Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паэзія ўлагоджвае пасажыраў». Рэпартаж з «паэтычнага» аўтобуса ў Гомелі


Паэтычны аўтобус на праспэкце Перамогі
Паэтычны аўтобус на праспэкце Перамогі

«Паэтычны аўтобус» пачаў курсіраваць у Гомелі 20 жніўня. З нагоды Дня пісьменства яго аздобілі партрэтамі паэтаў, а падчас паездкі гучаць іхнія творы.

Маршрут № 20 праходзіць праз увесь Гомель: каля гадзіны ў дарозе, два дзясяткі кілямэтраў у адзін бок.

Звонку на аўтобусе партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа, згадкі пра Дзень беларускага пісьменства, які сёлета праводзіцца ў Рагачове. Усярэдзіне — інфармацыя пра творцаў: Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Уладзімера Караткевіча, Ніла Гілевіча, Максіма Танка, Анатоля Грачанікава.

З дынамікаў гучыць: «Паважаныя пасажыры! Прапануем вашай увазе сумесны праект адкрытага акцыянэрнага таварыства „Гомельаблаўтатранс“ і Гомельскай абласной унівэрсальнай бібліятэкі — „Паэтычны аўтобус“.

Янка Сіпакоў:

Варта ў крылы паверыць свае,
Трэба ў крылы свае паверыць,
А нам сьмеласьці ўсё нестае,
Каб свой край на свой лёт перамераць».

Малады чалавек гадоў трыццаці пяці падымае галаву, прыслухоўваецца:

«Малайцы! Файна прыдумалі. А то ўжо слова роднага не пачуеш».

Кандуктарка «паэтычнага аўтобусу» Людміла Салохіна, кажа, што беларуская паэзія «ўлагоджвае людзей»:

Кандуктарка Людміла Салохіна
Кандуктарка Людміла Салохіна

«Бывае, багата народу едзе. Мне ж трэба праціснуцца, абілеціць усіх. Сталі вершы чытаць — дык менш бурклівых трапляецца».

Кіроўца Аляксандар Скопічаў
Кіроўца Аляксандар Скопічаў

І кандуктарка Людміла, і кіроўца Аляксандар Скопічаў ня чулі, каб нехта адмоўна выказваўся пра іхні «паэтычны аўтобус», хоць іншай гучнай рэклямай пасажыры бываюць незадаволеныя.

Ініцыятыва папулярызаваць беларускую паэзію праз гарадзкі транспарт паступіла ад намесьніка дырэктара «Гомельаблаўтатранса» Алега Цылькі.

«Задума добрая, і мы, вядома, пагадзіліся, — кажа дырэктарка абласной бібліятэкі Марына Рафеева. — Тым больш, што сёлета й Дзень беларускага пісьменства праводзіцца на гомельскай зямлі. Будзем глядзець, магчыма, пашырым наш экспэрымэнт».

Тыя, хто падбіраў і агучваў беларускія вершы
Тыя, хто падбіраў і агучваў беларускія вершы

Падборам вершаў займаліся бібліятэкары Юры Рачынскі і Мікалай Скінціян, а таксама інжынэр-праграміст бібліятэкі Зоя Куліш. Яны ж і запісалі вершы ў студыі абласнога радыё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG