмакратычнага будзе вядучым на новым этапе адраджэньня?”.

Адказ я бачу такі: хрысьціянска-дэмакратычны.

Калі раней сацыяльнай базай нацыянальнага руху была інтэлігенцыя, дык цяпер, падаецца мне, надыходзіць час вернікаў. Яны цяпер галоўны рухавік беларускага адраджэньня.

Тое, што мы робім сёньня, дае нам уяўленьне пра тое, якой будзе Беларусь.

Сёньняшні этап гістарычна настолькі важны, што мы нават і не ўяўляем! Менавіта цяпер вызначаецца, якой быць Беларусі на бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі, а мо нават і стагодзьдзі.

І мне падаецца выключна значным, што цяпер мы грунтуемся на тым, на чым тысячу гадоў грунтавалася Беларусь – на веры ў Бога, на хрысьціянстве.

Таму падмурак новага пакаленьня – гэта вера. І будучыня за тымі, хто верыць.

Паўлу Севярынцу – 32 гады. Скончыў з залатым мэдалём школу, а затым геаграфічны факультэт БДУ. У 1995-м Павал Севярынец уступіў у БНФ “Адраджэньне”. Чатыры гады быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 – лідэрам “Маладога фронту”.

У 2005 годзе Павал быў прызнаны менскім судом вінаватым у арганізацыі акцыяў пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году і да 2007-га адбываў пакараньне абмежаваньнем волі на лесанарыхтоўках на Полаччыне, у вёсцы Малое Сітна. Цяпер працуе над адраджэньнем палітычнай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG