Адмыслоўцы менскай студыі інтэр’еру «Мілан» распрацавалі праект аднаўленьня Чырвонага касьцёлу, ідэнтычны першаснаму варыянту, датаванаму пачаткам ХХ стагодзьдзя.
Самае пазнавальнае і вядомае храмавае збудаваньне сталіцы належыць дзяржаве і касьцельнае кіраўніцтва ня можа самастойна прымаць рашэньні па рэканструкцыі колішняй уласнасьці. У сваю чаргу, гарадзкія ўлады і прадпрыемства «Менская спадчына», на балянсе якой і знаходзіцца аб’ект, да ідэі разрастаньня комплексу ставяцца скептычна.
Пра нюансы архітэктурнай задумы расказвае дырэктар студыі «Мілан» Аляксандар Шарпенка — прыхаджанін Чырвонага касьцёлу, сябра парафіяльнай рады:
«З бласлаўленьня пробашча касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены Ўладзіслава Звальнюка і мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча мы працуем над канцэпцыяй рэканструкцыі і рэстаўрацыі храмавага комплексу. Справа ў тым, што напачатку ХХ стагодзьдзя праектны стан Чырвонага касьцёлу быў крыху іншы — галерэя лягічна завяршалася будынкам, якога на гэтым месцы ў рэальнасьці няма. Але на гравюрах выразна бачна, што плянаваўся ён менавіта ў такім выглядзе, хутчэй за ўсё, там мусіла быць бібліятэка. Чаму не дабудавалі — сказаць ужо цяжка, мабыць, узьніклі праблемы з тэрыторыяй».
Праектным увасабленьнем абноўленага касьцельнага комплексу ў ЗD-фармаце займаецца архітэктар студыі Зьміцер Маслоўскі. Па яго словах, асновай паслужылі эскізны праект і гравюра пачатку ХХ стагодзьдзя, якія захаваліся да нашых дзён:
«За ўзор узятая гравюра 1905 году — яна, як разумею, была зробленая яшчэ перад уласна дэталёвым плянаваньнем. Зараз Чырвоны касьцёл як бы абсякаецца, але першапачаткова плянавалася, што ён будзе завершаны паўнавартасным будынкам. Тым ня менш, з розных прычынаў да рэалізацыі задумы справа так і не дайшла. Мы хацелі б тую хібу выправіць».
Аляксандар Шарпенка ўдакладняе, што на працу яго натхніла асоба Эдварда Вайніловіча — менавіта на яго сродкі быў узьведзены велічны храм, які ён прысьвяціў сваім дачасна памерлым дзецям:
Зараз Чырвоны касьцёл як бы абсякаецца, але першапачаткова плянавалася, што ён будзе завершаны паўнавартасным будынкам
«Фундатарам касьцёлу быў Эдвард Вайніловіч, вядомая і аўтарытэтная па тых часах асоба. Служыў у рангу міністра, па-сутнасьці, яго ставілі ўровень са Сталыпіным. Так здарылася, што хвароба адно за другім забрала ягоных дзяцей Сымона і Алену. І тое, як ён адрэагаваў, мяне ўразіла да глыбіні душы. Што зробіць чалавек з грашыма ў наш час? Кіне жонку, знойдзе маладую, паедзе жыць у іншую краіну. А Вайніловіч? Паколькі дзеці не пасьпелі пакінуць на гэтай зямлі нейкі сьлед, ён вырашыў увекавечыць іх імёны ў храмавым будынку. Учынак надзвычай высакародны. І як толькі выпала магчымасьць пакінуць добрую памяць у справе разьвіцьця касьцёлу, мы за яе ўзяліся з усёй адказнасьцю».
За сваю больш чым за 100-гадовую гісторыю Чырвоны касьцёл зьведваў збольшага касмэтычныя рамонты і цяпер мае патрэбу ў грунтоўнай рэканструкцыі. Як кажа Аляксандар Шарпенка, найбольшую трывогу выклікаюць падвальныя памяшканьні, якія рэгулярна падтопліваюцца нават пасьля невялікага дажджу. Пры гэтым спробы змагацца з навалай уласнымі сіламі, узводзячы прымітыўныя канструкцыі адводу вады, расцэньваюцца як «самадзейнасьць»: за гэта «Менская спадчына» ўжо прыгразіла пакараць падведамную ўстанову штрафам на 500 базавых велічынь.
На перакананьне спадара Шарпенкі, пашырэньня патрабуе і спадарожная інфраструктура, бо сучасная місія касьцёлу распаўсюджваецца далёка за звыклы пералік набажэнстваў:
«Сёньня касьцёл жыве паўнавартасным жыцьцём. Тут ня толькі праходзяць службы, але працуе вялікая колькасьць духоўных гурткоў, аб’яднаньняў, у тым ліку нядзельная школа, літургічны хор „Голас душы“, які атрымлівае ўзнагароды па ўсім сьвеце. Пагадзіцеся, гэта ня справа, калі дзеці займаюцца ў падвале, які пастаянна залівае вадой і дзе, мякка кажучы, не зусім камфортна. На жаль, сёньня гаспадаром будынка ёсьць не касьцёл, а „Менская спадчына“. У старым горадзе, дзе будынкі прыносяць грошы, яны імі займаюцца. Але дзе прыбытку няма, ніхто ўкладаць сродкі ня хоча. Яшчэ гадоў 10 таму былі распрацоўкі ў справе „рамонту“ часткі касьцёлу, але грошай не хапіла і ўсё застопарылася. Тым ня меней, ня так даўно атрымана рашэньне на рэканструкцыю. Ксёндз Завальнюк з гэтай нагоды арганізаваў круглы стол, за якім сабраў прадстаўнікоў Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва, „Менскай спадчыны“, „Менскпраекту“. Апошняя ўстанова нібыта працуе над эскізным праектам, хоць і ня ведае, што там будзе. Таму мы стварылі сваю ініцыятыўную групу, якая мусіць дапамагчы ксяндзу Завальнюку: ён перш за ўсё духоўнік і не павінен займацца іншымі праблемамі. Бо прыяжджаюць, падсоўваюць паперы, па якіх нібыта ідуць грошы, а насамрэч нічога ня робіцца».
Як рэагуюць гарадзкія ўлады на ідэю прывесьці асобныя элемэнты Чырвонага касьцёла ў адпаведнасьць з плянамі архітэктараў, якія задумалі амбітны праект напачатку мінулага стагодзьдзя? Аляксандар Шарпенка кажа, што пакуль асаблівага энтузіязму не адчуў:
«Кажуць адно: малюйце графіку, будзем разглядаць. Мы сабралі ўсе зацікаўленыя бакі: паказалі графіку, якую самастойна зрабілі, падрыхтавалі эскізьнік, паднялі тапаграфічныя здымкі, паглядзелі, што зь сеткамі, расказалі, як было раней і што можна рэалізаваць сёньня. Давайце, падтрымайце, у „Менскпраекце“ ўжо вызначаны пад гэта праекціроўшчык. Тым больш, там сказалі, што возьмуцца за працу з радасьцю, бо хочуць праектаваць не кароўнікі, а тое, што робіцца ў славу людзям і захаваецца на стагодзьдзі. Але ўжо пасьля таго, як сказалі маляваць графіку, нашая ініцыятыўная група атрымала ліст з ідэалягічнага аддзелу: маўляў, якое маеце права праводзіць працы ў будынку касьцёла? Так, мы зрабілі касмэтычнае ўмяшаньне, бо паводле дамовы арэнды, калі ўласьнік давёў памяшканьне да аварыйнага стану, мы можам вырашыць пытаньне ўласнымі сродкамі. Пакуль цішыня. Як зробім графіку, зноў уздымецца шум. Пакуль ідзе барацьба, але мы лічым сябе годнымі памяці Вайніловіча і маем намер завершыць справу. Паглядзіце: на кожнай паштоўцы — Чырвоны касьцёл, нефармальны сымбаль гораду. З гэтым трэба лічыцца».
У двухпавярховым будынку, які мусіць стаць працягам цяперашняй галерэі, архітэктары студыі інтэр’еру «Мілан» прапануюць разьмясьціць школьныя клясы, творчыя студыі, а таксама абсталяваць некалькі кельляў для ксяндзоў. На франтальнай частцы заплянаваны балькон, зь якога мог бы зьвярнуцца да паствы мітрапаліт, а на другім паверсе мяркуецца абсталяваць тэрасу для правядзеньня мерапрыемстваў пад адкрытым небам. Сярод праектаваных аб’ектаў — капліца Божай маці, помнік Яну Паўлу ІІ, Урачыстая (заезная) брама, арка для хроснага ходу ды іншыя.
Апроч таго, аўтары хочуць задзейнічаць у турыстычны абарот 35-мэтровую касьцельную вежу. Сёньня ў Менску працуе толькі адна паўнавартасная аглядная пляцоўка — на даху Нацыянальнай бібліятэкі. Але турыстам куды цікавей пазіраць зьверху не на жылыя навабуды, а на гістарычную частку горада. Пры гэтым ініцыятары рэстаўрацыі не прэтэндуюць на бюджэтныя сродкі, кажучы, што ў такой сытуацыі найлепшыя інвэстары — самі вернікі: «У скрайнім выпадку зьвернемся да Папы Рымскага, наўрад ці ён адмовіць у такой богаўгоднай справе», — выказвае перакананьне адзін з аўтараў праекту Аляксандар Шарпенка.
Фотагалерэя: Чырвоны касьцёл пры канцы 1960-х
Тым часам у архіве Чырвонага касьцёлу знайшліся рэдкія здымкі канца 1960-х, калі рэлігійную ўстанову рыхтавалі да пераабсталяваньня ў Дом кіно. Дагэтуль фатаграфіі не друкаваліся і даюць уяўленьне пра стан будынка праз чвэрць стагодзьдзя пасьля вызваленьня Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў. Трэба аддаць належнае таму, што нямецкія акупанты да храму паставіліся з павагай і ніякай шкоды яму не ўчынілі.