Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэформы ў адукацыі павінны ўзмацняць нацыянальную сьвядомасьць» — Маладыя хрысьціянскія дэмакраты


Маладыя хрысьціянскія дэмакраты выступілі з заявай, у якой запатрабавалі правесьці рэформы беларускай адукацыйнай сыстэмы, якія б спрыялі ўзмацненьню нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў.

«Сёньня сьвет адзначае Дзень ведаў. Сотні тысяч маленькіх і маладых беларусаў зноў селі за парты ў школах, каледжах і інстытутах. Але якія веды яны атрымаюць? На фоне апошніх заяваў кіраўніцтва краіны робіцца жахліва за тых, хто ў Беларусі сутыкаецца з сыстэмай адукацыі.
Горш за ўсё сёньня школьнікам. Бязглуздыя пляны, тэндэнцыя да спрашчэньня праграмаў і арыентацыя на працоўныя спэцыяльнасьці. У ХХІ стагодзьдзі ў краіне, дзе ёсьць патрэба ў інфармацыйных тэхналёгіях і спэцыялістах, школьнікаў арыентуюць на збанкрутаваныя заводы-гіганты. Напэўна, дзяржаве больш патрэбны бяздумны электарат, а не разьвіцьцё краіны», — гаворыцца ў заяве.

На перакананьне Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў, сыстэму школьнай адукацыі трэба цалкам рэфармаваць, пазбаўляцца ад савецкіх перажыткаў, якія кіраўніцтва краіны лічыць «лепшым з таго, што было».

Асаблівую ўвагу трэба аддаць беларускамоўнай адукацыі — каб у кожным горадзе была прынамсі адна беларуская школа. «Тое, што цяпер адбываецца ў галіне беларускамоўнай адукацыі, можа прывесьці да моўнай трагедыі і гібелі нацыі», — лічаць аўтары заявы.

«Стан вышэйшай адукацыі крытычны. Хоць Беларусь і далучылася да Балёнскага працэсу і нават дзейнічала „дарожная карта“, гэта не ўратавала сыстэму вышэйшай адукацыі ад застою і дэградацыі. Дзе сёньня выбарнасьць рэктараў? Дзе студэнцкае самакіраваньне? Мы патрабуем, каб улады зьдзейсьнілі абяцанае і выканалі ўмовы далучэньня да Балёнскага працэсу.

Апроч таго, неабходна стварыць Нацыянальны ўнівэрсытэт, які б рыхтаваў беларускамоўныя інтэлектуальныя кадры. Беларуская сыстэма адукацыі патрабуе рэформаў. Не пустых словаў і імітацыі ад закаранелага камуніста на міністэрскай пасадзе, а сапраўдных пераменаў. Бо за адукацыяй — будучыня беларускай нацыі!», — падсумоўваюць Маладыя хрысьціянскія дэмакраты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG