Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Руйнуюць гісторыю Рэчы Паспалітай». Польшча занепакоілася рэканструкцыяй Старога замка ў Горадні


Стары замак у Горадні
Стары замак у Горадні

У горадзенскім Старым замку падчас рэканструкцыі пачалі разьбіраць галерэю, пабудаваную ў XVII стагодзьдзі. Польскі Сэйм усхваляваўся, што замак, у якім адбываліся тры паседжаньні Сэйму Рэчы Паспалітай, страціць свае гістарычныя рысы. Польскі міністар культуры і нацыянальнай спадчыны паабяцаў, што абмяркуе гэтае пытаньне зь беларускім бокам.

Дэпутат: адбудова — твор фантазіі праектанта

Польскія актывісты, неабыякавыя да лёсу горадзенскай спадчыны, зьвярнуліся да дэпутата Сэйма Польшчы, старшыні камісіі Сэйма па справах Беларусі Робэрта Тышкевіча. Той, у сваю чаргу, напісаў ліст да польскага міністра культуры Пятра Гліньскага .

У лісьце Тышкевіч назваў рэканструкцыю Старога замка «спусташэньнем».

«У выніку [будаўнічых працаў] будзе зьнішчаная арыгінальная забудова, якая мае выключную гістарычную вартасьць у сувязі з тым, што ў гэтым месцы адбываліся Сэймы Рэчы Паспалітай у 1678, 1688, 1693 гадах. Праект [...] прадугледжвае частковае зруйнаваньне арыгінальных замкавых муроў і адбудову ў агістарычнай форме, якая ў вялікая ступені зьяўляецца творам фантазіі праектанта і адначасова ігнаруе высновы навукоўцаў, якія займаюцца гісторыяй архітэктуры гэтага абʼекту», — гаворыцца ў звароце.

На схеме бачна, як Стары замак мае выглядаць пасьля рэканструкцыі. Галерэя, якую пачалі разьбіраць, знаходзіцца паміж абʼектамі № 1 і № 2
На схеме бачна, як Стары замак мае выглядаць пасьля рэканструкцыі. Галерэя, якую пачалі разьбіраць, знаходзіцца паміж абʼектамі № 1 і № 2

Тышкевіч адзначыў, што беларускія актывісты, усхваляваныя лёсам замка, шмат разоў зьвярталіся да ўладаў з просьбай зьмяніць праект. Аднак да іх не прыслухаліся, і ў другой палове 2017 году на замкавы дзядзінец завезьлі будаўнічую тэхніку.

Старшыня камісіі Сэйма па справах Беларусі пацікавіўся ў міністра, ці будзе той нешта рабіць, каб перашкодзіць зьнішчэньню Старога замка.

Міністар культуры: польскія экспэрты пастараюцца ўбачыць працы на замку

Міністар культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пётар Гліньскі ў адказе на зварот зазначыў, што польскі бок ня быў праінфармаваны пра рэканструкцыю Старога замка. Гліньскі запэўніў, што ягоныя супрацоўнікі паспрабуюць падрабязна пра яе даведацца, пазнаёміцца з праектам і пастараюцца, каб польскія экспэрты як мага хутчэй маглі ўбачыць на ўласныя вочы працы ў Старым замку.

Так мае выглядаць Стары замак пасьля рэканструкцыі з боку ракі Нёман. Галерэя відаць справа
Так мае выглядаць Стары замак пасьля рэканструкцыі з боку ракі Нёман. Галерэя відаць справа

Міністар культуры паведаміў, што дыялёг зь беларускім бокам па пытаньнях абароны культурнай спадчыны, якую звычайна называюць «супольнай», галоўным чынам адбываецца ў рамках Польска-беларускай кансультатыўнай камісіі. Аднак ён мае толькі кансультатыўны характар.

Пётар Гліньскі паабяцаў, што ўключыць пытаньне перабудовы Старога замка ў Горадні ў праграму наступнага паседжаньня кансультатыўнай камісіі ў 2018 годзе, «прымаючы пад увагу важнасьць справы і яе значэньне для абароны польскай культурнай спадчыны, разьмешчанай на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь».

Міністар выказаў думку, што працэсы прыняцьця рашэньняў беларускім бокам па пытаньнях спадчыны доўгія і мала бяруць пад увагу меркаваньне польскіх экспэртаў, таму польскі бок не заўжды можа дасягнуць пажаданага эфэкту.

Актывіст: старыя муры варта пакінуць нашчадкам дзеля навукі

Польскі актывіст, які прыцягнуў увагу ўладаў да горадзенскага замка — Лукаш Мальчэўскі — сказаў Свабодзе, што змагаецца за слушную рэканструкцыю з трох прычын.

Па-першае, зьнішчаныя муры ўжо ня змогуць даць навуковую гістарычную інфармацыю: «Муры нельга замяняць іншымі. Наступныя пакаленьні могуць мець лепшыя дасьледчыя магчымасьці, якія нам і ня сьніліся».

Другая прычына, паводле Лукаша, — гэта пабудова новых будынкаў на тэрыторыі замкаў. «Гэта агідна, што там могуць зьявіцца новыя будынкі, якіх там ніколі не існавала. Там зьявіцца фальшывы абʼект», — кажа ён.

Насамрэч пытаньне «новых» будынкаў застаецца спрэчным: беларускія гісторыкі настойваюць, што некаторых мураванак, якія прадугледжаныя праектам, ніколі не існавала. Навуковы ж кіраўнік кажа, што яны былі, проста сьлядоў не захавалася.

Да таго ж Мальчэўскі ўсхваляваны тым, што першым навуковым кіраўніком рэканструкцыі Старога замка, які адстойваў гэты варыянт праекту, быў архітэктар Уладзімер Бачкоў. Гэта ён займаўся рэканструкцыяй замка ў Нясьвіжы і пераблытаў па форме купал вежы. Празь некалькі год пасьля завяршэньня рэканструкцыі быў скандал, і купал перарабілі.

Чакаў рэканструкцыі 30 год

Стары замак у Горадні чакаў рэканструкцыі 30 год. У 1980-х гадах праект пачалі распрацоўваць. Аднак заняліся ім толькі ў 2014 годзе, калі ў адной з заляў музэю правалілася падлога. У 2015 годзе з замкавых сьценаў зьнялі тынкоўку. Напрыканцы 2017 году пачаліся будаўнічыя працы, а таксама археалягічныя дасьледаваньні падворку.

Рэканструкцыю плянуюць правесьці ў тры этапы. Цяпер ідзе першы зь іх. Першага навуковага кіраўніка Ўладзімера Бачкова на гэтай пасадзе зьмяніў галоўны архітэктар праекту Алег Шымбарэцкі.

Першая чарга праекту ўключае рэканструкцыю ўязной брамы, галерэі і сярэдняй вежы
Першая чарга праекту ўключае рэканструкцыю ўязной брамы, галерэі і сярэдняй вежы

Спрэчкі наконт варыянту аднаўленьня ідуць дагэтуль. Галоўнымі пытаньнямі застаюцца колькасьць паверхаў у некаторых вежах і тое, будаваць камяніцу ў замкавым двары ці не.

Стары замак у Горадні быў пабудаваны ў ХІ стагодзьдзі. У 1391 годзе стаў галоўнай рэзыдэнцыяй вялікага князя літоўскага Вітаўта. Пры ім замак перабудавалі ў каменны гатычны зь пяцьцю вежамі. У 1580-я гады кароль Стэфан Баторы рэканструяваў сваю рэзыдэнцыю ў стылі рэнэсансу. Пасьля замак не аднойчы часткова руйнавалі і перабудоўвалі. Пры Расейскай імпэрыі там месьціліся казармы. З 1924 году ў замку гісторыка-археалягічны музэй.

«Цьвёрды як сталь. Чысты як золата». Каму належаў іржавы пярсьцёнак у залатым скарбе з Горадні?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG