Як у Чэхіі ў вялікай канкурэнцыі выйграць трохгадовы грант на дасьледаваньне найноўшай беларускай гісторыі? Зь якімі выклікамі сутыкаецца ў акадэмічным асяродзьдзі жанчына, якая прысьвячае сваё жыцьцё навуцы? Як прасоўваць беларускія гістарычныя дасьледаваньні па-ангельску? Пра гэта ды іншае гаворым з прафэсаркай Аленай Маркавай, супрацоўніцай факультэту гуманітарных дасьледаваньняў Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, якая займаецца беларускай гісторыяй ХХ стагодзьдзя.
«Ня вельмі спадзяюся на так званую "мяккую беларусізацыю"»
— Алена, у вашай доктарскай дысэртацыі вы аналізавалі працэсы беларусізацыі ў 1924-1929 гадах. А цяпер рыхтуеце грунтоўнае дасьледаваньне пра працэсы нэабеларусізацыі пэрыяду нацыянальнай незалежнасьці ў 1990-1995 гадах. Ці падобныя прычыны, чаму той і гэты пэрыяд скончыўся, і які зь іх быў больш плённы для беларускай нацыі?
— Абодва пэрыяды скончыліся раптоўна, па загаду «зьверху» і амаль у самым росквіце. Падчас беларусізацыі гэта была новая палітыка «вялікага пералому» Сталіна, які па сутнасьці вырашыў спыніць падтрымку нацыянальных ініцыятываў і павярнуў краіну ў таталітарнае рэчышча.
Падчас новай хвалі беларусізацыі 1990-х канец таксама прыйшоў «зьверху». Пасьля рэфэрэндуму 1995 году і ўвядзеньня расейскай мовы ў якасьці другой дзяржаўнай таксама адразу былі прыпыненыя амаль усе нацыянальныя ініцыятывы — перавод навучаньня на беларускую мову дый іншыя. Аднак пасьля міжваеннай беларусізацыі засталася вялікая сетка беларускамоўных школ на вёсцы. А цяпер у выніку пасьлядоўнай русыфікацыі нават беларускамоўную клясу цяжка знайсьці.
Таму я ўвогуле ня вельмі спадзяюся на так званую «мяккую беларусізацыю», якая ідзе нібыта сама па сабе, бо без падтрымкі дзяржавы цяжка зрабіць не касмэтычныя, а грунтоўныя зьмены ў стаўленьні да нацыянальнай мовы.
«Гэта будзе пераасэнсаваньне падзей 90-х»
— Для паўнавартаснага правядзеньня дасьледаваньня пра беларусізацыю пачатку 1990-х вы, беларуска, атрымалі ад вельмі аўтарытэтнага Грантавага агенцтва навуковых распрацовак Чэскай рэспублікі (Grantová agentura České republika, Czech Science Foundation) трохгадовы грант. Гэта ўнікальная магчымасьць для гісторыка мець столькі часу для такога грунтоўнага дасьледаваньня. У якім кірунку вы будзеце працаваць з гэтай тэмай?
— У фокусе праекту — моўная палітыка прасоўваньня беларускай мовы ва ўсе сфэры адукацыі, культуры і публічнай прасторы, а таксама беларуская культурная і палітычная эмансыпацыя, якая пачалася пасьля распаду СССР. Гэтая моўная і культурная палітыка была галоўным чынам зьвязаная з законам «Аб мовах», прынятым на 14-й сэсіі Вярхоўнага Савету БССР 11-га скліканьня 1990 году, які, акрамя ўсяго іншага абвяшчаў беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай краіны.
На жаль, працэсы беларусізацыі і нацыянальнай эмансыпацыі новай хвалі спыніліся пасьля рэфэрэндуму 1995 году. Тады ж замест новых нацыянальных сымбаляў вярнуліся старыя, зьлёгку перайначаныя савецкія дзяржаўныя сымбалі, якія мы маем да гэтага часу. Можна сказаць, што гэта будзе пераасэнсаваньне падзей 90-х.
«Прыйшлося даказваць, што беларускі праект нашмат лепшы за чэскія»
— Вы ўжо ня першы год працуеце на факультэце гуманітарных дасьледаваньняў Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе. Выглядае, што падтрымку такога праекту вельмі ня проста было атрымаць. Якія чыньнікі паўплывалі на тое, што менавіта беларуская тэматыка перамагла?
— Гэта першы праект такога ўзроўню, падтрыманы адным з самых уплывовых навуковых агенцтваў Чэскай рэспублікі, які прысьвечаны выключна беларускай праблематыцы і найноўшай беларускай гісторыі і да таго ж атрыманы беларускім жа гісторыкам. Гэта ў пэўным сэнсе амаль цуд, таму што Чэскае агенцтва навуковых распрацовак апрыёры накіраванае на падтрымку дасьледаваньняў чэскай нацыянальнай гісторыі, таму прыйшлося даказваць, што беларуская праект нашмат лепшы за чэскія.
Наагул у чэскай навуцы існуюць больш каньюнктурныя тэмы як, напрыклад, расейская гісторыя ці сучасная расейская палітыка. Таму перамагчы з заведама неканьюнктурнай тэмай можна, толькі прадставіўшы яшчэ больш цікавы і якасны дасьледчы праект. Майму гранту апаніравалі пяць апанэнтаў, тры зь якіх былі замежнымі. Была вельмі жорсткая канкурэнцыя.
«Я заўсёды хацела працаваць на карысьць Беларусі»
— Распавядзіце, калі ласка, як увогуле лёс прывёў вас у Чэхію? Чаму вы зьехалі? Наколькі гэты быў сьвядомы выбар ад самага пачатку?
— Нарадзілася я ў Менску і атрымала ў Беларусі першую вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці «міжнародныя эканамічныя зносіны». Аднак гэта не была спэцыяльнасьць, зь якой хацелася б зьвязаць усе жыцьцё. Таму, калі я атрымала стыпэндыю чэскай улады на паступленьне ў чэскае ВНУ я, не задумваючыся, абрала гуманітарную спэцыялізацыю, менавіта гісторыю. Як бы не наіўна гэта гучала, але я заўсёды хацела працаваць на карысьць Беларусі.
Алена Маркава: Нязломнасьць беларусізацыі дае надзею, што ня ўсё страчана
Акрамя таго, хацелася папрацаваць таксама з зоркамі сусьветнай навукі, якія тады яшчэ працавалі на нашым факультэце, з выбітным тэарэтыкам нацыяналізму прафэсарам Міраславам Грохам. Зараз, на жаль, ён па стане здароўя ўжо не працуе, але я пасьпела пераняць яго вопыт.
Зараз, ведаючы зь якімі цяжкасьцямі зьвязаная навуковая дзейнасьць, я бы, можа, ужо і пагадзілася з тым, што быць бугальтаркай, эканамісткай ці проста служачай — гэта ня так ужо і кепска.
«Часта жанчына-акадэмік аказваецца ў загадзя пройгрышнай сытуацыі»
— Алена, давайце і пагаворым менавіта пра цяжкасьці ў навуковым асяродзьдзі. Зь якімі выклікамі і праблемамі сутыкаецца жанчына, якая прысьвячае сваё жыцьцё сур’ёзнай навуцы?
— Знайсьці балянс паміж асабістым і навуковым жыцьцём, сямʼёй і карʼерай вельмі цяжка. У акадэмічным асяродзьдзі існуе жорсткая канкурэнтная барацьба за гранты, праекты, стажыроўкі і, вядома ж, працоўныя месцы паміж дасьледнікамі. Часта жанчына-акадэмік пры гэтым аказваецца ў загадзя пройгрышнай сытуацыі. Напрыклад для таго, што б падаць заяўку на пэўны тып гранту або атрымаць працоўнае месца, неабходныя замежныя стажыроўкі (паўгадавыя, гадавыя). Без гэтага нельга выканаць умовы падачы заяўкі або спадзявацца на пазытыўнае рашэньне пры яе разглядзе.
Але пры наяўнасьці сямʼі для жанчыны, асабліва для жанчыны-мамы, гэта не заўсёды магчыма, таму часта жанчына аказваецца пастаўлена перад выбарам — сямʼя або карʼера. Узьнікае замкнёнае кола, пры якім жанчыны-дасьледніцы ў сілу такіх абставін часам аказваюцца ў сытуацыі, калі немагчыма займацца адначасова дзецьмі і праходзіць замежныя стажыроўкі, удзельнічаць у гонцы публікацый і г. д. Часам узьнікаюць сытуацыі, калі атрыманьне працоўнага месца таксама зьвязана са знаходжаньнем у іншай краіне, і прыходзіцца выбіраць паміж прэстыжнай працай з высокім заробкам за мяжой і сямʼёй.
— Як тады можа на роўных канкураваць жанчыне з мужчынамі ў такім выпадку, калі на ёй ляжыць клопат аб дзецях? Як вы, замежніца і маці, канкуруеце з чэскімі навукоўцамі мужчынамі?
— Можна было б тут у прыўкрасным і аптымістычным тоне адказаць, што галоўнае — зацікаўленасьць у сваёй справе, аднак гэта ня так. Без падтрымкі мужа і сваіх родных я б, натуральна, не абышлася. І таму я гэтым «байцам нябачнага фронту» таксама хачу шчыра падзякаваць за падтрымку.
І тым ня менш я ўпэўнена, што павінна існаваць мэтанакіраваная падтрымка жанчын-акадэмікаў на інстытуцыйным узроўні, уключаючы і сацыяльную падтрымку (напрыклад, садкі ці інш.). Жанчыны маюць вялікі навуковы і дасьледчы патэнцыял, з майго асабістага досьведу яны нават нашмат больш матываваныя, чым мужчыны. Калі дзяржава гэты патэнцыял выкарыстае, то ў выйгрышу, натуральна, будуць усе.
— І ў працяг пытаньня пра роўнасьць і адваротны бок акадэмічнай кар’еры. Удакладніце, з чым яшчэ тут можа сустрэцца дасьледчыца-жанчына?
— Чэская акадэмічнае асяродзьдзе, нягледзячы на абвешчаную роўнасьць, найперш мужчынскае асяродзьдзе. Працягваюць існаваць моцныя і ўстойлівыя стэрэатыпы ў адносінах да жанчын-выкладчыц, а тым больш у дачыненьні да дасьледніц з краінаў былога Савецкага блёку.
«Мастачкі і пісьменьніцы згінулі на кухні». Маркава, Парыжаская і Стужынская пра жанчын у падручніках гісторыі
Акадэмічная карʼера толькі падаецца лёгкай. Гэта як параўноўваць элегантны танец балерыны на сцэне і яе цяжкую працай па-за сцэнай. Ненармаваны працоўны дзень, фактычная адсутнасьць выходных, пастаянная неабходнасьць рыхтаваць публікацыі, частыя камандзіроўкі і г. д. часта могуць дэфармаваць так званае «нармальнае» жыцьцё.
«Толькі ў маім навуковым атачэньні за некалькі гадоў было найменей тры выпадкі сэксуальных дамаганьняў»
— Наколькі распаўсюджаная ў акадэмічным і пэдагагічным асяродзьдзі (чэскім і эўрапейскім) такая праблема, як сэксуальныя дамаганьні? Ці былі абвінавачваньняў навукоўцаў у рэчышчы кампаніі #metoo? Як вы самі бачыце сытуацыю знутры?
— За ўсе эўрапейскае асяродзьдзе, мабыць, не адкажу, але толькі ў маім навуковым атачэньні за некалькі гадоў было найменей тры выпадкі харасмэнту ці сэксуальных дамаганьняў. Амаль усе выпадкі тычыліся асьпірантак. Ва ўсіх выпадках жанчыны першымі падавалі заявы аб непрымальных паводзінах мужчыны. І таксама ва ўсіх выпадках кіраўніцтва займала бок жанчын і рашэньне прымалася на іх карысьць — дамагацелі сышлі з працы. І ўсе гэта было яшчэ да пачатку кампаніі #metoo.
Варта сказаць, што нават у працоўным кантракце ці ў Этычным кодэксе Карлава ўнівэрсытэту прапісана, што навуковец і пэдагог ня мае права дапускаць «немаральных паводзінаў і ціску». Пры гэтым маецца на ўвазе, што студэнт ці студэнтка заўсёды, апрыёры знаходзіцца ў няроўным, падпарадкаваным становішчы ў адносінах з выкладчыкам. Таму і адказнасьць заўсёды на баку выкладчыка, нават калі гаворка ідзе аб «узаемнай згодзе» на адносіны. Чакаецца, што выкладчык павінен гэта ўсе прыпыніць. Але ёсьць жа і іншы бок мэдалю — шмат жа шлюбаў узьнікла такім чынам! І шчасьлівых.
«Бязь ангельскай голас дасьледчыка не чутны ў навуковым сьвеце»
— Алена, мне цяжка ўявіць, каб тыя дасьледаваньні, якія робіце вы («Шлях да савецкай нацыі: Палітыка беларусізацыі (1924-1929)» ці цяперашняе пра беларусізацыю пачатку 1990-х, былі б падтрыманыя цяперашняй Акадэміяй Навук Беларусі. Ці не маглі бы падзяліцца прынцыпамі функцыянаваньня чэскай і эўрапейскай навукі, і што зь іх варта бы скарыстаць Беларусі?
— У эўрапейскай і чэскай навуцы ў прыватнасьці дамінуе дасьледчая, а не пэдагагічная дзейнасьць. Галоўная стратэгія разьвіцьця Карлавага ўнівэрсытэту — быць дасьледчым, а не пэдагагічным цэнтрам. Гэта значыць, што дасьледчая дзейнасьць выкладчыка — публікацыі, канфэрэнцыі, стажыроўкі і гэтак далей. Гэта нашмат больш важна, чым гадзіны прачытаных лекцый. Таму пэдагагічная нагрузка часта зусім мінімальная, затое вялікі ціск на публікацыйную дзейнасьць, перш за ўсё на ангельскай мове.
Вялікай праблемай, вядома ж, зьяўляюцца публікацыі на ангельскай мове, бязь якіх голас дасьледчыка ня чутны ў навуковым сьвеце. Ангельская — як латынь у Сярэднявеччы. Без яе дасьледчык амаль як глухі і нямы — яго тэксты не даступныя мноству іншых, найперш замежным, калегам-гісторыкам. Таму ў параўнаньні з тымі дасьледчыкамі, якія вучаць мову з самага дзяцінства (як у Скандынавіі і іншых заходнеэўрапейскіх краінах, напрыклад), у гісторыкаў і наогул гуманітарыяў з постсавецкай прасторы, можна сказаць, істотны моўны гандыкап. Зь імі цяжка параўнацца. Я ўжо не кажу пра саміх англамоўных дасьледчыкаў, для якіх гэта родная мова.
— А ці выйдзе на ангельскай мове вашае дасьледаваньне пра беларусізацыю пачатку 1990-х?
— Будзем спадзявацца, што так. У сакавіку сёлета мне выпаў гонар быць галоўнай дакладчыцай на Лёнданскай канфэрэнцыі беларускіх дасьледаваньняў, якая праходзіць ужо трэці год запар і зьбірае аўтарытэтных навукоўцаў з усяго сьвету, якія цікавяцца Беларусьсю. Мой даклад быў прысьвечаны беларускай дзяржаўнасьці і ідэнтычнасьці. Таму будзем лічыць, што першы крок у гэтым напрамку зроблены.
«Іншыя будуць інтэрпрэтаваць і нават прысвойваць нашу гісторыю»
— Наколькі цяпер беларуская гістарычная навука знаходзіцца ў кантэксьце сусьветнай гістарычнай навукі?
— Якой бы ўнікальнай гэтая гісторыя не была, беларускую навуку і цікавасьць да беларускай гісторыі ніхто не прасуне, пакуль дасьледчыкі самі не пачнуць заяўляць пра сябе ў навуковым дыскурсе. У адваротным выпадку іншыя будуць інтэрпрэтаваць і нават прысвойваць нашу гісторыю. Прынамсі ў той ступені, як гэта выгадна іншым нацыянальным гісторыям. Менавіта таму я і выбрала беларускую гісторыю. Калі мы не расказваем пра сваю гісторыю, іншыя распавядаюць за нас такім чынам, як ім трэба, і ў такім сьвятле, як ім трэба. Трэба шанаваць і прасоўваць сваё.