Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: “Быць беларусам – маральны стандарт”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на радыё “Свабода” – палітык і публіцыст, былы палітычны вязень Павал Севярынец. Штодня на нашым сайце развагі Севярынца пра значэньне веры ў беларускім грамадзтве.


– Беларуская нацыянальная ідэя – сутнасна хрысьціянская.

Пытаньне “Дзеля чаго мы, беларусы, жывем як нацыя?” не дае спакою, напэўна, кожнаму нацыянальна сьведамаму беларусу. Мы начутыя пра розныя праекты беларускай нацыянальнай ідэі. Савецкі. Ліцьвінскі. Паганскі. Расейскі. Сёньняшні чырвона-зялёны...

Але, на мой погляд, усе яны ўнікаюць самай сарцавіны – беларускай нацыянальнай ідэі.

Ёсьць просты спосаб вызначыць яе. Гэта – агледзець, прааналізаваць усю тысячагадовую гісторыю Беларусі. І калі зрабіць тое, то стане зразумелым: абсалютная большасьць выдатных беларусаў, абсалютная большасьць гістарычна значных беларускіх дзеяў былі ўнікальна-хрысьціянскімі.

І ўласна кажучы, у беларускай форме ўвесь час зьзяў хрысьціянскі зьмест.

Беларусь у самым сэрцы Эўропы нясе вельмі незвычайную місію.

У свой час амэрыканскі амбасадар Крол сказаў, што гэта сумленьне Эўропы. Такая фармулёўка падаецца мне вельмі важнай.

Значнасьць нацыі, як і значнасьць любой асобы вызначаецца ня тым, колькі яна мае або колькі яна захапіла, а тым, колькі яна аддала.

Беларусы аддавалі ўсё сваё жыцьцё.

Таму, на мой погляд, быць беларусам – гэта быць хрысьціянінам.

А яшчэ быць беларусам – гэта маральны стандарт.

Паўлу Севярынцу – 32 гады. Скончыў з залатым мэдалём школу, а затым геаграфічны факультэт БДУ. У 1995-м Павал Севярынец уступіў у БНФ “Адраджэньне”. Чатыры гады быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 – лідэрам “Маладога фронту”.

У 2005 годзе Павал быў прызнаны менскім судом вінаватым у арганізацыі акцыяў пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году і да 2007-га адбываў пакараньне абмежаваньнем волі на лесанарыхтоўках на Полаччыне, у вёсцы Малое Сітна. Цяпер працуе над адраджэньнем палітычнай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG