Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Салаш: “За “паклёп” мне далі 25 базавых велічынь…”


Сёньня ў Барысаве адбыўся суд над нашым грамадзкім рэдактарам тыдня Сержуком Салашам, якога прадстаўнікі ўладаў абвінавацілі ў паклёпе.

Грамадзкі рэдактар тыдня – барысавец Сяржук Салаш. Яму 34 гады, сябра Партыі БНФ. Сёлета ішоў на парлямэнцкія выбары, аднак зноў – як спачатку ў 2004-м, а затым і ў 2007-м гадох – сустрэў супраціў з боку выбарчай камісіі. Калі чатыры гады таму праз ЦВК Сяржук здолеў дамагчыся рэгістрацыі, дык падчас мінулай кампаніі быў наагул арыштаваны. Сёлета Салашу таксама не дазволілі удзельнічаць у выбарах: сакратарка выбарчай камісіі № 62 сп-ня Стасава і намесьніца старшыні райвыканкаму сп-ня Шутко абвінавацілі яго ў паклёпе. Увечары 10 верасьня ў Барысаве адбыўся суд.

Адразу пасьля суду мы зьвязаліся зь Сержуком Салашам. Нагадаем – ён намесьнік дырэктара інфармацыйна-аналітычнага агенцтва “Эўрапейская хваля”.

Салаш: “У прынцыпе, я разьлічваў прыблізна на той прысуд, які толькі што быў агалошаны.

Справа і без таго шытая абсалютна белымі ніткамі. А дадаліся яшчэ новыя: спадара Мілінкевіча як сьведку нібыта майго выказваньня пра двух дам з барысаўскай вэртыкалі на суд фактычна не запрасілі. Аднак прадэманстравалі позву зь нібыта подпісам Мілінкевіча. Калі ж я тэрмінова дазваніўся да яго, то высьветлілася – ніхто ніякай позвы не прыносіў.

Я папрасіў, каб суд перанесьлі на раніцу – у такім разе спадар Аляксандар пад’ехаў бы ў Барысаў. Аднак такое пытаньне нават ня сталі разглядаць.

Між тым адна з заяўніц – намесьніца старшыні райвыканкаму – наагул адсутнічала: даслала тэлеграму, што мусіць быць на нейкім шараговым паседжаньні ў Менску…

Адпаведна напоўніцу далі выказацца асобам, цалкам ёй падпарадкаваным. У прыватнасьці, спадарыня Стасава, а таксама супрацоўнікі райвыканкаму спадары Малевін і Данская.

У супрацьвагу ім словы другога майго сьведкі – юрыста Алега Мацкевіча, зразумела, не былі прынятыя пад увагу.

У выніку, усё было “даказана”.

Я атрымаў 25 базавых велічыняў.

Будзем абскарджваць прысуд. У прыватнасьці подпіс, які стаіць на позьве Мілінкевічу. Ёсьць і некаторыя іншыя юрыдычныя нюансы. Апэляцыю падамо ў Менскі абласны суд.

Але канечне, ніякай веры ў тое, што мяне апраўдаюць, няма. Бо ўсе пытаньні ў гэтай краіне, зьвязаныя з выбарамі, заўсёды выйграюць прадстаўнікі ўлады.

Але гэты працэдурны шлях трэба прайсьці да канца, каб зафіксаваць тое, што адбывалася. А калі ў краіне зьменіцца палітычны клімат і суды насамрэч стануць незалежнымі, да ўсіх гэтых пытаньняў можна вярнуцца. Тады й пабачым, на чыім баку была рацыя. Хто на каго ўзводзіў паклёп”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG