Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“І сказаў цяжарнай: “Не вазьму замуж, бо расіянка”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – мастак Алесь Пушкін. Яму 43 гады. Праходзіў службу ў Аўганістане. Працаваў у Віцебску і Магілёве. А пасьля 1994 году паехаў жыць у мястэчка Бобр. Расьпісаў царкву, дзе й павянчаўся, мае дваіх дзяцей. Піша і рэстаўруе абразы, карціны, робіць росьпісы, вітражы, займаецца мастацтвам пэрформансу. Неаднаразова Пушкіна затрымлівалі і судзілі за арганізацыю “няправільных” акцыяў.

На мінулым тыдні мастака жорстка зьбілі падпітыя мясцовыя хлопцы. Паводле Пушкіна, за тое, што ён размаўляў па-беларуску. Міліцыянты хацелі завесьці з факту зьбіцьця крымінальную справу, аднак пацярпелы мастак вырашыў лёс хлопцаў іначай: падахвоціў пакаяцца ў царкве.

На працягу гэтага тыдня Алесь Пушкін будзе разважаць аб рэальных жыцьцёвых сытуацыях, якія выводзяць на асэнсаваньне праблемы таемства пакаяньня. Ён просіць дыскутаваць, дзяліцца сваімі думкамі праз аўтаадказьнік (менскі нумар 266-39-52) і сайт.

Некаму маналёгі Пушкіна могуць падацца абсалютна эксцэнтрычнымі, іншым – надзвычай сумленнымі. Пры канцы тыдня прагучыць перадача, дзе будуць падсумаваныя гэтыя водгукі і развагі – перадача на тэму “Дараваньне: калі, каму і ці заўсёды?”.

Сёньня Алесь Пушкін гаворыць пра драмы і навуку каханьня.

Гісторыя першая, якая адбылася ў мяне на вачох.

Гераіня – жанчына, якая ўжо дасягнула пэўнага заробку. Грамадзкага камфорту. Яна ня хоча мяняць звыклы лад жыцьця. Яна ня хоча на тры гады губляць працу. Яна ня хоча піць горшую каву. Апранацца ў горшых крамах.

Яна ледзь-ледзь толькі зацяжарала.

Але ў яе ўжо ёсьць дзеці. У яе ўжо ёсьць муж.

І яна прымае рашэньне пазбавіцца хлопчыка.

Застаюцца звычнае жыцьцё, праца. Зьяўляюцца новыя падарункі, новая калекцыя “Дыёр”. Яшчэ лепшая кава раніцай...

Ці даруе муж такое сваёй каханцы? Ці даруе каханка безадказнасьць новага мужчыны, які сказаў: “Нараджай, але я ня буду табе дапамагаць – ты цалкам самастойная, дасягнула нейкай ступені ў нашым жыцьці...” Дык ці даруе яна яму?

І гісторыя другая. Асабістая. Перажытая...

Я скончыў Акадэмію мастацтваў і прыехаў атрымліваць білет сябра Саюзу мастакоў. І вось у саюзе знаёмлюся з прыгожай жанчынай, якая значна старэйшая за мяне, але вельмі абаяльная, толькі прыехала з поўдня...

Завязваецца раман.

Гэта – Маргарыта. Каханьне – было.

Праз год нараджаецца дзіця. Аня... Цяпер ёй сямнаццаты год.

Я адназначна тады казаў каханцы: “Не вазьму цябе замуж, бо ты – расіянка. Але ў сорак гадоў нарадзіць васьмімесячную дзяўчынку – гэта Бог паслаў. Гэта тваё выратаваньне”.

Мінулі гады. Зьняўся фільм выдатнага польскага рэжысэра Анджэя Фідыка “Беларускі вальс”. Там ёсьць гэты сюжэт...

Ці даруе дачка свайму тату, што расла безь яго?

Ці даруе жанчына, каторая кахала ўсур’ёз? А гэта аказалася найбанальнейшая мадэль: “Я тебя любила, а ты такой подлец...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG