Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пэрспэктыва дэмакратычнай Беларусі найперш залежыць ад жанчын”


Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Ўладзімер Арлоў закончыў гістфак БДУ, працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Ён аўтар больш за трыццаць кнігаў прозы, эсэістыкі й паэзіі. "Таямніцы полацкай гісторыі" і "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі" ўвайшлі ў сьпіс 100 найбольш папулярных беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя.

Днямі яму ўручылі прэмію імя Васіля Быкава «За свабоду думкі».

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня прапанаваў журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Беларуская жанчына: гісторыя, сучаснасьць, будучыня”. Як чалавек творчай прафэсіі, спадар Арлоў найперш замовіў прааналізаваць, як пачуваюць сябе беларускі ў літаратуры, мастацтве, культуры?

Сьвятлана Алексіевіч: “Каб захаваць у сабе асобу патрабуецца вельмі шмат сілаў і мужнасьці”

Афіцыйна ніхто, безумоўна, не аспрэчвае творчыя здольнасьці жанчын. Чаму ж тады калі гэта вядомы пісьменьнік, мастак, тэатральны рэжысэр, то звычайна – мужчына? Ці перашкаджаюць мужчыны рабіць кар’еру жанчынам на творчай ніве? Што пра гэта думаюць мінакі на вуліцах Горадні?

Спадар: “Я думаю, яны ніяк не прайграюць. Ёсьць многа таленавітых жанчын пісьменьніц і паэтаў, таму я лічу, што яны ў дадзенай сытуацыі нічым не саступаюць. Хаця я люблю клясыку, і ў асноўным у мяне мужчыны – Ясенін, Лермантаў напэўна на першых месцах стаяць. Ну, а жанчыны… (змушана сьмяецца)”.

Спадарыня: “Я думаю, што жанчына па старынцы болей у сям’і, і ёй гэта болей важна – муж і сям’я. А творчыя жанчыны, яны ёсьць, але іх проста менш у параўнаньні з мужчынамі. Я ня думаю, што мужчыны перашкаджалі б творчай жанчыне ў яе разьвіцьці”.

Малады спадар: “Я магу сказаць толькі пра прафэсію рэжысэра. Мне здаецца, гэта цалкам мужчынская прафэсія. Чаму? Рэч у тым, што каб кіраваць калектывам, трэба мець жорсткі характар і мне здаецца, гэта не зусім пасуе жанчынам, і яны гэты выдатна разумеюць, таму іх мала ў нашай прафэсіі”.

Дарэчы, грамадзкі рэдактар тыдня Ўладзімер Арлоў у сваёй кнізе “Краіна Беларусь” адным зь першых расказаў шырокаму чытачу пра славутых беларускіх жанчын. І калі кіраўнік творчай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін пачаў нядаўна ствараць жывапісную галерэю выбітных беларусаў, ён скарыстаўся той інфармацыяй, і цяпер сярод трох дзясяткаў партрэтаў зьявяцца жаночыя постаці.

Пачнецца галерэя фактычна першай кананізаванай сьвятой у Эўропе – Эўфрасіньняй Полацкай, якая трывала ўвайшла ў духоўнае жыцьцё ўсіх беларусаў. Наступная гераіня – Саламея Русецкая, лекарка, якая стала гэткім мостам паміж Эўропай і Азіяй. Далей – Эмілія Плятэр. Яшчэ бліжэй да нашага часу – Цётка. Сярод сучасьніц – Ларыса Геніюш і Натальля Арсеньнева, а таксама Палута Бадунова, вобразам якой мастак сваю галерэю плянуе закончыць. Аднак пры гэтым не выключае, што пляны можа адкарэктаваць цэлая повязь асобаў змагароў за самастойную, незалежную, сувэрэнную краіну.

Сьвятлана Алексіевіч
Натуральна, што колькасьць славутых беларусак, якія не ўвайшлі ў галерэю Аляксея Марачкіна, у разы большая. У шэрагу знаных сучасьніц –журналістка і пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. Цяпер жыве і працуе ў Швэцыі. Шкадуе, што, хутчэй за ўсё, яе лёс наканавана паўтарыць іншым разумным, але незапатрабаваным у цяперашняй Беларусі людзям. Больш часу цяпер праводзіць за акіянам, у Канадзе, і Вольга Іпатава – пісьменьніца, якая праславілася на ніве гістарычнага раману.

Паводле Сьвятланы Алексіевіч, цяперашняе “разбазарваньне” генафонду ў будучым прывядзе да сумных наступстваў у маштабах усёй краіны:

“Пры любой разнавіднасьці сёньняшняй беларускай улады я хачу сказаць маладым людзям, якія ўсё роўна будуць нейкім чынам усяму гэтаму супрацьстаяць, што ад іх запатрабуецца вельмі шмат сілаў і мужнасьці, каб сапраўды захавацца. Бо рана ці позна, але будуць новыя часы. І будуць моцныя асобы. Але як іх потым знайсьці, адкуль яны потым зьявяцца, калі навокал – выпаленая зямля, калі адбываецца суцэльная зачыстка?”

Яшчэ за савецкім часам праславілі Беларусь майстры тэатральнай сцэны – Стэфанія Станюта, Аляксандра Клімава, Галіна Макарава, Зінаіда Браварская. Гэта сапраўды вялікія тэатральныя постаці. Іх справу сёньня працягваюць маладыя акторкі, некаторыя зь якіх ужо атрымалі міжнароднае прызнаньне. Яскравым прыкладам – акторка купалаўскага тэатру Сьвятлана Зелянкоўская, якая, праўда, запомнілася гледачам у тым ліку дзякуючы галоўнай ролі ў гістарычнай кінастужцы “Анастасія Слуцкая”.

Шмат вядомых жаночых імёнаў ужо дала і працягвае даваць музычная сцэна. Гіт-парад паводле музычнага крытыка Зьмітра Падбярэзскага:

“Сучасныя прымадоны – Кася Камоцкая, Вераніка Круглова. З маладзейшых – бадай што Руся найбольш яскравая як асоба. А ўвогуле, калі меркаваць па запісах, што зараз мне пачалі трапляць, дык дзяўчат, якія сьпяваюць у розных стылях і манэрах, досыць шмат. Але пакуль мала хто зь іх у асобу вырастае”.

Папулярныя ў замежжы беларускія мастачкі. За акіянам беларускую школу ўскосна прадстаўляе Івонка Сурвіла, хоць сваё майстэрства з аб’ектыўных прычынаў адточвала на чужыне. Летась у Варшаве была адкрытая галерэя сучаснага мастацтва ZOYA. Нягледзячы на польскую прапіску, да Беларусі яна мае непасрэднае дачыненьне – адной са стваральніц і арт-дырэктарам галерэі стала вядомая беларуская мастачка Зоя Луцэвіч.

Яшчэ адна шырока вядомая асоба – фотамастачка Алена Адамчык. Некалькі гадоў таму выдала літаратурны фотаальбом “Беларускі”. Яе гераіні – яскравыя, прыгожыя беларускія жанчыны.

“Для адных Беларусь – месца нараджэньня, для кагосьці – зямля продкаў, а хтосьці зрабіў тут пасьпяховую кар’еру. Усе жывуць у розных краінах, але ўсе яны – беларускі”, – ацэньвае сваю працу Алена Адамчык.

Камэнтуе Ўладзімер Арлоў:

– Зорка першай велічыні – асьветніца Эўфрасіньня Полацкая. Магчыма, самая адукаваная жанчына ва ўсёй Эўропе дванаццатага стагодзьдзя. Нашая першая мэцэнатка, перакладчыца, аўтарка ўласных літаратурных твораў…

Я лічу, што дзень яе памяці – 5 чэрвеня – некалі абавязкова стане нашым агульнадзяржаўным сьвятам.

У часы больш блізкія да нас – Францішка Уршуля Радзівіл, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Леся Беларуска, Ларыса Геніюш, Натальля Арсеньнева… Сярод нашых сучасьніц – Вольга Іпатава.

Вы заўважылі, што я кажу толькі пра жанчын у літаратуры. А ў нас жа ёсьць і выдатныя жанчыны-мастачкі, кампазытаркі, акторкі, сьпявачкі… Ва ўсіх сфэрах творчасьці нашы жанчыны выяўляюць сябе на роўных з прадстаўнікамі так званай “моцнай” паловы нацыі.

А на заканчэньне – афарызм вядомай канадыйскай пісьменьніцы дваццатага стагодзьдзя Шарлёты Ўітан. Яна заўважыла, што любую справу жанчына мусіць рабіць удвая лепей мужчыны, каб заслужыць хаця б палову павагі. На шчасьце, гэта няцяжка, падвяла спадарыня Шарлёта.

І я мяркую, беларускія жанчыны-творцы маглі б зь ёю пагадзіцца.


Лідзія Ярмошына: “Што да палітычнай пасіўнасьці дэпутатак, дык я спадзяюся, што новы парлямэнт выправіць гэтую памылку”

Калі спадар Арлоў пералічваў постаці выбітных беларусак-творцаў – Уршулю Радзівіл, Цётку, Ларысу Геніюш, заўважаецца, што большасьць зь іх асацыіруецца ня толькі зь літаратурай, але й з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, а то й наўпрост з палітыкай. А ці атрымала працяг даўняя традыцыя ўдзелу прыгожай паловы ў сёньняшнім палітычным, грамадзкім жыцьці краіны? Вось адзін толькі факт: калі пасьля распаду СССР сыстэма рэзэрваваньня месцаў у Вярхоўным Савеце была ліквідаваная, дык колькасьць дэпутатак з 37 працэнтаў зьменшылася ажно ў дзесяць разоў.

А цяперашняе фактычнае аднаўленьне савецкай выбарчай сыстэмы толькі прыхавала гэтую тэндэнцыю. Між тым у суседніх краінах – Украіне, Латвіі – жанчыны ўжо заяўляюць пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Ну а што беларускі? Такім чынам – чарговы фрагмэнт апытаньня на гарадзенскіх вуліцах.

Карэспандэнт: “Ці рэальная жанчына-прэзыдэнт – у нас, ці ў суседняй краіне?”

Спадарыня: “У прынцыпе, напэўна, рэальна, яна больш гаспадарлівая (сьмяецца). Хай кожны займаецца тым, чым лічыць патрэбным. Калі жанчына выбрала сабе шлях у палітыку, хай яна ёю займаецца”.

Карэспандэнт: “Жанчына-прэзыдэнт — гэта рэальна?”

Малады спадар: “Цалкам рэальна. Я б за жанчыну прагаласаваў, каб ведаў, да чаго яна імкнецца. Усе, хто імкнуцца да прэзыдэнцкага фатэля, абяцаюць шмат, але палову не выконваюць. Мне здаецца, жанчына ня будзе так падманваць, як той жа самы мужчына. Даверу болей да жанчыны, калі толькі ёю ня будуць мужчыны кіраваць, калі ёю ня будуць маніпуляваць іншыя”.

Сталы спадар: “Жанчына-прэзыдэнт? Я думаю, што ў Польшчы гэта рэальна. Ва Ўкраіне і ў нас – нерэальна. Я б за жанчыну (задумваецца) мог бы прагаласаваць, у мяне адмоўнага стаўленьня няма. Хаця ў пераважнай большасьці яны, канечне, непрыдатныя. Бываюць выключэньні, Мэркель у ФРГ”.

Карэспандэнт: “Жанчына-прэзыдэнт, гэта – магчыма ў Беларусі?”

Малады спадар: “Чаму б не? Бо ў іншых краінах ёсьць. Прэзыдэнт – гэта ўжо клопат пра людзей, гэта бліжэй да мацярынства, напэўна. Калі я бачу, што будучы прэзыдэнт гатовы ўзяць сваіх дзяцей у рукі, то чаму б не?”

Гэта былі меркаваньні гарадзенскіх шарагоўцаў. Ну а што думаюць пра беларусак-палітыкаў спадарыні, якія добра ведаюць рэаліі палітычнага жыцьця?

Людміла Гразнова
Найперш тут цікавыя меркаваньні жанчын, якія ўжо дасягнулі пэўных посьпехаў у палітычнай карь’еры. Прыкладам, Людміла Гразнова была дэпутаткай парлямэнту. Яна – адзін з кіраўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Спадарыня Гразнова цьвердзіць: паміж патэнцыйнымі магчымасьцямі жанчын й іхнім рэальным становішчы на беларускім палітычным полі – велізарная дыстанцыя:

“Гэта адчуваецца на розных роўнях: раённым, сталічным, нацыянальным. А некалькі вядомых жаночых імёнаў – гэта вельмі мала. Гэта – кропля з таго, што маглі б зрабіць жанчыны”.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына лічыць: у палітыцы жанчын значна больш за тыя два прозьвішчы (яе і Натальлі Пяткевіч), якія цяпер на слыху:

Лідзія Ярмошына
“У нас дастаткова многа жанчын-дэпутатаў. Але ў нас звычайна гавораць пра парлямэнт наагул і рэдка пра кагосьці асабіста. Можа, жанчынам патрэбна быць больш актыўнымі. І я спадзяюся, новы парлямэнт выправіць гэтую памылку.

У нас ёсьць жанчына-міністар, у нас дастаткова многа жанчын намесьніц міністраў. Адзінае, можа, функцыі ў іх не палітычныя, а эканамічныя. Таму я думаю, казаць, што ў нас такая ўжо прыкрая абстаноўка, нельга”.

Людміла Гразнова ўпэўненая: трэба мяняць дзяржаўную палітыку ў дачыненьні да жанчын, паколькі на іхнюю долю выпадае надзвычай высокая нагрузка:

“Жанчына ня толькі кіруе ў сям’і, дома. Яна шмат працуе на вытворчасьці. І хаця яна не заўсёды там на першых ролях, але ноша яе вельмі цяжкая. Таму яна і часам зрываецца на крык. І я вельмі занепакоеная тым, што гэты жаночы лямант з цягам часу ператворыцца ў публічны. І тады ўладам будзе вельмі дрэнна. Бо бунт, асабліва бунт баб – гэта такая рызыкоўная штука.

Я мяркую, што на ўсіх узроўнях, на ўсіх публічных пляцоўках, дзе дзяржава можа паўплываць на становішча, яна павінна дапусьціць жанчын ва ўладныя структуры. Яна павінна паслухаць іх голас. І гэта тычыцца ня толькі дзяржавы, але і незалежнай апазыцыйнай палітыкі”.

Лідзія Ярмошына разьлічвае на паступовы прагрэс. І згадвае, калі яе ў 1996 годзе прызначылі старшынёй Цэнтарвыбаркаму, дык пра гучныя жаночыя імёны ў палітыцы гаворкі наагул не было. А маруднасьць працэсу яна тлумачыць так:

“Можа, гэта зьвязана з пэўнай жаночай мэнтальнасьцю. Жанчыны ня вельмі любяць высоўвацца, шчыра кажучы. Нават калі яны працуюць у палітыцы. Ды і цалкам верагодна, што яны працуюць пераважна на другіх ролях. І забясьпечваюць тылы першай асобе-мужчыну”.

Людміла Пеціна – сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня “Жаночы незалежны дэмакратычны рух”:

“У палітыцы жанчыны прадстаўленыя зусім не шырока. Нягледзячы на тое, што ў цяперашнім парлямэнце жанчын 30%. Аднак ён не зьяўляецца самастойнай палітычнай адзінкай, і бальшыня дэпутатаў, у тым ліку і жанчыны, ня сталі палітычнымі суб’ектамі. Некаторыя жанчыны-парлямэнтары нават публічна кажуць, што яны не займаюцца палітыкай. Але ж яны займаюць палітычныя пасады”.

Спадарыня Пеціна адзначае: ёсьць тэндэнцыя зьніжэньня ролі жанчын і ў апазыцыйных палітычных партыях:

“Яшчэ 10 гадоў таму мы рабілі дасьледаваньне. І тады прадстаўніцтва жанчын у вышэйшых кіруючых органах было не шырокае. А зараз практычна ва ўсіх партыях тут бачна зьніжэньне долі жанчын.

У абмежаваных беларускіх рэсурсных умовах жанчыны больш заклапочаныя выжываньнем – сваёй сям’і і сябе. І каб жанчыны ішлі ў палітыку, трэба каб працавалі спэцыяльныя праграмы. Яны мусяць быць дзейнымі. І трэба, каб гэтым займаліся партыі і грамадзкія арганізацыі”.

Камэнтуе Ўладзімер Арлоў:

– Калі я думаю пра беларускіх жанчын-палітыкаў, заўсёды першай згадваю Палуту Бадунову. Не сумняваюся, што некалі на яе радзіме ў гомельскай Навабеліцы зьявіцца помнік гэтай жанчыне.

Мы зазвычаіліся казаць пра “бацькоў” Беларускай Народнай Рэспублікі. А Бадунову можна было б (хоць гэта прагучыць нязвыкла) назваць “маці” БНР. У 1938 годзе жыцьцё яе абарвала куля ката з НКВД.

Калі казаць пра беларусак-палітыкаў пачатку ХХ1 стагодзьдзя, я найперш назваў бы, напэўна, імёны Ніны Стужынскай, Людмілы Гразновай, Валянціны Сьвяцкай.

Гляджу на гераічных, дарма што зусім юных маладафронтавак, да прыкладу на Насту Палажанку, і думаю, што ў згаданых мною палітыкаў-жанчын ужо расьце таленавітая зьмена.

Аднойчы ў сваёй прамове Нэнсі Астор – першая жанчына, якая стала брытанскім парлямэнтарыем, паставіла пытаньне: што можа быць горш, чым сьвет, якім кіруюць мужчыны? І сама адказала: “Напэўна, толькі сьвет, што знаходзіцца пад кіраўніцтвам жанчын”. Кажуць, гэтыя словы прынесьлі ёй сымпатыю суграмадзянаў і дапамаглі застацца ў гісторыі брытанскага парлямэнтарызму”.


Адам Глёбус: “Зрушылася ўсё. Нармальную жанчыну чамусьці называюць сьцервай ці авантурысткай. Гэта ўсё з-за фэмінізму”

На погляд Уладзімера Арлова, мінулыя і сёньняшнія рэаліі дзяржавы істотна паўплывалі на характар беларускі – у пэўнай ступені абвастрылі яго, нават дадалі авантурызму. Ці згодныя з такой высновай пісьменьніка ягоныя шараговыя чытачы?

Карэспандэнт: “Ці ведаеце вы жанчын з авантурным характарам?”

Сталы спадар: “Асабіста я такіх ня ведаю, але дзесьці побач праходзілі… Я ведаю, што яны ёсьць. Часта гэта неўладкаваныя жанчыны ў асабістым жыцьці, у іх энэргія ёсьць, падпірае, як кажуць, і яе трэба некуды прыладкоўваць. Такіх людзей няшмат, але апошнім часам стала болей. Яны прасьцей прыстасоўваюцца да новых зьменлівых умоваў”.

Малады спадар: “Ёсьць такія жанчыны, але я ведаю жанчын не беларускай нацыянальнасьці. Гэта літоўкі, яны авантурныя жанчыны, і я ведаю некаторых зь іх, якія нават у Горадні маюць свае фірмы, дастаткова пасьпяховыя. Беларускі ў бізнэс ня рвуцца, я лічу”.

Спадарыня: “Жаночы авантурызм існуе. Гэта, напэўна, абраныя асобы. У кожнага пэўна ёсьць хтосьці знаёмы авантурыст, і напэўна ў кожнай жанчыны ёсьць гэтая рысачка, проста ў болей ці меней выразнай ступені”.

Карэспандэнт: “А ў Вас ёсьць?”

Спадарыня: “Канечне, інакш бы я ня стала з вамі размаўляць”.

Паводле тлумачальнага слоўніка, авантурыст – той, хто схільны да авантураў. А пад авантурай маецца на ўвазе рызыкоўны, сумнеўны пачын без уліку рэальных сілаў і ўмоваў, разьлічаны на выпадковы посьпех. Дык якая яна – беларуская авантурыстка? Гэты тыпаж сапраўды прысутнічае ў сёньняшнім жыцьці, альбо засталіся толькі згадкі пра яго ў легендах, паданьнях ды гісторыі Беларусі?

Пісьменьнік і выдавец Адам Глёбус:

“Зрушылася ўсё. Нармальную жанчыну чамусьці называюць сьцервай ці авантурысткай. Проста жанчыны дынамічныя, тэмпэрамэнтныя называюцца ня тымі словамі. Гэта ўсё з-за фэмінізму. Фэмінізм надакучыў людзям”.

А насамрэч вобраз авантурысткі, на погляд Адама Глёбуса – досыць рамантычны:

“Слова з 18-га стагодзьдзя, шчыра кажучы. Калі пісаліся авантурныя раманы, то авантурыстка – гэта іх гераіня”.

Грамадзкая актывістка зь Верхнядзьвінску Валянціна Кудлацкая лічыць, што на авантуры беларускую жанчыну могуць справакаваць штодзённыя жыцьцёвыя віры:

“Я ў пэўнай ступені аднясу і сябе да тых жанчын. Бо ўзьнікаюць па жыцьці гэткія сытуацыі, калі трэба прыняць нейкае рашэньне, прадпрыняць авантуру. Узьнікла, прыкладам, сытуацыя зь дзіцем, калі трэба было вельмі тэрмінова знайсьці дапамогу. І лёс склаўся так, што мне патрапіў патрэбны нумар. Гэта было тэлефанаваньне на вядомую міжнародную мэдычную службу. І калі я патлумачыла, што нам трэба, і літаральна праз суткі мы мелі патрэбныя паперы і дыягназ, гэта была сапраўдная авантура. Я наагул не спадзявалася, што пытаньне вырашыцца”.

Ніна Стужынская
Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, стваральніца і старшыня арганізацыі “Беларуская жаночая ліга”, успрымае паняцьце авантурызму досыць рамантычна. Прыкладаў, кажа гісторык, у беларускім мінулым шмат. Ганьне Доўгерт быў 21 год, калі яе расстралялі за арганізацыю паўстаньня ў Беларусі.

“Выдатныя разьведчыцы, выбітныя асобы... Я глядзела дакумэнты ў спэцархівах па нашай Ганьне Доўгерт, якая ў ліпені 1921 году прыйшла ў Мінск, каб спраўдзіць, наколькі добра падрыхтаваліся да паўстаньня супраць бальшавіцкай улады беларусы. На той момант ёй 21 год. Уявіце сабе. Ужо за плячыма – багацейшая біяграфія ўдзелу ў руху супраціву. Яна служыла да Барыса Савінкава ў атамана Махно, атамана Струка. Яна была даверанай асобай Барыса Савінкава. Яна была нявестай атамана Дзергача. Гэта была іхняя сумесная справа – змаганьне за вольную дэмакратычную Беларусь. Вось я лічу гэты шлях – і авантурысцкі, і жанчыны мужнай, і жанчыны зь нейкімі ідэаламі, бо яна не за грошы гэта рабіла. Самай галоўнай матывацыяй была помста. Бо яе бацькоў і братоў расстралялі ў кіеўскім ЧК”.

Іншы ўзор жаноцкага авантурызму – паплечніца Ганны па беларускай сялянскай партыі “Зялёны дуб”:

“Другая Ганна – Ганна Бруевіч. Яе ў рух супраціву прывяло каханьне да маладога чалавека, вядомага ў Беларусі эсэра Яўгена Міцкевіча. Пакаралі іх разам, бо сапраўды яны працавалі на арганізацыю паўстаньня. І, канечне, іх як дзяржаўных злачынцаў савецкая ўлада пакарала...”

Але сёньня гэткіх праяў жаночага авантурызму беларуская ўлада баіцца, кажа Адам Глёбус:

“Грамадзтва і дзяржава вельмі пільна сочыць. І нічога не дазваляе. Каб дазваляла, то ў нас у парлямэнце было б 25 працэнтаў авантурыстак. А не адзін-два”.

Камэнтуе Ўладзімер Арлоў:

– Як і любы эўрапейскі народ з багатым мінулым, мы мелі ў былых стагодзьдзях і сваіх славутых авантурнікаў. Але калі ў гісторыі іншых народаў першыя месцы тут найчасьцей займалі мужчыны, то ў нас авантурніцай нумар адзін сталася якраз жанчына.

Яе звалі Саламея Пельштынова, ад нараджэньня Русецкая. І была яна родам з Наваградзкага ваяводзтва Вялікага княства Літоўскага. Гэтая шляхцянка-ліцьвінка ад маладосьці любіла страляць і заўсёды мела ў дарожнай калясцы пісталет і стрэльбу. Яна ведала некалькі эўрапейскіх моваў, зрабілася славутай лекаркай, якая зьдзіўляла сваімі здольнасьцямі Стамбул і Кіеў, Пецярбург і Львоў, была прынятая пры дварах турэцкага султана, расейскай імпэратрыцы і аўстрыйскага імпэратара.

Яна выкупляла палонных хрысьціянаў, заводзіла бурныя раманы і пакінула таленавітыя мэмуары.

Эмілія Плятэр жыла ўжо ў іншую эпоху. У часе вызвольнага паўстаньня 1831 году маладая графіня пераапранулася мужчынам і сфармавала сваім коштам вялікі аддзел інсургентаў і ўзначаліла яго.

Ведаю, што авантурнасьць у яе лепшых праявах, уласьцівая і сёньняшнім беларускам.

Днямі на сустрэчы з чытачамі ў Магілёве я сустрэўся з адной зь іх – Крысьцінай Шацікавай, гераіняй сакавіка-2006, бясстрашнай удзельніцай шмат якіх цяперашніх апазыцыйных акцыяў.

Можа быць, гэта пра такіх, як яна, Джозэф Конар сказаў: “Быць жанчынаю вельмі цяжка ўжо таму, што пераважна даводзіцца мець справу з мужчынамі”.


Разам з тым спадар Арлоў кажа, што ўсё ж асноўныя высілкі сучаснай беларускі прыпадаюць на сям’ю – гэта інэрцыя савецкай патрыярхальнай маралі, калі жанчыны жылі пад двайным цяжарам нагрузак: на працы і дома. І там, і там яна фактычна пастаўленая ў няроўныя ўмовы з мужчынамі. Дастаткова сказаць, што паводле апошніх дасьледаваньняў пад 80 працэнтаў хатніх абавязкаў перакладзена менавіта на так званы “слабы пол”. Між тым некалі роля беларускай жанчыны ў сям’і была зусім іншай – яе дакладна рэглямэнтавалі традыцыі, звычаі, а пазьней і пісьмовае права – Статут Вялікага княства Літоўскага.

Ад нараджэньня да шлюбу жанчына знаходзілася пад апекай маці, якая павінна была навучыць яе, як весьці гаспадарку, іншым жаночым справам. Пасьля шлюбу звычайна жанчына перабіралася да мужа. Кола абавязкаў мела свае асаблівасьці ў залежнасьці ад сацыяльнага становішча. Шляхцянкі і магнаткі, чые мужы звычайна знаходзіліся на службе, традыцыйна мусілі займацца ня толькі дзецьмі і гаспадаркай, а таксама справамі па ўтрыманьні маёнткаў, абароне сямейных, маёмасных інтарэсаў.

Распавядае гісторык Натальля Гардзіенка:

“Зь лістоў вядомай Францішкі Уршулі Вішнявецкай-Радзівіл мы ведаем, як яна абараняла маёнткі ў часы міжкаралеўя 30-х гадоў 18 стагодзьдзя. Фактычна яна засталася адна на гэтых маёнтках, і дапамагала ёй сьвякроў Ганна з Ангушкай Радзівіл, якая была маці Гераніма Фларыяна Радзівіла і Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Яна даволі рана засталася ўдавою, за часы сваёй амаль 40-гадовай самастойнай дзейнасьці як кіраўніца клану Радзівілаў яна змагла ня толькі ня страціць маёнткі, але і павялічыць іх колькасьць”.

Часта жанчыны даволі творча падыходзілі да сваіх абавязкаў. Прыкладам, Ганна Паўліна (з Сапегаў) Ябланоўская, якая гаспадарыла ў Сямятычах на Беласточчыне, напісала і выдала сямітомную працу “Рэкамэндацыі арандатарам земляў як весьці гаспадарку”. Францішка Уршуля Радзівіл пісала і перакладала п’есы, якія ставіліся ў Нясьвіскім тэатры.

Традыцыйнай сямейнай справай жанчын была і дабрачынная дзейнасьць.

У ВКЛ маёмасныя правы жанчын былі абароненыя паводле Статуту. Муж звычайна запісваў на жонку частку сваёй маёмасьці ў якасьці вена, прычым, памер гэтага вена залежаў ад пасагу. І пасьля сьмерці сужэнца альбо разводу жанчына заставалася абароненая.

З разьвіцьцём жаночай адукацыі, асабліва ў 18 стагодзьдзі, жанчыны сталі цікавіцца і грамадзкімі справамі, удзельнічаць у палітычным жыцьці, кажа гісторык Натальля Гардзіенка:

“Традыцыйна ўсе гэтыя ўдзелы, у тым ліку ў Барскай канфэдэрацыі ў 18 стагодзьдзі, якую называлі нават жаночай канфэдэрацыяй, усё гэта было зьвязана з забесьпячэньнем сямейных інтарэсаў, найчасьцей маёмасных. Прускаму каралю належыць фраза, што “ў Рэчы Паспалітай жанчыны кіруюць дзяржавай, у той час, калі мужчыны п’юць”. І для 18 стагодзьдзя гэта вельмі трапная фраза, якая адпавядае рэчаіснасьці”.

Беларускія жанчыны нават мелі права на развод. Каталіцкі касьцёл даваў толькі адну падставу для разводу – сьмерць сужэнца. Праваслаўная царква – пяць, а пратэстанцкая давала 10 мажлівасьцяў разьвесьціся, у тым ліку і кепскія, грубыя адносіны паміж сужэнцамі. Гісторык Натальля Анофранка распавядае:

“Якраз такі някепска абараняліся правы жанчыны, і маёмасны стан. У нас жа была спэцыфіка, шлюбы міжканфэсійныя. І шлюб да адмены Статуту заключаўся сьвятаром той канфэсіі, да якой належала нявеста. І пры разводзе менавіта гэты бок павінен быў разьбірацца са шлюбам”.

Калі землі ВКЛ былі далучаныя да расейскай імпэрыі, жанчыны вельмі моцна страцілі ў сваіх правах, кажа гісторык Натальля Анофранка:

“Статут, якія абараняў правы жанчыны, даваў ёй больш маёмасьці ў спадчыну, зьмянілі, і літаральна за год жанчыны пазбавіліся і сваёй маёмасьці, і шмат якіх сваіх правоў. Зь іншага боку, усё ж такі на нашых тэрыторыях жанчына была ня толькі маці, і ня толькі жонкай – яна павінна была быць грамадзянкай. Вось гэтыя вышэйшыя слаі грамадзтва, тыя ж самыя шляхецкія, яны арыентаваліся на тое, што жанчына выхоўвае дзяцей, і яна мусіць выхоўваць іх у такой грамадзянскай традыцыі. У гэтым было адрозьненьне менавіта ад рускіх жанчын – такая большая сьвядомасьць”.

Гэта былі меркаваньні гісторыкаў. Ну а як пачуваецца жанчына ў сучасных рэаліях? Апытаньне на вуліцах Горадні.

Карэспандэнт: “Сучасныя беларускія жанчыны, чым яны займаюцца больш – сям’ёю, бізнэсам, кар’ерай?”

Спадарыня: “Спрабуюць сумяшчаць і бізнэс, і сям’ю. Не заўсёды гэта атрымліваецца, але тым ня менш кампраміс дасягальны: надаваць увагу і працы і сям’і. Я сама спрабую гэта ўсё спалучаць. Дзіцяці, у першую чаргу, патрэбна мама. Жанчына-палітык, бізнэс-лэдзі не заўсёды можа надаць увагу непасрэдна дзіцяці, хаця я спрабую сумяшчаць усё…”

Другая спадарыня: “Сапраўдная жанчына заўсёды павінна заставацца жанчынай, месца мужчыны – кіраваць, маё меркаваньне”.

Трэцяя спадарыня: “Жанчына – гаспадыня, я таксама так лічу. Жанчына дома, на працы, занадта шмат ёй выпадае”.

Маладая мама: “Па-мойму аднолькава: і сям’я, і кар’ера, пароўну. Таму што калі не зарабляеш нармальныя грошы, то цяжка. Трэба мужу дапамагаць, ён жа ня можа цягнуць адзін сям’ю”.

Малады спадар: “У Беларусі падыход да жанчын застаўся са старых часоў як да маці і чалавека, які захоўвае сямейны ачаг. А што да прафэсійных спраў, то мужчына заўсёды наперадзе, ён змагар за дабрабыт сям’і”.

Камэнтуе Ўладзімер Арлоў:

– Рызыкну сказаць, што працяг існаваньня нашай краіны сёньня наўпрост залежыць ад жанчын.

Калі рэжым выціскае беларускую мову з адукацыі ды наагул з усіх сфэраў жыцьця грамадзтва, калі замест клопату пра народныя традыцыі ў сьвядомасьці беларусаў спрабуюць пабудаваць “лінію Сталіна”, калі ліквідуецца школьны курс гісторыі Беларусі, выхаваньне ў сям’і, галоўнай захавальніцай якой ёсьць жанчына, набывае асаблівую ролю.

Гістарычная пэрспэктыва Беларусі як дэмакратычнай эўрапейскай краіны залежыць сёньня ад таго, на якой мове нашыя жанчыны будуць размаўляць зь дзецьмі. Ад таго, якія казкі і якія песьні будуць слухаць малыя беларусы з маміных ці бабуліных вуснаў. Ад таго, якія сьвяты будуць сьвяткавацца ў нашых сем’ях.

Цешуся, што з моладзевых аўдыторыяў ад нашых дзяўчат зноў і зноў прыходзіць пытаньне: “Як выхаваць дзяцей беларусамі?” Думаю, усё больш нашых суайчыньніц ведае, што дзеля гэтага трэба рабіць.

Хтосьці з афарыстаў сказаў: “Усё ў руках чалавека, а будучыня – у руках жанчыны”.

Жанчына – гэта ня толькі хараство і талент, мудрасьць і вернасьць, шчасьце і асалода… Жанчына для нас мужчын нешта нязьмерна большае.

Гэта спасьціжэньне самога сябе. Гэта дотык да вечнасьці. Гэта глыток з келіху неўміручасьці. Пакуль жывуць нашыя жанчыны – жыве й Беларусь.

* * *

Наступны грамадзкі рэдактар тыдня – былы генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб. Ён даручыў журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Гучныя злачынствы і праблемы іх раскрыцьця”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG