Пра гэта паведамілі ў сацсетках бацькі.
«Сёньня ў школе на лінейцы выступаў праваслаўны сьвятар. Упершыню такое бачу. Як да гэтага ставіцца, не разумею. Неяк было страшэнна няёмка ад сытуацыі», — напісала ў фэйсбуку Наста Кудасава.
Паводле Насты Кудасавай, бацюшка «нічога такога крамольнага не казаў».
«Ну хіба толькі што на нядзельную службу да прычасьця запрашаў. Але як тэндэнцыя мяне гэта крыху напалохала. Я лічу, што вера — вельмі інтымная рэч, ніяк не для школьнай лінейкі».
Гэта было ў рагачоўскай школе № 5. Яе дырэктарка Натальля Зарэцкая сказала карэспандэнту Свабоды, што асабіста запрасіла мясцовага айца Аляксандра на лінейку, каб ён павіншаваў з новым навучальным годам. З бацькамі яна гэтае пытаньне не ўзгадняла.
— У мяне самая вялікая лінейка, больш за тысячу дзяцей і бацькоў. Калі гэта меркаваньне аднаго з бацькоў, то няхай ён прыйдзе і скажа мне. Што пішуць у інтэрнэце, я ня ведаю.
— А чаму вы не запрасілі ксяндза ці пастара?
— У нас няма. У нас толькі праваслаўная царква ў Рагачове. Узаконена адна праваслаўная, навошта мне некага іншага клікаць?
У Міністэрстве адукацыі ад журналістаў даведаліся, што ў адной зь менскіх школ праваслаўны сьвятар чытаў малітву. Прэс-сакратарка міністэрства сказала карэспандэнту Свабоды, што ніякіх распараджэньняў, каб запрашаць на лінейку праваслаўных сьвятароў, не было.
«Ніякага дачыненьня да гэтага Міністэрства адукацыі ня мае. Магчыма, яны прысутнічалі як бацькі дзяцей. Тады гэта зразумела. Але ніякіх указаньняў міністэрства ў гэтым пляне не давала. Калі б быў афіцыйна пацьверджаны такі факт, то мы б патэлефанавалі, даведаліся б чаму. Хаця на першыя званкі мы клічам і чыноўнікаў, і дэпутатаў. Таму я нічога ня бачу ў тым, што чалавек прыйшоў і павіншаваў».