Калі чатыры гады таму праз ЦВК Сяржук здолеў дамагчыся рэгістрацыі, дык падчас мінулай кампаніі быў наагул арыштаваны. Сёлета Салашу таксама не дазволілі удзельнічаць у выбарах – ён ішоў па вясковай акрузе. Аднак у суседняй – Барысаўскай гарадзкой – зарэгістравалі абодвух дэмакратычных кандыдатаў. Выпадкова або спэцыяльна? Слова – намесьніку дырэктара інфармацыйна-аналітычнага агенцтва “Эўрапейская хваля”, грамадзкаму рэдактару тыдня Сяржуку Салашу.
– Зрабіць яўку на гэтых парлямэнцкіх выбарах дастаткова складана. Дэмакратычны электарат Барысава ад пачатку адмоўна ставіўся да іх. Ня лепшы настрой і ў так званага “электаральнага балота”, якое ўжо нікому ня верыць.
І ўладзе найперш трэба забясьпечыць уплыў на непадкантрольную, ідэалягізаваную частку гараджан. Вось чаму беспраблемна зарэгістравалі вылучэнца АГП Віктара Гарбачова, хоць пры жаданьні лёгка маглі й прычапіцца.
Што да Анатоля Букаса, дык тут было хітрэй: напачатку яму пад надуманай дробязнай прычынай адмовілі, хоць ведалі – той будзе абскарджваць гэтае рашэньне і даб’ецца рэгістрацыі. Аднак улады Барысава не маглі проста так дараваць Букасу, што ягоная незалежная газэта па-свойму адлюстроўвае гарадзкое жыцьцё. Вырашылі, як кажуць, хоць крыху, аднак папсаваць крыві.
Пазьнейшая рэгістрацыя Букаса была прадуманым крокам, каб сутыкнуць яго найперш з Гарбачовым, а не праўладным вылучэнцам. Ход вэртыкалі грунтуецца на тым, што нават я (хай хлопцы не крыўдуюць) ня бачу розьніцы паміж імі. Іхныя культурныя коды – аднолькавыя.
Іншая рэч, каб быў зарэгістраваны, скажам, прабеларускі кандыдат, ці беларускамоўны, кандыдат беларускай культуры ці беларускіх поглядаў… Тут ужо сытуацыя была б крышачку іншай, цікавейшай. А так яны аднолькавыя, у прынцыпе. Таму й будуць разьбіваць паміж сабой электарат.
Вось і атрымліваецца: улады на месцах да выбараў больш падрыхтаваныя. Па-першае, яны ўсё кантралююць – па вэртыкалі і па гарызанталі. А сярод дэмакратаў у сваю чаргу заўсёды было цяжка знайсьці адзіны знамянальнік – згоду. Не, тут кожны – пан сам сабе. А ў райвыканкаме ўсё па-іншаму: ня выканаў – ляціш з працы.
Таму калі не прыйдзем да рэальнага адзінства, перамагаць проста нерэальна.
І другое. Мне ня надта падабаюцца безапэляцыйныя выказваньні дэмакратычных кандыдатаў, якія маюць у суперніках такіх жа самых апазыцыянэраў, як і яны самі: “Буду перамагаць ня толькі кандыдата ад улады, але і вось гэтага таксама!”
Мне здаецца, гэта вельмі няправільна. У гэтых пытаньнях трэба быць больш асьцярожнымі.