Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзевяць прычын, чаму Польшча не «дачка» Рэчы Паспалітай


Томаш Камусэля (Tomasz Kamusella)
Томаш Камусэля (Tomasz Kamusella)

Адзін з самых крытыкаваных польскіх гісторыкаў Томаш Камусэля лічыць, што ідэя аб пераемнасьці паміж колішняй Рэччу Паспалітай і сучаснай нацыянальнай польскай дзяржавай памылковая. Публічная лекцыя прафэсара адбылася ў горадзенскім «Цэнтры гарадзкога жыцьця» 19 чэрвеня.

Гісторык мяркуе, што пераемнасьць паміж Рэччу Паспалітай і Польшчай — міт, на якім будуецца сучасная гістарычная навука і навучаньне дзяцей у польскіх школах. Ён пералічыў дзевяць аргумэнтаў на карысьць сваёй пазыцыі.

1. Назва

Тое, што сёньня мы называем Рэччу Паспалітай, у розныя пэрыяды мела розныя назвы.

1569–1795 — Рэч Паспалітая Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага (Рэч Паспалітая абодвух народаў, Рэч Паспалітая, Rzeczpospolita Korony Polskiej i Wielkiego Księstwa Litewskiego, Polish-Lithuanian Commonwealth);

1918–1939 — Рэспубліка Польшча (Rzeczpospolita Polska, Republic of Poland, Interwar Poland);

1989—... — Рэспубліка Польшча (Rzeczpospolita Polska, Republic of Poland, Postcommunist Poland).

У польскай мове нават не хапае словаў, каб акрэсьліць тое, ад чаго, як мяркуецца, паходзіць Польшча. Няма прыметніка, утворанага ад Рэчы Паспалітай.

«Па-ангельску можна сказаць „Poland-Lithuanian“, а па-польску мы можам сказаць толькі „polsko-litewski“, але не „Rzeczpospolitowy“», — разважае гісторык.

2. Погляд з-за мяжы

Назвы на розных мовах не былі даслоўнай калькай, а адрозьніваліся па зьмесьце. Калі ў польскай мове праглядаецца пераемнасьць назваў, то ў беларускай і ангельскай яе няма.

Томаш Камусэля кажа непапулярныя рэчы пра народы і дзяржавы
Томаш Камусэля кажа непапулярныя рэчы пра народы і дзяржавы

3. Канстытуцыя Рэспублікі Польшча 1997 году

Яна ўключыла ў сябе міт пра пераемнасьць паміж Рэччу Паспалітай і сучаснай Польшчай, зьмяніўшы назвы гэтых дзяржаў.

У выніку атрымалася «Першая Рэч Паспалітая» (1569–1795), «Другая Рэч Паспалітая» (1918–1939), «Трэцяя Рэч Паспалітая» (1989—...), хоць гэтыя краіны ніколі так не называліся.

Як назваць краіну, якая існавала ў 1945–1989 гадах, пытаецца гісторык, — PRL, «Камуністычная Польшча» або «Рэч Паспалітая Праклятая»? Дзе месца для Польскай Народнай Рэспублікі — Polskiej Rzeczypospolitej Ludowej?

Паводле Камусэлі, гэта маніпуляцыя, бо краіны зь іншымі назвамі былі абʼяднаныя ў сучаснай гісторыі пад агульнай назвай «Рэч Паспалітая». Ён называе гэта гістарычнай палітыкай.

4. Падзелы

Што дзялілі ў 1772, 1793 і 1795 гадах? Па-беларуску, па-літоўску, па-расейску, па-латыску, па-ўкраінску кажуць пра падзелы Рэчы Паспалітай. Па-нямецку, па-ангельску, па-чэску і па-польску — пра падзелы Польшчы.

Слухачы спрабавалі весьці дыскусію з гісторыкам
Слухачы спрабавалі весьці дыскусію з гісторыкам

5. Тэрыторыя

На тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай цяпер месьціцца ня толькі Польшча, але і іншыя краіны або іх фрагмэнты: Беларусь, Літва, Латвія, Украіна, Расея. Толькі ⅔ сучаснай Польшчы складаецца зь земляў былой Рэчы Паспалітай.

6. Мова

Русыфікацыя і германізацыя падчас анэксіі — таксама міт, пераконвае прафэсар.

Ён кажа, што амаль усе краіны Сярэдняй Эўропы будуюцца на прынцыпе ўжываньня адпаведнай мовы.

«Усе людзі, якія размаўляюць на мове Х, належаць да нацыі Х, тэрыторыя, дзе жыве народ Х, мусіць стаць нацыянальнай дзяржавай Х. Мяркуецца, што калі ўжываюць іншую мову, чым Х, — гэта кепска».

Падчас анэксіі людзі лічылі русыфікацыю і германізацыю злом і змагаліся за тое, каб вярнуць сваю ўласную нацыянальную дзяржаву.

Але падчас анэксіі адбывалася шмат іншых рэчаў, зьвязаных з моваю.

На тэрыторыі, захопленай Аўстрыяй, спачатку адбывалася лацінізацыя (1772—1784/1815), пасьля германізацыя (1815–1869), але доўга ішла і палянізацыя (1869–1918).

«То бок сучасная польская мова была створаная ў Галіцыі напрыканцы ХІХ стагодзьдзя. Пра якую германізацыю вы кажаце?» — пытаецца Камусэля.

На землях, захопленых Прусіяй, доўгі час існавала дзьвюхмоўе (1772–1874), а потым адбывалася германізацыя (1874–1918).

На тэрыторыях, захопленых Расеяй, палянізацыя трывала даўжэй (1772–1840, 1915–1918), русыфікацыя — у 1840–1915.

Паслухаць польскага прафэсара прыйшлі гісторыкі і краязнаўцы
Паслухаць польскага прафэсара прыйшлі гісторыкі і краязнаўцы

7. Нацыя

Нацыі, якія маюць тысячу год, як вучаць у школах, — чарговы міт, паводле польскага прафэсара. Нацыяналізм — цалкам новая рэч. На падставе ўжыванай мовы і адпаведнай нацыі дзяржавы пачалі ўзьнікаць параўнальна нядаўна.

Нацыянальныя дзяржавы Францыя (1794), Сэрбія (1815), Італія (1861), Нямеччына (1871) зьявіліся ў канцы ХІХ стагодзьдзя, лацінаамэрыканскія ці балканскія — на пачатку ХІХ стагодзьдзя. Іншыя дзяржавы Сярэдняй Эўропы ўзьніклі пасьля Першай усясьветнай вайны.

8. Саслоўі

Саслоўе раней было нашмат важнейшым за ўжываную мову і нават рэлігію.

Інфармацыя пра колькасьць палякаў, расейцаў або габрэяў на пэўнай эўрапейскай тэрыторыі да канца ХІХ стагодзьдзя — таксама міт, запэўнівае гісторык. У даўніну не існавала перапісаў людзей, прыналежных да пэўнага народу на падставе ўжыванай мовы. Сучасныя гісторыкі інтэрпрэтавалі ранейшыя дадзеныя пра саслоўі: духавенства, шляхта, сяляне.

Прыкладам, сялян, якія вызнавалі праваслаўе або ўніяцтва і ўжывалі славянскую мову, называлі «русіны». Аднак сёньня русінаў няма. Таму бяруць штучную мяжу паміж ВКЛ і Польскім Каралеўствам і залічваюць тых, хто жылі ў ВКЛ, да беларусаў, а тых, што ў Каралеўстве, — да ўкраінцаў.

«Але ж тыя мужыкі так сябе не называлі», — кажа дасьледчык.

Літоўцы былі каталіцкімі сялянамі, якія не размаўлялі па-славянску. Габрэяў прыраўноўвалі да юдэяў, а мову ўвогуле ня ўлічвалі.

Пісьменнай была толькі шляхта. Адно шляхцічы ўмелі чытаць і пісаць па-польску. Шляхта складала ўсяго 7%. Ці значыць гэта, што палякаў было ўсяго 7%? Сяляне былі непісьменныя, значыць, не маглі быць польскамоўнымі?

У паўстаньнях, кажа гісторык, удзельнічала толькі шляхта. Сяляне да гэтага не імкнуліся. Шляхта была зацікаўленая, каб не было роўнасьці зь сялянамі, каб польская дзяржава стала шляхецкай. Ці значыць гэта, што польскія сяляне не былі палякамі?

9. Рэлігія

Што атрымаецца, калі толькі каталікоў інтэрпрэтаваць як палякаў?

У Рэчы Паспалітай ня болей за 40% жыхароў былі каталікамі, у міжваеннай Польшчы — каля 60%, у камуністычны час (PRL) — 95–96%. Дык, можа, больш пераемнасьці паміж сучаснай Польшчай і PRL?

Спрэчны падыход прымусіў задумацца і пра беларускую гісторыю
Спрэчны падыход прымусіў задумацца і пра беларускую гісторыю

Томаш Камусэля — прафэсар унівэрсытэту Сэнт-Эндруса (Шатляндыя), доктар габілітаваны гуманітарных навук, спэцыяліст у тэорыі нацыі, праблемах этнічнага нацыяналізму і моўнай палітыцы дзяржаў Цэнтральнай Эўропы, сапраўдны сябра Каралеўскага Гістарычнага Таварыства, аўтар дзясяткаў манаграфій на польскай і ангельскай мовах.

Чаму прэмʼер-міністра БНР і «добрага пана» Скірмунта забілі сяляне?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG