Кіраўніцтва Сацыяльна-хрысьціянскага руху 5 верасьня падало ў Вярхоўны суд краіны скаргу на адмову ў рэгістрацыі арганізацыі Міністэрствам юстыцыі Беларусі.
Гэтае рашэньне лідэр незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі Вольга Кавалькова патлумачыла так:
«Зь беларускімі судамі мы сутыкаемся ўжо ня першы раз, у тым ліку і зь Вярхоўным, таму ілюзій наконт яго рашэньня ня маем. Аднак незаконнасьць дзеяньняў прадстаўнікоў Мінʼюста павінна быць задакумэнтаваная, усе імёны і ўчынкі занатаваныя».
Як раней паведамляла «Свабода», Міністэрства юстыцыі, якое паводле дзейнага заканадаўства прымае рашэньне аб рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў, двойчы адмовілася зарэгістраваць Сацыяльна-хрысьціянскі рух.
Адмову ў рэгістрацыі Сацыяльна-хрысьціянскага руху асудзіла 5 верасьня ў сваёй рэзалюцыі па Беларусі найбуйнейшая партыя Эўразьвязу — Эўрапейская народная партыя.