Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэформа адукацыі ва Ўкраіне: прафпадрыхтоўка дзяцей і грашовыя стымулы для настаўнікаў


Тры гады публічнай дыскусіі пра адукацыйную рэформу ва Ўкраіне завяршыліся ўхваленьнем у парлямэнце новага закону аб адукацыі. Па сутнасьці, ён і адкрыў новы палітычны сэзон ва Ўкраіне, а разам зь ім і далейшыя пэрспэктывы для заканадаўчых зьмен паасобку ў агульнай сярэдняй, прафэсійнай і вышэйшай адукацыі.

«Галоўная наша мэта — павялічыць якасьць адукацыі дзяцей і даць новыя навыкі, якія патрэбныя чалавеку, каб стаць пасьпяховым у сучасным сьвеце. На вялікі жаль, наша цяперашняя сыстэма адукацыі істотна адстае ад патрабаваньняў грамадзтва і рынку працы», — кажа міністар адукацыі і навукі Ўкраіны Лілія Грыневіч, якая стала рухавіком працэсу зьменаў у гэтай сфэры.

Лілія Грыневіч
Лілія Грыневіч

Што прадугледжвае ўкраінская рэформа адукацыі і як украінскае грамадзтва адрэагавала на прапанаваныя міністэрствам і дэпутатамі навацыі?

Зноў 12 гадоў у школе

Украіна ўжо другі раз пасьля абвяшчэньня незалежнасьці пераводзіць сярэднія школы на 12 гадоў навучаньня. Згодна з новым законам навучальны працэс паводле адпаведных праграмаў для пачатковай і профільнай сярэдняй адукацыі пачнецца 1 верасьня 2018 году, для базавай сярэдняй адукацыі — 1 верасьня 2022-га.

Ва Ўкраіне 12-гадовае навучаньне было ўведзенае з 1 верасьня 2002 году, хоць адпаведны закон Вярхоўная Рада ўхваліла яшчэ ў 1999-м. Аднак ужо ў 2010-м урад Віктара Януковіча, выконваючы ягонае перадвыбарнае абяцаньне, вярнуў украінскую школу да 11 гадоў навучаньня. Галоўны матыў — нястача ў бюджэце грошай на ажыцьцяўленьне такой адукацыйнай рэформы.

Цяперашняе новаўвядзеньне, як пераконваюць аўтары рэформы, не адабʼецца на агульнай працягласьці навучаньня, бо ў вышэйшых навучальных установах на большасьці спэцыяльнасьцяў плянуецца адначасова скараціць тэрмін з чатырох да трох гадоў праграмы бакаляўрэату.

Новыя мэтодыкі, фармат адносін і бонусы для выкладчыкаў

Школьная адукацыя будзе ажыцьцяўляцца на трох узроўнях: пачатковыя клясы — з 1 па 4, базавая школа — 5–9 клясы і профільная школа, якая прадугледжвае навучаньне ў ліцэі або ўстановах прафэсійнай адукацыі, — 10–12 клясы.

У Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны называюць гэтую канцэпцыю «новай украінскай школай» і разьлічваюць, што яе рэалізацыя дазволіць навучыць дзяцей вольна валодаць дзяржаўнай мовай, атрымаць паглыбленыя матэматычныя, культурныя і экалягічныя веды, а таксама выхаваць у іх прадпрымальнасьць, інавацыйнасьць, крытычнае і сыстэмнае мысьленьне, творчасьць і ўменьне канструктыўна кіраваць эмоцыямі.

У новай украінскай школе плянуецца выкарыстоўваць новыя мэтодыкі выкладаньня, зьмяніць фармат адносін вучняў, настаўнікаў і бацькоў, а таксама ўкараніць праектныя працы. А ў выпадку, калі настаўнік празь незалежную сэртыфікацыю пацьвердзіць, што авалодаў новымі мэтодыкамі навучаньня, ён атрымае надбаўку да заработнай платы ў памеры 20%.

Адначасова закон вызначае і новыя прынцыпы павышэньня кваліфікацыі настаўнікаў — яны павінны ўдасканальваць сваю кваліфікацыю на працягу 5 гадоў — ня менш за 150 гадзін (цяпер 108 гадзін).

Працу настаўнікаў і якасьць адукацыі будзе кантраляваць адмыслова створаная дзяржаўная інспэкцыя. Апроч таго, ва Ўкраіне будзе створаны інстытут адукацыйнага амбудсмэна. Такі амбудсмэн будзе прызначацца на 5 гадоў і павінен быць у кожнай вучэльні, каб ня толькі кантраляваць навучальны працэс, а і разглядаць скаргі школьнікаў, студэнтаў і бацькоў на парушэньні правоў.

Поўнай украінізацыі ня будзе

Па традыцыйна канфліктным пытаньні — мовы навучальнага працэсу — аўтары рэформы і заканадаўцы ўсё ж знайшлі кампраміс. Поўнай украінізацыі школ не адбудзецца, але і цяперашняя колькасьць школ, у прыватнасьці, з расейскай мовай навучаньня не захаваецца. Гэтая ж норма закране і навучальныя ўстановы, у якіх выкладаньне вядзецца на вугорскай, румынскай і крымска-татарскай мовах.

Згодна з рэформай дзеці, якія пойдуць у школу 1 верасьня 2018 году, будуць мець магчымасьць вучыцца на роднай мове ў асобна створаных клясах толькі першыя чатыры гады. Зь пятай клясы ўсе прадметы будуць выкладацца толькі па-ўкраінску.

Здрада ці перамога

Цяпер ухвалены закон пра адукацыю рыхтуецца да падпісаньня кіраўніком парлямэнту і перадачы яго на разгляд прэзыдэнта Ўкраіны. Але Пятро Парашэнка ўжо выказаў сваё стаўленьне да пачатай рэформы: «Адукацыя — гэта ключ да будучыні Ўкраіны. Ухваленьне новай рэдакцыі закону „Аб адукацыі“ дае нам гэты ключ».

Катэгарычныя ацэнкі новага закону выказалі «вечныя апанэнты» — прадстаўнікі «Апазыцыйнага блёку» і партыі «Свабода».

«Неабходнасьць рэформы адукацыі не выклікае сумневаў, гэта неабходна рабіць, і як мага больш хутка і якасна. Сумневы выклікаюць шляхі, якімі ўрад вырашыў ісьці пры рэфармаваньні адукацыйнай сыстэмы Ўкраіны. Ці можна лічыць якаснымі зьмены ў сыстэме адукацыі, дзеля якіх будзе скарочана колькасьць прадметаў, што будуць выкладаць дзецям у школах, зачыніцца яшчэ больш школ у сельскай мясцовасьці, значна зьменшыцца колькасьць ПТВ, 75% студэнтаў могуць быць пазбаўлены стыпэндый, скароціцца колькасьць бюджэтных месцаў у ВНУ? Гэта не рэформа, а руйнаваньне сыстэмы адукацыі», — перакананая дэпутатка «Апазыцыйнага блёку Натальля Каралеўская.

Дэпутатка Вярхоўнай Рады папярэдняга скліканьня, сябра палітрады партыі «Свабода» Ірына Фарыён найбольш скрытыкавала моўную норму:

«Узаконілі выкладаньне ў дашкольных і сярэдніх школьных установах за дзяржаўныя сродкі навучаньня на мовах нацменшасьцяў, разумей, мовах акупантаў — і ня важна, ці акупантаў цяперашніх, маскоўскіх, або былых: вугорскіх, польскіх, румынскіх. Паказалі ўсяму сьвету, што Ўкраіна — гэта Маларосія, то бок калёнія Пуціна».

Настаўнікі пакуль не сьпяшаюцца з ацэнкамі — чакаюць публікацыі поўнага тэксту закону. «Пакуль можна толькі зразумець, што акцэнт у рэформе робіцца на прафэсійную падрыхтоўку дзяцей — час на яе павялічаны да трох гадоў. Але маё шматгадовае выкладаньне ў школе сьведчыць пра тое, што дзеці даволі часта нават у выпускной клясе яшчэ ня вызначыліся з будучай прафэсіяй, за іх гэта часта робяць бацькі. Але будзем чакаць падпісанага тэксту закону і браць удзел у рэформе», — сказала Свабодзе настаўніца адной са школ гораду Белая Царква (Кіеўская вобласьць).

«Яны зьмянілі ўсё»: беларуская экспэртка пра адукацыйную рэформу ва Ўкраіне

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG