Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рост шавіністычных настрояў у Польшчы»: справу супраць беларускіх студэнтаў перадалі ў суд


Натальля Лантух пасьля наведваньня канцэрту ў «Макулятуры»
Натальля Лантух пасьля наведваньня канцэрту ў «Макулятуры»

Праз паўгода атрымала працяг гісторыя зьбіваньня беларусаў ахоўнікамі папулярнага студэнцкага клюбу «Макулятура» ў цэнтры Варшавы. Пра яе падрабязна пісала Свабода.

У Дзень Волі 25 сакавіка Натальля Лантух, Антон Пракацень і Даніла Барысевіч прыйшлі на канцэрт салідарнасьці зь Беларусьсю. Аднак усё скончылася яшчэ на падыходзе — за спробу абараніць чалавека, якога груба выпіхвалі з памяшканьня, іх з абразамі паводле нацыянальнай прыкметы пачалі зьбіваць нагамі і труціць пярцовым газам.

Беларусы атрымалі цяжкія траўмы, што зафіксавана судмэдэкспэртызай і фотаздымкамі «на памяць». Аднак усе намаганьні пакараць вінаватых скончыліся безвынікова. Адміністрацыя клюбу спрабавала згладзіць канфлікт, паабяцаўшы матэрыяльную кампэнсацыю за лячэньне, фізычныя і маральныя пакуты, а ў выніку спусьціла справу на тармазах.

Рост шавіністычных настрояў на тле прытоку мігрантаў

Як удалося высьветліць аднаму з пацярпелых, Данілу Барысевічу, 7 ліпеня адміністрацыйная справа, якая тычыцца міжнароднага канфлікту ў клюбе «Макулятура», была перададзеная з паліцыі ў суд.

Адметна, што ў ролі абвінавачаных выступаюць якраз пацярпелыя. Ахоўнікам удалося пераканаць паліцыянтаў, што наведнікі паводзілі сябе агрэсіўна, былі п'яныя, нічога не заставалася, як ужыць сілу. У выніку былі складзеныя пратаколы аб парушэньні грамадзкага парадку, якія беларусы падпісваць адмовіліся. На гэтай падставе паліцыя перадала справу ў суд.

Даніла Барысевіч
Даніла Барысевіч

Як кажуць зьбітыя, сілавікі нават не паспрабавалі апытаць дзясяткі сьведкаў, цалкам даверыўшыся адміністрацыі забаўляльнай установы. Пры гэтым запісы відэакамэр сьведчаць, што маладых людзей беспрычынна зьбівалі менавіта ахоўнікі. Апроч таго, вынікі алькатэсту паказалі, што наведнікі былі абсалютна цьвярозыя.

Напярэдадні Даніла Барысевіч наведаўся ў варшаўскі офіс Цэнтру маніторынгу праяваў расізму і ксэнафобіі, дзе яму паабяцалі спрыяньне ў вырашэньні канфліктнай сытуацыі:

«Я сустрэўся з прэзыдэнтам цэнтру панам Конрадам Дулкоўскім, ён сказаў, што справу магчыма аднавіць, хоць і прайшло ўжо паўгода. Прынамсі, зь яго слоў зразумеў, што ёсьць верагоднасьць узьняць праблему зноў. Наогул гэта няўрадавая арганізацыя, якая займаецца падобнымі канфліктамі, бо цяпер хапае гісторый, зьвязаных і зь беларусам, і асабліва з украінцамі. Дастаткова шмат выпадкаў атак на эмігрантаў, на жаль».

Паводле Данілы Барысевіча, апошнім часам у польскім грамадзтве прыкметна ўзмацніліся шавіністычныя настроі, і перадусім гэта тычыцца ніжэйшага сацыяльнага зрэзу, які на фоне прытоку мігрантаў у Эўропу выступае за «чысьціню польскай нацыі». І часьцяком у якасьці аргумэнту зьяўляецца кулак.

Раней шавінізм нават калі і прысутнічаў, ён быў прыхаваны, не падкрэсьліваўся. Цяпер жа праз новыя эліты, якія прыйшлі да ўлады, абмежаваньні зьнятыя.

«Вядома, нельга абагульняць: ёсьць розныя людзі, здараюцца розныя сытуацыі. Але як чалавек, які жыве ў Польшчы 8 гадоў, назіраю тэндэнцыю да росту падобных настрояў. Тычыцца гэта перадусім людзей малаадукаваных. Як у сувязі з гэтым выказаўся пан Конрад, проста былі зьнятыя пэўныя табу ў грамадзтве. Раней шавінізм нават калі і прысутнічаў, ён быў прыхаваны, не падкрэсьліваўся. Цяпер жа праз новыя эліты, якія прыйшлі да ўлады, абмежаваньні зьнятыя. Празь дзяржаўную публічную тэлевізію кажуць пра пагрозы, якія зыходзяць ад мігрантаў, круцяць кадры «хаосу» з Вугоршчыны, Сэрбіі і г.д. Проста палохаюць небясьпекай «нашэсьця».

З адкрыцьцём межаў для грамадзянаў Украіны іх колькасьць пачала расьці ледзь не ў геамэтрычнай прагрэсіі. Як кажа Даніла, сёньня ў Польшчы гэта шмат каго сур’ёзна напружвае:

«Калі казаць пра мігрантаў з нашых абшараў, з найбольшымі праблемамі сутыкаюцца ўкраінцы. У польскім грамадзтве існуюць варожыя настроі ў сувязі зь гістарычнымі падзеямі, няпростым векавым суіснаваньнем і г.д. І калі ў апошні час зьявілася шмат працоўных мігрантаў, тыя людзі, пра якіх я ўжо казаў (зь ня вельмі высокім узроўнем адукацыі), лічаць, што госьці замахваюцца на іхны дабрабыт. Гэта танная сіла, яны дэмпінгуюць, выціскаюць мясцовых».

Публічная дэманстрацыя стаўленьня да іншаземцаў
Публічная дэманстрацыя стаўленьня да іншаземцаў

Пры гэтым адкрытай варожасьці ў дачыненьні беларусаў няма — паводле суразмоўцы, яны калі і трапляюць пад раздачу, то, хутчэй, «прычэпам»:

«Беларусы трапляюць пад гарачую руку ў асноўным за кампанію. Хоць, як у нашым выпадку, бываюць і выключэньні. Магу падзяліцца, з чым сам сутыкаўся. Скажам, калі чуюць усходні акцэнт, першае пытаньне — адкуль пан? Прычым запытаць можа хто заўгодна — ад прадаўца ў краме да таксіста. Найперш цікавіць, ці не з Украіны або з Расеі? А калі дазнаюцца, што зь Беларусі, пачынаюць думаць: што ж можна прад’явіць беларусу? І асабліва няма таго, да чаго можна прычапіцца».

Узровень непрыняцьця іншаземцаў прапарцыянальны адукаванасьці

Днямі беларусы зноў трапілі ў непрыемную гісторыю. Праяваў гвалту гэтым разам не было, але маладой беларусцы Кацярыне давялося выслухаць шмат непрыемнага ад супрацоўніка крамы сеткі ŻABKA. Гандляру не спадабаўся акцэнт дзяўчыны, ён з пагардай ідэнтыфікаваў, што яна ўкраінка. А калі тая сказала, што зь Беларусі, абурыўся: што яна забылася ў Польшчы? Пасьля гэтага дэманстратыўна адмовіўся дапамагчы з папаўненьнем тэлефоннага рахунку.

«Як я казаў, растуць агульныя антымігранцкія настроі, — працягвае Даніла. — І калі раней было важна, адкуль ты, то цяпер адчуваецца пэўная падазронасьць, недавер да ўсіх мігрантаў — ня важна, беларус ты, украінец ці сірыец. Хоць і не абагульняю. Польскае грамадзтва сёньня моцна падзеленае. Калі кансэрватыўная частка нацыяналістычная, непрымірымая, то лібэралы нічога супраць мігрантаў ня маюць. У тых камэнтарах, якія атрымлівала пасьля сваёй гісторыі Кацярыны, шмат палякаў яе падтрымалі, выбачаліся за свайго суайчыньніка. На шчасьце, тыя людзі, зь якімі я кантактую, ня маюць антымігранцкіх настрояў. Гэта адукаваныя, тактоўныя палякі, добра разумеюць, што адбываецца ў Беларусі».

Даніла Барысевіч — выпускнік Інстытуту палітычных навук Варшаўскага ўнівэрсытэту. Займаецца працай у сацыяльных сетках, адміністратар шэрагу суполак, у прыватнасьці «Рэвалюцыя ў сацыяльных сетках». Ягоныя сябры, якія спрабуюць дабіцца справядлівасьці за інцыдэнт у клюбе «Макулятура», таксама выпускнікі польскіх ВНУ.

Натальля Лантух абараніла дыплёмную працу ў вышэйшай установе «Галоўная гандлёвая школа». У Варшаве вучыцца і жыве апошнія 7 гадоў.

Антон Пракацень
Антон Пракацень

Антон Пракацень скончыў калегіюм «Цывітас» па кірунку «сацыялёгія, маркетынг і новыя мэдыя». Усяго пражыў у Польшчы больш за 10 гадоў.

На перакананьне Данілы Барысевіча, аднавіць справядлівасьць — справа гонару. Ён разьлічвае, што працэс стане добрым прэцэдэнтам для ўсіх, хто бачыць сьвет толькі ў чорна-белых фарбах:

«Справа ў тым, што арганізатар канцэрту на Дзень Волі — дарэчы, я ў гэтым таксама актыўна дапамагаў — быў нашым сябрам і стала супрацоўнічаў з клюбам. Пасьля інцыдэнту папрасіў, каб гісторыя асабліва не разгалошвалася. Тым больш мэнэджэр ад імя адміністрацыі паабяцаў, што кампэнсуе ўсе нашы выдаткі ў сувязі з мэдэкспэртызай, лячэньнем. Мы паверылі, а ў выніку, як у такіх выпадках кажуць, нас проста „кінулі“. Прынамсі так гэта выглядала».

Пацярпелы беларус не прагназуе, як хутка можа пачацца працэс па факце "парушэньня грамадзкага парадку" грамадзянамі Беларусі ў клюбе «Макулятура». У выніку рэформы юрыдычнай галіны значна скарацілася колькасьць судзьдзяў, а дэпартамэнты, якія займаліся крымінальнымі і адміністрацыйнымі справамі, аб’ядналі. Адзінае, на што ён спадзяецца, дык гэта на аб'ектыўнасьць польскай Фэміды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG