Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы зь сябрам саромеліся, што не забілі міліцыянта…”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – мастак Алесь Пушкін. Яму 43 гады. Праходзіў службу ў Аўганістане. Працаваў у Віцебску і Магілёве. Пасьля 1994 году паехаў жыць у мястэчка Бобр, што ў Крупскім раёне. Расьпісаў царкву, дзе й павянчаўся, мае дваіх дзяцей. Піша і рэстаўруе абразы, карціны, робіць росьпісы, вітражы, займаецца мастацтвам пэрформансу. Неаднаразова Пушкіна затрымлівалі і судзілі за арганізацыю “няправільных” акцыяў.

На мінулым тыдні мастака жорстка зьбілі падпітыя мясцовыя хлопцы. Паводле Пушкіна, за тое, што ён размаўляў па-беларуску. Міліцыянты хацелі завесьці з факту зьбіцьця крымінальную справу, аднак пацярпелы мастак вырашыў лёс хлопцаў іначай: падахвоціў пакаяцца ў царкве.

На працягу гэтага тыдня Алесь Пушкін расказвае аб рэальных жыцьцёвых сытуацыях, якія выводзяць на асэнсаваньне праблемы таемства пакаяньня. Ён просіць дыскутаваць, дзяліцца сваімі думкамі праз аўтаадказьнік (менскі нумар 266-39-52) і сайт.

Некаму маналёгі Пушкіна могуць падацца абсалютна эксцэнтрычнымі, іншым – надзвычай сумленнымі. Пры канцы тыдня прагучыць перадача, дзе будуць падсумаваныя гэтыя водгукі і развагі – перадача на тэму “Дараваньне: калі, каму і ці заўсёды?”.

Сёньня Алесь Пушкін расказвае чарговую драму свайго жыцьця…

– 1985 год. Кабул. Лета. Я ў складзе акупацыйных савецкіх войскаў у Аўганістане.

Ня буду хаваць праўды: мы былі там сярод іншага і марадэрамі.

Праяжджаючы каля дуканаў – невялічкіх такіх крамак, звычайна заходзілі туды, настаўлялі аўтаматы, забіралі, як правіла, бутэльку гарэлкі і драбязу – гадзіньнічкі там розныя, усякія жуйкі, зрывалі павешаныя хусткі...

І вось з масквічом Андрэем Зудковым прарабляем гэтую застрашальную апэрацыю, забіраем свае “ваенныя трафэі”, выходзім, заскокваем у машыну, вадзіцель пачынае памаленьку ад'яжджаць.

Тут раптам выбягае старая жанчына, плюе ў наш бок і крычыць: “Шураві кусмудар!” – самы жахлівы мусульманскі праклён.

Адначасова зьяўляецца мясцовы міліцыянт – царандой. Ён настаўляе на нас аўтамат, мы ў адказ ускідваем свае, з устойлівымі кулямі, далёкай дасягальнасьцю...

Я чакаю, пакуль Андрэй пачне страляць, ён – пакуль я! Царандоевец таксама не адважваецца націснуць курок. І марудна так ад'яжджаем...

Калі вярнуліся ў сваю частку, нікому пра тое не расказалі: проста выпілі з хлопцамі гарэлку, падзялілі аднятыя падаруначкі... Той эпізод з аўтаматамі, што не “запрацавалі”, здаваўся нам маладушшам. Мы не глядзелі адзін аднаму ў вочы. З-за чаго? Думалі, трэба было ўсё ж страляць, не цырымоніцца, бо фактычна ж была пагроза жыцьцю...

Гэта мы тады так меркавалі і саромеліся за сваю палахлівасьць... За сваю салдацкую слабасьць...

А вось праз 23 гады я, наадварот, дзякую Богу, што тая трагедыя не адбылася – Бог тады засьцярог мяне ад сьмертазабойства.

Вось як мяняюцца погляды.

І гэтаксама тыя хлопцы, якім я дараваў сваё зьбіцьцё, магчыма, праз 23 гады зразумеюць, чаму яны стаялі на споведзі, чаму яны каяліся і чаму іх поп прычасьціў сьветлымі Хрыстовымі тайнамі.

Ну а сёньня, як некалі і я, яны, мабыць, лічаць гэтае пакаяньне маладушшам...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG