Менскія ўлады падтрымалі ініцыятыву аб прысваеньні сквэру за Чырвоным касьцёлам імя Эдварда Вайніловіча. Прэзыдэнцкая газэта «Советская Белоруссия» піша, што чальцы камісіі па найменьні і перайменаваньні складовых частак сталіцы прагаласавалі за гэтую прапанову аднагалосна.
Канчатковую кропку ў зацяжной дыскусіі паставіць сэсія Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
«Стваральнік, а не разбуральнік», – такое меркаваньне выказаў на пасяджэньні камісіі дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч. Заключэньне, выдадзенае ўстановай, адыграла ў рашэньні камісіі ключавую ролю.
У віну Вайніловічу праціўнікамі найменаваньня найперш ставілася тое, што ён быў адэптам палянізацыі, а значыць, «чужы» беларускім ідэям.
Галоўны архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіву Уладзімер Дзянісаў лічыць падобныя сьцвярджэньні абсалютна беспадстаўнымі:
«Маюцца дакумэнты, якія сьведчаць: пасьля 1905 году Вайніловіч актыўна падтрымліваў рух за адраджэньне нацыянальнай культуры, фінансаваў выданьне літаратуры на беларускай мове, асабіста ведаў многіх дзеячаў беларускага адраджэньня.
Таму казаць, што ён нібыта «польскі памешчык», недарэчна. Калі ішло праектаваньне касьцёлу, Вайніловіч настойваў, каб ён быў пабудаваны менавіта ў нэараманскім стылі. Таму што гэты стыль панаваў у Эўропе ў той час, калі не было падзелу царквы на ўсходнюю і заходнюю».
Такім чынам, нязгодныя засталіся ў меншасьці: з улікам калектыўных зваротаў грамадзянаў з просьбай увекавечыць імя Вайніловіча ў гарадзкой прасторы «за» сабрана 2236 подпісаў, «супраць» – 113.
Эдвард Вайніловіч – рэфарматар Менскага краю, перадавы беларускі грамадзка-палітычны дзеяч XIX – пачатку XX стагодзьдзяў, мэцэнат. Ён вывеў сельскую гаспадарку Беларусі на новы ўзровень і стаў ініцыятарам будаўніцтва знакамітага Чырвонага касьцёла.