У дні памяці ахвяраў масавага камуністычнага тэрору ўспомнім і беларускіх мовазнаўцаў.
У 1926 годзе адбылася найважнейшая для беларускае мовы ў міжванную пару (а можа і ўва ўсім ХХ стагодзьдзі) публічная падзея. У Менску з 14 па 21 лістапада 1926 г. прайшла Акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі.
Інстытут беларускае культуры (зь якога фармальна выводзіцца Акадэмія навук) сабраў найлепшых беларускіх навукоўцаў па абодва бакі мяжы, якая дзяліла наш народ, а таксама з замежжа. Адкрытая вострая дыскусія, рашэньні, інстытуцыянальныя пастановы Канфэрэнцыі надалі магутны імпульс разьвіцьцю і кадыфікацыі беларускае літаратурнае мовы на аснове пераемнасьці з традыцыяй Тарашкевіча. У многіх не засталося сумневу ў тым, што нават пад бальшавіцкай уладай беларускай мове наканаваная выдатная будучыня. Некаторыя навукоўцы на хвалі спадзеваў пераехалі ў БССР.
Чаму ж той імпульс згас?
Гісторык мовазнаўства тае эпохі Сяргей Запрудзкі піша:
…Звальненьні з пасад, траўля і пазбаўленьне працы яшчэ не былі для беларускіх мовазнаўцаў на пераломе 1920–1930-х гг. самымі неспрыяльнымі выклікамі. У 1930 г. адбыўся сапраўдны крах беларускай лінгвістыкі.
І пералічвае толькі знакавыя імёны лінгвістаў, лексыкографаў, арыштаваных толькі ў 1930-м: Янка Бялькевіч, Уладзіслаў Чаржынскі, Мікола Касьпяровіч, Максім Гарэцкі, Міхайла Грамыка, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Пятро Бузук…
З пачатку 1930-х Акадэмічная канфэрэнцыя называлася ўжо не інакш, як
...адкрытай дэманстрацыяй нацыянал-дэмакратычных контррэвалюцыйных сіл — як тых, што знаходзіліся ў БССР, так і тых, якія ў тыя часы былі па-за межамі Савецкай Беларусі і прыехалі на канфэрэнцыю з эміграцыі — Ластоўскі, Езавітаў, Жылка, Галавінскі і іншыя.
(„«Навука» на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі“. — Т. 1, ч. 2. — Менск, 1931).
Каб зусім наглядна паказаць, куды падзеўся імпульс Канфэрэнцыі, прасочым далейшыя лёсы чальцоў яе прэзыдыюму (іхныя пасады названыя на момант падзеі).
|
Усевалад Ігнатоўскі Прафэсар, старшыня Інстытуту беларускае культуры. (Пазьней прэзыдэнт БАН, дырэктар Інстытуту гісторыі.) |
26.12.1930 зьняты з пасады. Допыты ў ГПУ. 4.2.1931 знойдзены застрэленым у сваім доме. У 1937 НКВД расстраляў абодвух сыноў Ігнатоўскага Юр’я і Валянціна, у 1938 кінутая ў лягер жонка Марыя. |
|
Аркадзь Смоліч Намесьнік старшыні Інстытуту беларускае культуры. |
26.06.1930 арыштаваны. 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Пермскую, потым у Цюменскую вобл. 17.06.1937 арыштаваны. Асуджаны „тройкай“ НКВД на сьмерць, 17.6.1938 расстраляны. |
|
Аляксандар Цьвікевіч Навуковы сакратар Інстытуту беларускае культуры. |
14.7.1930 арыштаваны. 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Перм. У 1935 ссылку падоўжылі на 2 гады. Арыштаваны у Сарапуле (Удмуртыя). 30.12.1937 расстраляны ў Менску. |
|
Сьцяпан Некрашэвіч Старшыня Аддзелу мовы і літаратуры Інстытуту беларускае культуры. (Пазьней віцэ-прэзыдэнт БАН, дырэктар Інстытуту мовазнаўства. Лексыкограф, гісторык мовы.) |
21.07.1930 арыштаваны. 10.4.1931 пастановай ОГПУ сасланы ў Сарапул (Удмуртыя) спачатку на 5, потым яшчэ на 2 гады. У лістападзе 1937 арыштаваны, 19.12.1937 ва- еннай калегіяй Вярхоўнага суду БССР засуджаны на сьмерць, 20.12.1937 расстраляны ў Менску. |
|
Язэп Лёсік Правадзейны член аддзелу мовы і літаратуры Інстытуту беларускае культуры. |
У ліпені 1930 арыштаваны. Пастановай ОГПУ ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Саратаўскую вобласьць. У чэрвені 1938 арыштаваны, 31.3.1940 асобай нарадай НКВД засуджаны на 5 гадоў канцлягеру, 1.4.1940 памёр у турме (паводле афіцыйнай вэрсіі). |
|
Антон Бáліцкі Народны камісар асьветы, старшыня сэкцыі беларускае мовы і літаратуры Інстытуту беларускае культуры. |
3.9.1930 арыштаваны. Пастановай калегіі ОГПУ ад 18.3.1931 атрымаў 10 гадоў канцлягеру. 30.10.1937 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду БССР засуджаны на сьмерць, 31.10.1937 расстраляны ў Менску. |
Усе шэсьць чалавек, што надавалі Канфэрэнцыі дзяржаўны й акадэмічны статус, загінулі: чацьвёра расстраляныя, адзін знойдзены застрэленым, адзін „памёр у турме“.
У Канфэрэнцыі з правам вырашальнага голасу ўдзельнічалі 69 чалавек, было і шмат гасьцей. У камісію па рэформе правапісу, адну з профільных для Канфэрэнцыі, запісаліся 30 чалавек: як акадэмічныя навукоўцы, так і практыкі — мэтадысты, пэдагогі, рэдактары, выдаўцы, кампэтэнтныя ў правапісных праблемах. Тут не гаворым пра чальцоў камісіі Макса Фасмэра, Паўла Растаргуева, Канстанціна Німчынава і Аляксандра Сержпутоўскага, якія прыехалі з-за мяжы БССР і пасьля Канфэрэнцыі працягвалі працаваць за мяжой. Вось лёсы беларускіх удзельнікаў уласна правапіснага форуму.
- Алесь Акулік, дырэктар Аршанскага пэдагагічнага тэхнікуму
26.12.1933 „тройка“ ГПУ ў справе „Беларускага нацыянальнага цэнтру“ засудзіла А. Акуліка на лягернае зьняволеньне. Далейшы лёс невядомы.
- Анатоль Багдановіч, дацэнт Беларускага ўнівэрсытэту, сакратар Правапіснай камісіі Інстытуту беларускае культуры
Брат рэпрэсаванага Генадзя Багдановіча. У 1930 звольнены з працы ва ўнівэрсытэце. Пад пагрозай арышту ў 1934 пакідае Беларусь. Памёр у Херсоне 2.8.1969.
- Генадзь Багдановіч, дацэнт Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту
15.7.1930 арыштаваны ГПУ. Калегія ОГПУ 10.4.1931 засудзіла да 5 гадоў ссылкі ў Кіраўскай вобл. 25.7.1937 арыштаваны, 15.1.1938 загінуў у зьняволеньні. Абставіны сьмерці невядомыя.
- Мікола Байкоў, навуковы сакратар Слоўнікавай камісіі Інстытуту беларускай культуры
19.7.1930 арыштаваны ГПУ, вызвалены 2.9.1930, на акадэмічную працу вярнуцца не дазволілі. Падчас вайны знаходзіўся ў Менску. Паводле некаторых зьвестак, арыштаваны савецкай вайсковай контравыведкай „Смерш“ у Бэрліне. Магчыма, адзін з апошніх філёлягаў, зьнішчаных у „амэрыканцы“ — менскай турме НКВД — пасьля 1946.
- Пятро Бузук, прафэсар Беларускага ўнівэрсытэту, загадчык Дыялекталягічнай камісіі Інстытуту беларускае культуры
6.8.1930 арыштаваны ГПУ, выпушчаны, захварэў на псыханэўрастэнічны разлад. 9.2.1934 зноў арыштаваны. 3.4.1934 засуджаны „тройкай“ НКВД на 3 гады ў ссылкі ў Волагду. Арыштаваны 15.7.1937. НКВД засудзіў яго на сьмерць, 7.12.1938 расстраляны ў Волагдзе.
- Янка Бялькевіч, дырэктар Амсьціслаўскага пэдагагічнага тэхнікуму, лексыкограф. Пазьней навуковы супрацоўнік Інстытуту беларускае культуры, Інстытуту мовазнаўства БАН.
17.2.1930 арыштаваны ГПУ. Паводле пастановы калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Яшкар-Алу, працаваў на лесапавале. 18.10.1960 памёр на Данбасе, так і не атрымаўшы дазволу вярнуцца. Рэабілітаваны за месяц да сьмерці.
- Язэп Воўк-Левановіч, дацэнт катэдры гісторыі беларускае мовы БДУ
У верасьні 1930 вымушаны зьехаць у Саратаў, дзе 17.09.1937 арыштаваны. Зьняволены ў канцлягеры на Поўначы, 19.08.1943 памёр у ГУЛАГу.
- Васіль Гарбацэвіч, настаўнік Магілёўскага пэдагагічнага тэхнікуму. Пісьменьнік
У 1933-1957 настаўнічаў у Дукоры (зь перапынкам у вайну), памёр у 1985.
- Стэфан Гэльтман, рэктар Беларускага камуністычнага ўнівэрсытэту, рэдактар, гісторык, выдавец.
Арыштаваны ў Маскве ў ноч на 5.4.1937. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 20.9.1937 засуджаны на расстрэл.
- Кастусь Езавітаў, рэдактар газэты „Голас Беларуса“, старшыня Беларускага навуковага таварыства ў Латвіі
Жыў у Латвіі. 26.4.1945 арыштаваны савецкай вайсковай контравыведкай „Смерш“. 23.5.1946 памёр у турэмным шпіталі ў Менску.
Быў арыштаваны за беларускую дзейнасьць рознымі ўладамі 5 разоў.
- Тодар (Хведар) Імшэньнік, дырэктар Рагачэўскага пэдагагічнага тэхнікуму
15.7.1930 арыштаваны, 10.4.1931 пастановай калегіі ОГПУ сасланы на 5 гадоў ва Ўфу. Далейшы лёс невядомы.
- Якуб Колас, Народны паэт Беларусі
У 1925 ГПУ ўчыніла яму ператрус, а потым і допыт. У 1930-я абвінавачаны ў „нацыянал-дэмакратызьме“. Сваякі рэпрэсаваныя. У 1937 ізноў допыты, 6.2.1938 ператрус. У апошні момант было вырашана не арыштоўваць Коласа.
- Янка Купала, Народны паэт Беларусі
Пасьля хатняга арышту і канфіскацыі рукапісаў у 1921 нападкі зноў пачаліся ў 1930. Маці і сястру „раскулачылі“ і прызначылі ім высылку. Пасьля допытаў ГПУ Купала 27.11.1930 зрабіў няўдалую спробу самагубства. 28.06.1942 загінуў у нявысьветленых акалічнасьцях у Маскве.
- Вацлаў Ластоўскі, рэдактар часопісу „Крывіч“ (Коўна). З 1927 у БССР, у БАН.
20.11.1929 звольнены з пасады неадменнага сакратара Інстытуту беларускае культуры, 21.07.1930 арыштаваны ГПУ, 06.12.1930 пазбаўлены званьня акадэміка. Пастановай ОГПУ СССР 10.04.1931 сасланы на 5 гадоў у Саратаў. 20.08.1937 арыштаваны, Вярхоўным судом СССР засуджаны на сьмерць, 23.1.1938 расстраляны ў Саратаве.
- Антон Лёсік, настаўнік Менскага пэдагагічнага тэхнікуму, мовазнаўца, мэтадыст
Брат рэпрэсаванага Язэпа Лёсіка. У 1933 звольнены з тэхнiкуму з забаронай выкладаць. У 1940-я гг. яго абвясьцілі „ворагам савецкай улады“. Пасьля вайны жыў пад наглядам НКВД. Памёр у Мікалаеўшчыне 31 сакавiка 1950 г.
- Язэп Лёсік, правадзейны член Інстытуту беларускае культуры (аддзел мовы і літаратуры)
У ліпені 1930 арыштаваны. Пастановай ОГПУ ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Саратаўскую вобласьць. У чэрвені 1938 арыштаваны, 31.3.1940 асобай нарадай НКВД засуджаны на 5 гадоў канцлягеру, 1.4.1940 памёр у турме (паводле афіцыйнай вэрсіі).
Быў арыштаваны за беларускую дзейнасьць рознымі ўладамі 5 разоў.
- Янка (Іван) Лобач, настаўнік Барысаўскага пэдагагічнага тэхнікуму
Раней быў эсэрам-максымалістам. У 1934 г. яго імя было ў выдадзеным у Маскве даведніку пра палітычных катаржанаў царскага часу. Звычайна бальшавікі не даравалі такім людзям. Далейшы лёс уведаць пакуль не ўдалося.
- Васіль Мачульскі, сакратар літаратурнай камісіі Інстытуту беларускае культуры
21.02.1933 звольнены з Інстытуту літаратуры і мастацтва БАН як „клясава-варожы элемэнт“. У 1934 зьехаў у Маскву, там выкладаў у ВНУ, памёр у 1973.
- Сяргей Мялешка, настаўнік Полацкага пэдагагічнага тэхнікуму
Арыштаваны ГПУ ў 1930. Пастановай калегіі ОГПУ ад 10.4.1931 сасланы ў Астрахань. Арыштаваны 17.7.1938. „Тройкай“ НКВД 5.10.1938 засуджаны на расстрэл.
- Сьцяпан Некрашэвіч, старшыня аддзелу мовы і літаратуры Інстытуту беларускай культуры. Пазьней акадэмік, віцэ-прэзыдэнт БелАН, дырэктар Інстытуту мовазнаўства, лексыкограф, гісторык мовы
21.07.1930 арыштаваны. 10.4.1931 пастановай ОГПУ сасланы ў Сарапул (Удмуртыя) спачатку на 5, потым яшчэ на 2 гады. У лістападзе 1937 арыштаваны, 19.12.1937 ва- еннай калегіяй Вярхоўнага суду БССР засуджаны на сьмерць, 20.12.1937 расстраляны ў Менску.
- Зьміцер Сабалеўскі, настаўнік Чырвонабярэскага агратэхнікуму
Раней быў сябрам Беларускага абласнога камітэту ў Петраградзе, удзельнік Усерасейскай дэмакратычнай нарады і Ўсебеларускага зьезду 1917. Звычайна бальшавікі не даравалі такім людзям. Далейшы лёс уведаць пакуль не ўдалося.
- Янка (Іван) Самковіч, настаўнік Менскага рабфаку, мэтадыст, аўтар школьных падручнікаў
У 1930 сасланы, яго кнігі забароненыя. 13.07.1938 памёр у турэмным шпіталі ў Кражы Самарскай вобласьці.
- Ісак Сербаў, навуковы супрацоўнік Інстытуту беларускай культуры, загадчык катэдры этнаграфіі БДУ
Памёр у Тамбове 21.01.1943.
- Язэп Троська, рэдактар часопісу „Асьвета“
18.7.1930 арыштаваны, 10.4.1931 засуджаны калегіяй ОГПУ да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Этапаваны ў Валагодзкую вобл. Далейшы лёс невядомы.
- Уладзіслаў Чаржынскі, дацэнт Беларускага камуністычнага ўнівэрсытэту. Супрацоўнік часопісу „Полымя“, працаваў у Інстытуце беларускае культуры і БАН
28.6.1930 арыштаваны, 10.4.1931 засуджаны калегіяй ОГПУ СССР, на 5 гадоў сасланы ў Казань, дзе пасьля застаўся. Памёр у 1974.
- Браніслаў Эпімах-Шыпіла, правадзейны член Інстытуту беларускае культуры, пазьней старшыня камісіі ІБК па складаньні слоўніка жывой беларускай мовы. Мова- і літаратуразнаўца, выдавец
Найстарэйшы арыштаваны ГПУ беларускі літаратар: 18.07.1930 яму быў 71 год. Пасьля зьняволеньня да 12.09.1930 і ператрусаў вымушаны пакінуць Беларусь. Памёр 06.06.1934 у Ленінградзе.
* * *
З 26 чалавек арыштаваныя 18. Зь іх расстраляныя ці даведзеныя да сьмерці 15. Зьехалі на чужыну або засталіся там пасьля зьняволеньня 6, бяз арышту дажылі ў Беларусі да сьмерці трое, невядомы лёс дваіх.
Падобныя лічбы можна падаць і наконт сяброў кожнае іншае камісіі Акадэмічнае канфэрэнцыі, і наконт удзельнікаў Канфэрэнцыі ў цэлым, і наконт супрацоўнікаў пазьнейшага Інстытуту мовазнаўства БАН. І ўспомніць сьмерць Браніслава Тарашкевіча ад рук НКВДыстаў 29 лістапада 1938 году.
Кажуць, што цяперашні стан нашае мовы наагул, яе афіцыйныя правапіс, граматыка й слоўнікавы склад у прыватнасьці — вынік нейкіх аб’ектыўных працэсаў. Вышэйпададзеная статыстыка ілюструе тыя аб’ектыўныя працэсы.
* * *
Беларускія мовазнаўцы крывёю заслужылі права на памятны крыж у Курапатах. А ў кожным акадэмічным інстытуце, ува ўнівэрсытэтах маюць быць мэмарыяльныя знакі з імёнамі зьнішчаных савецкім рэжымам вучоных. Людзей ня вернем. Але прынамсі іхныя думкі, ідэі, спадзевы не павінны прапасьці.
Літаратура
Працы Акадэмічнае Конфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (14-21 лістапада 1926 г.) / пад рэд. С. Некрашэвіча і Ў. Ігнатоўскага; Інстытут Беларускае Культуры, Аддзел мовы і літаратуры. — У Менску, 1927.
Станкевіч, Станіслаў. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. (Рэпрынт з тэксту 1962 г.) — Мн.: Навука і тэхніка, 1994.
Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Міхневіча. — Мн.: БелЭН, 1994.
Германовіч, Іван. Беларускія мовазнаўцы: у 2-х т. — Мн.: БДУ, 2006—2008.
Запрудскі, Сяргей. Беларускае мовазнаўства і развіццё беларускай літаратурнай мовы: 1920–1930-я гады. — Мн.: БДУ, 2013.
Маракоў, Леанід. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794–1991. Энцыклапедычны даведнік: у 3-х т. — Т. 1, 2. — Мн., 2003. — Т. 3. Кн. 1. — Мн., 2004. — Т. 3. Кн. 2. — Мн., 2005.
P. S. Буду ўдзячны, калі нехта мае і паведаміць зьвесткі пра згаданых тут людзей, чый лёс мне не ўдалося на гэты момант высьветліць.